Гармонiк

ГАРМОНІК
леанід ПРАНЧАК

У вёсцы маёй пустынна.
На сцежцы сабак гайня.
Над хатай вісіць аўчынай
Нацятая цішыня.

Цямнее цяпер тут раптам.
На небе -- цыгаркі зор.
Вяртаецца з фермы трактар
У поцемках на мехдвор.

Завешваю вокны газетай
З навінамі пра Кітай.
Нібыта я тут з кабетай.
З кабетай у вёсцы рай!

Паелі б капусты з бульбай,
Пасля пірагоў сваіх.
Залезлі б на печ…
Утульна
І цёпла нам удваіх.

Ды толькі няма кабеты.
Не хоча ніхто сюды
На хутар, што мной апеты,
Ад хаты і да грады.

Хадзіў я ў адведкі сёння,
Ля лесу Панас жыве.
– Давай пахмялімся, Лёня,
Бо моташна ў галаве.

Смярдзіць яго самагонка,
Нібыта курыны гной.
Ён дзеліцца за гамонкай
Нядобраю навіной:

– За пляшку прадаў гармонік.
– Панас!
Ты -- дурны, Панас!
А ён мне:
– Не лайся, Лёнік.
Не граецца…
Змрочны час!

25.09.2021


Рецензии