Гарачая гарбата
леанід ПРАНЧАК
П’ём гарачую гарбату
З мёдам майскім упрыкуску.
І мяне бабуля вучыць
Гаварыць па-беларуску.
Васількі ў світальным жыце.
Вербы ніцыя над Сожам.
У бары цяністым Свіцязь.
Па-над Нёманам Каложа...
Цік-так, цік-так, ходзікі!
Мне чатыры годзікі.
Чуб ільняны светла-русы.
Тата з мамай – Беларусы.
Я, дзяўчынка беларуска,
З васільковымі вачыма.
Хоць малая,
Але знаю:
Беларусь – мая Радзіма.
За бабуляй паўтараю.
Што ні слова –
Быццам песня:
Старадаўні Навагрудак,
Налібокі і Палессе.
Словы родныя люблю я.
Вершаў ведаю багата.
Гукі мовы беларускай
Пахнуць верасам і мятай.
Цік-так, цік-так, ходзікі!
Мне чатыры годзікі.
Чуб ільняны светла-русы.
Тата з мамай – Беларусы.
Я – дзяўчынка беларуска
З васільковымі вачыма.
Хоць малая,
Але знаю:
Беларусь – мая Радзіма.
1989
П’ЁМ ГАРАЧУЮ ГАРБАТУ –
дэбют беларускай АІ-спявачкі Алёны ВАЛОШКА.
Разам з Алёнай мы распачалі новы праект ПЕСНІ НАШАГА ДЗЯЦІНСТВА паводле песень на вершы леаніда ПРАНЧАКА.
Сутнасць праекта ў тым, што песні для дзяцей спяваюць АІ-выканаўцы, а ў будучым дарослыя рэальныя артысты.
Гэта такое сваеасаблівае вяртанне цётак і дзядзькаў у сваё дзяцінства, якое яны прыгадваюць са шчымлівай настальгіяй і замілаваннем.
Само імя Алёна Валошка і адпаведны праект я ўпершыню прыдумаў у 2005 годзе для адной таленавітай спявачкі, якая запісала некалькі маіх трэкаў, але далейшую кар’еру прысвяціла іншым песням і пад іншым прозвішчам.
І вось праз 20 гадоў воляй выпадку вірттуальная Алёна Валошка вяртаецца ў сеціва і будзе спяваць свае ўлюбёныя старыя і новыя песні.
Гэта не паўнавартасныя музычныя творы, а толькі дэманстрацыйныя запісы, створаныя з дапамогай АІ для далейшага іх прасоўвання і распаўсюджвання па ўсім свеце.
Прафесійным выканаўцам, якія захочуць праспяваць нашы песні сваім голасам з гэтай ці іншай аранжыроўкай, па іх просьбе будзе прадастаўлена такая магчымасць з дазволу Аўтара.
Цяпер пра песню П’ЁМ ГАРАЧУЮ ГАРБАТУ.
Хоць бабуля і вучыла Алёну гаварыць па-беларуску, але, мабыць, навучыла не зусім добра.
Спявае Алёна АІ дасканала і прыгожа, а вымаўляць гукі па-беларуску ў яе атрымліваецца не заўсёды.
З’ява даволі тыповая для нашага краю.
Будзем вучыцца, каб надалей пазбавіцца гэтых хібаў і тэхнічна наладзіць сапраўднае беларускае вымаўленне.
Усе тэксты песень будучага праекта ПЕСНІ НАШАГА ДЗЯЦІНСТВА ўзяты з кнігі леаніда ПРАНЧАКА “Цік-так, ходзікі!”, якая выйшла ў серыі "Школьная бібліятэка" (Мн.: Юнацтва, 2001).
Калі хто захоча набыць для сябе 300 старонак беларускіх вершаваных забаўлянак, пішыце мне ў асабістыя, каб дамовіцца.
Дарагія Сябры!
Калі ласка, падтрымайце сёння Алёну ВАЛОШКА сваімі падабайкамі і каментарыямі.
Яна гэтага чакае!
@leanidpranchak_pesni
27.03.2026
Свидетельство о публикации №126032702028