Восемдзесят шосты. Красавiк...
Светлай памяці маіх вясковых суседзяў
Восемдзесят шосты. Красавік.
Я тады вучыўся ў інстытуце.
Сорак год прайшло, а ён не знік –
Успамін аб жудаснай мінуце:
Выбух у Чарнобылі... І дождж,
Цёплы дождж, што пляскаў па асфальце.
Ён шчымеў, нібыта ў сэрцы нож:
Дзе там маё Будзішча на карце?
Мама бульбу сеяла адна.
Пад каня. Свісціха памагала.
Не відаць Чарнобыля з акна.
Ды і што яна пра тое знала?
Чыстым аказалася сяло.
Дый куды было перасяляцца?
Пылам ад Чарнобыля мяло,
І спяшаўся кожны адсявацца...
Сорак год прайшло, а ён не знік –
Успамін аб жудаснай нагодзе:
Восемдзесят шосты. Красавік.
Мама бульбу сее ў агародзе...
26. 04. 2026 г.
Свидетельство о публикации №126042602981