Бляск ад зорачак...

Бляск ад зорачак халодны
Аксаміт начны прабіў.
Вые дзесьці воўк галодны,
Добра чуцен пераліў.

Хмаркай месячык закрыты,
Быў прыгожы, залаты…
Пабялелы двор, карыта,
Нібы ў малаке кусты.

Наваколле залівае
Зіхатлівы зорак бляск.
Пад святлом двор ажывае,
Добра чую гучны ляск.

Дзесьці мабыць аканіца
Моцна ляскае, гучыць.
Нібы друзлая стальніца
Калі соваеш – рыпіць.

Бляск ад зорачак агністы
Мрока асвятліў смугу.
Зоркі ў небе, як маністы,
Разагналі сон-тугу.


Рецензии