Балбатня
леанід ПРАНЧАК
1.
Нагаварыў табе прыгожых слоў
І ты півоняй роснаю зардзела.
Усякай балбатні, што ты – любоў,
Спакуса сэрца, а найболей цела.
Такая вось дарослая гульня.
Казаў я тыя словы, каб дабіцца
Прыхільнасці тваёй, таму што я
Ніяк не здольны чар тваіх пазбыцца.
Я ведаю, што нельга так, але
Рабіў ва ўгоду здрадліваму эгу.
І з кожнаю хвілінаю далей
Па цаліку, дзе па калена снегу.
А ты мне верыш. Шчыра і ўсур’ёз.
Сваёй забаве мне б прамовіць: Годзе!
Богатвару цябе і веру ў лёс,
Жыву, нібы хаджу на тонкім лёдзе.
2.
Гулец са стажам, франт і эгаіст,
Маніпулятар звадаў і стасункаў,
Абсвістаным страшуся быць, бо свіст
Мяне пазбавіць мілых пацалункаў.
Калі раскусіш гнюсны мой падман,
Ты выбухнеш законнаю пагардай.
І наш з табой даверлівы раман
Згарыць, як зніч, кітайскаю петардай.
Кажу табе: не вер, што гавару.
Але, відаць мне, што кажу дарэмна.
Не згодна ты:
– Без слоў тваіх памру.
Чаму не верыць?
Гэта ж так прыемна!
Я спрабаваў табе давесці, што
Я хлус, і балбатня мая – бравада.
А ты хавала вочы ў паліто:
– Твайму падману я заўсёды рада.
3.
Балюча ўсведамляць: няшчыры я.
Не па сабе мне, што зайшоў далёка.
Нікчэмных дзён звяглівая гайня,
Амурных спраў крыклівая сарока
Табе настырна тлумяць галаву,
І я даю на тое ім падставы.
Хоць не табою я даўно жыву,
А прагаю валодання і славы.
– Дык і жыві, калі ты хочаш так.
А мне з табой па-ўсякаму цудоўна.
На тое ты, вандроўнік і мастак.
Благі ці добры, мне дык не ўсёроўна!
Я веру, што ты добры, і таму
З пакорай сузіраю ўсе наступствы.
Я зразумею ўсё і ўсё прыму,
За выключэннем здрады і распусты.
4.
А я то думаў, толькі я маню,
Таму сябе падчас чыхвосціў гнеўна,
Што нахлусіў сабе я ўпершыню,
Калі назваў цябе: мая царэўна.
Бо не цябе падманваў я, а ты
Мяне трывала з хітрасцю лісіцы.
І з хараства штодзённай мілаты
Я чэрпаў сілы, як з лясной крыніцы.
Мо для каго такое і туфта,
А для мяне, павер, на самай справе
Твая мана святая – любата,
Што фору дасць любой надзьмутай славе.
Ну, вось здаецца, я паразумнеў.
Хоць позна, але лепш, чым аніколі.
Прыручаны калісьці грозны Леў,
Спрабую выжыць сам на дзікай волі.
5.
Такая дыялектыка жыцця.
Усё ідзе на звод: фурор і сілы.
Расклад даўно вядомы мне, хаця,
Прызнаюся, ён мне зусім нямілы.
Спускаюся марудліва з гары.
Зусім інакшы свет каля падножжа,
Калі сябры ўжо болей не сябры,
Калі не грунт вакол, а бездарожжа.
Маркочуся пакрыху, але ты
Гаворыш словы, што прыемны вуху.
Знікае прыкрасць восеньскай слаты
І вольна думам і ня цесна духу.
Ты маніш мне, як я маніў табе.
Я разумею звыклы ход падзеяў.
Твая мана мне радасцю ў журбе,
Пякучым снегам згубленых надзеяў.
6.
Каханне патрабуе цішыні,
Калі наросхрыст сэрцы і жаданні,
Маню табе і ты мяне мані,
Каб я трымцеў, як ліст, у прадчуванні
Пяшчоты, болю, слабасці тваёй
І велічы пачуццяў і ахвяры,
Дзе мы зачараваныя гульнёй,
Пільнуемся кахання, нібы мары.
Нялёгка выжыць пасярод слаты,
Мяшу шарпак задубянелай ночы.
Палю маўчаннем хцівасці масты,
Каб не прайсці па іх, крый Бог, аднойчы.
Нагаварыў табе ўсякіх слоў,
Нібы расклаў я па вуглах прынаду.
Не маю спадзяванняў на любоў,
Цяпер я толькі верую ў спагаду!
18.12.2023
Свидетельство о публикации №126022707617