Ц х м раннем

Ціхім раннем раскрыю далоні,
У травах роснае серабро,
Дзьмухаўцом, што прысыпаны скроні,
Гадоў светач  маіх замяло.
Надвячоркам схілю у паклоне,
Галаву перад мудрасцю дзён,
О мой час, ты  стаміўся у пагоні,
Смутак церпкі забраў у палон.
І не лечыць настой спелых зёлак,
Недапітай той даўняй тугі,
Рассыпалась яна ў вясёлках,
Што злучалі цяплом берагі.
Берагі затапіла паводка,
Нечакана, самлелай вясной,
І згубілася ў цемені лодка,
Нашай даўняй вандроўкі з табой.
І не мною сарваныя кветкі,
Адзінока, што ў садзе цвілі ,
Іх пялёсткі сарваў  лёгкі ветрык,
І рассыпаў па роднай зямлі.   
Не блукай у імжы мая памяць,
Не  шукай тых астылых  слядоў,
І тых слоў, што пачуцці туманяць,
У чарадзе праляцеўшых гадоў.
Узлячу лёгкай птушкай над гаем,
Павітаюся з сонцам  услых,
Новы дзень у жыцці наступае,
Новы дзень і жыцця новы міг!

Сакавік 2025


Рецензии