На раздарожжы
леанід ПРАНЧАК
ТРЫЯЛЕТЫ
ДЛЯ ПАНІ Т.
1.
Калі б я знаў, што гэта Вы былі,
Усё было б не так, было б іначай.
Цяпер душа, знявераная, плача...
Калі б я знаў, што гэта Вы былі!
Сустрэцца зноў ці выпадзе калі?
Здаволюся спагадаю лядачай.
Калі б я знаў, што гэта Вы былі,
Усё было б не так, было б іначай.
2.
Я ўсё аддаў бы, каб не страціць Вас.
Вы тая, хто душы наканаванне,
Любові і пяшчоты прадчуванне,
Я ўсё аддаў бы, каб не страціць Вас.
Ды я не знаў!
Які жахлівы час!
Пякучы жаль і горыч шкадавання.
Я ўсё аддаў бы, каб не страціць Вас.
Вы тая, хто душы наканаванне.
3.
Я страціў Вас, я Вас не распазнаў,
Такую непадобную на іншых.
Цяпер мой лёс пусты і нікудышні.
Я страціў Вас, я Вас не распазнаў
Усё было б не так, калі б я знаў!
Я не пачуў, што мовіў мне Ўсявышні...
Я страціў Вас, я Вас не распазнаў,
Такую непадобную на іншых.
4.
Здараецца такое толькі раз:
Абставін збег альбо дарунак Божы.
Выпадак таямнічы і прыгожы.
Здараецца такое толькі раз.
Мне не хапае Вас цяпер якраз,
Калі душа мая на раздарожжы...
Здараецца такое толькі раз:
Абставін збег альбо дарунак Божы.
21.04.2022
Свидетельство о публикации №126030601884