Грэх сумеснага палення

ГРЭХ
СУМЕСНАГА ПАЛЕННЯ
леанід ПРАНЧАК

Балада пра каханне

1.

Я не палю даўно, але з табой
Зрэдчас мы cмокчам люлькі на тэрасе,
Каб прыгадаць загубленыя ў часе
Былыя дні з адвечнаю журбой.

Нібыта шлейф магічны, белы дым,
Віецца прад акном, нібы фіранка.
І асалоды прывіднай падманка
Пяршыць у горле кашлем гарлавым.

Я адкурыў сваё і страціў смак
Цыгараў, папяросаў і табакі.
Гарэлы водар мне цяпер – ніякі,
Але з табой усё ў мяне не так.

Калі зліюцца нашыя дымы
Пад столлю незавершанага дома,
Жвавею я і ўміг праходзіць стома
І наплываюць думкі, хто ёсць мы.

Чуллівым стаў, раней такім не быў.
Цяпер так відавочна гэта стала.
Гаркавы дым, магічнасць рытуала.
Паліць з табой – таемны наратыў.

2.

Зноў з непрывычкі кашляю.
– Ага! –
Смяешся ты з мяне, нібы з няўмекі.
І жмурыш, як калісьці, хітра зрэнкі,
А там дажджом разлітая туга.

Адводжу ўбок я свой пагляд няўзнак,
Вось–вось пажар пяройдзе на самога.
Трымценне сэрца, зыбкая трывога.
– Халера! Ну, і моцны твой табак.

Хоць душыць дым, але за разам раз
Зацягваюся ім, як згаладалы.
Дасюль я абыякавы і вялы,
Цяпер такі, як некалі, якраз:

Пачаць гаворку хочацца ізноў.
Губляюся і чуюся студэнтам,
Бо выказаць з нахлынуўшым імпэтам
Свае пачуцці мне бракуе слоў.

Каб не парушыць сэрца цішыню,
Тваю прыхільнасць – лёсу падарунак.
Бо ты сама – адзіны паратунак
Майму амаль пагасламу агню.

3.

– З цябе курэц, ну, так сабе, слабы.
Не адчуваеш музыкі палення.
Няма ў табе даўнейшага натхнення.
Дыміш няўцямна, каб дыміць абы.

Паціху заціхае ноч і сад.
Мы выбіваем люлькі аб далоні.
Ад дыму пабялелі нашы скроні,
Але ў вачах ледзь бачны зоркапад.

Твайго ныцця разгаданы сакрэт,
Так цвеліш ты мяне і папракаеш.
Я ж ведаю, што ты мяне кахаеш.
І крытыка твая, як камплімент.

– Так, профі – ты. Не ганарыся тым.
Магла б паберагчы сваё здароўе.
– Магла б, але куды важней сумоўе,
Якое мне даруе гэты дым.

Твой голас не звініць, бо пагрубеў,
Але набыў даверлівасць і шчырасць.
Мне ў ім трымціць нязвыклая шчымлівасць
І чуецца ранейшы смех і спеў.

4.

Шкада, што толькі ноч яднае нас,
Былой любові зніклыя мярэжы.
Хачу, але баюся рушыць межы,
Якія ўсталяваў няўмольны час.

– Што ж, падымілі, мне дамоў пара. –
Знікае недамоўленасць гаркотай,
Нявыказанай словамі пяшчотай
Гняце, нібыта на плячах гара.

Нясці яе мне.
Сцішана крахтаць,
Бо зразумела, што такая доля.
Дрыготкай марай цепліцца спатоля
Цябе здалёк употайкі кахаць.

Як ты кахаеш, тоячы свой жар.
Аддана і бязвольна, беспрычынна.
Я ведаю, на свеце ёсць жанчына,
Якую не даверыць мне Ўладар.

Здаволю смутак цёплынёй размоў,
Калі бялёсы вечар росы сцеле.
Да ламаты ў неўтаймаваным целе
Руйнуе сэрца ўзбуджаная кроў.

...Я не палю даўно, але з табой
Зрэдчас мы палім згорбленыя люлькі,
Каб не завялі ў сэрцы незабудкі
Духмяным дымам любасці былой.

02.08.2023
11.07.2025


Рецензии
Так романтично про курение, кажется, никто не писал. Безусловное принятие текста. Леонид Иванович, разрешите поинтересоваться: шлеф/шлейф, именно в белорусском языке возможны оба варианта? В более ранних Ваших стихах заметила, Интернет не помог. Думала, знаю белорусский язык - читая Ваши стихи, поняла обратное.

Евгения Левенко   11.04.2026 09:54     Заявить о нарушении
Дзякую Вам. Правільна шлейф. У мяне апіска і я зараз яе выпраўлю. Выбачайце, калі ласка. Але мушу заўважыць, што я напісаў верш не пра курэнне, а пра каханне.

Леонид Пранчак   11.04.2026 16:41   Заявить о нарушении
Конечно же, трудно не понять о чём стихи, я просто попыталась быть краткой, но меня оправдывает всё-таки название стихотворения - никуда не денешься, курение действующее лицо, с которым столько связано у лирического героя. Спасибо за ответ!

Евгения Левенко   11.04.2026 18:36   Заявить о нарушении