Вясновае

Спаўзае снег, ляціць да долу,
Капеллю з крышы зноў пяе,
І без зімовага дазволу
Непаслухмяны растае.

Узняліся галкі ды сініцы,
Іх галасы чуваць здалёк,
І ўжо на ўзгорку небыліцай
Ажыў пад снегам ручаёк.

Згадаў і я гады былыя,
Як беглі ў поле мяч ганяць,
Як ветры дзьмулі маладыя,
Ды спрабавалі нас дагнаць.

Дадому крочылі пад вечар,
Ў гразі вясновай да вушэй,
А неба чыстага сінеча
Лілася ў кожнага з вачэй.

Чакала маці, ежу грэла,
Вітала ласкавым слаўцом:
"Ужо шукаць ісці хацела,
Гатовы жыць там за сялом?!"

А потым маці прала воўну,
Цягнула ніткі ланцужок,
А я, паеўшы з пузам поўным,
На бацькаў клаўся кажушок.


Рецензии