Сухое галлё хтосьцi палiць пад лесам...

***
Сухое галлё хтосьці паліць пад лесам.
Я рад, што хоць кнігі не будуць паліць.
На дым ад галля я гляджу з інтарэсам,
І хочацца мне яшчэ крыху пажыць.

Мне сніліся мама і нашы суседзі,
І хата, што быццам яны прадаюць
За трыста даляраў. Над хатай той недзе
Даўно ўжо ў аблоках іх душы плывуць.

Мне снілася: ў Галцах лісічкі збіраю
І з кошыкам поўным дахаты іду.
Мне снілася сонца далёкага раю,
Якое піло з нашай студні ваду.

Сухое галлё нехта паліць ля лесу.
Я рад, што хоць кнігі не будуць паліць.
Гляджу на бярозку пад лесам – прынцэсу,
На тое, як голле ад дыму дрыжыць...

18. 03. 2026 г.


Рецензии