Паэзiя
леанід ПРАНЧАК
Я не паэт,
Я слоў не валадар.
Я дробны служка летуценнай славы,
Што зведаў хмель салодкі і гаркавы,
Дурманны хмель, які завецца дар.
Той дар, як цуд, і ён павек вякоў
Вярэдзіць сэрца, выядае душу.
Яго напой я сам, прызнацца мушу,
Піў, як дурны, і піць быў пагатоў,
Пакуль трымала дужая рука
Быцця зямнога срэбныя кілішкі,
Не ведаў я аскомы і адрыжкі,
А ведаў моц і тайну першака.
Паэт, багет,
Куплет, санет, паркет...
Зарыфмаваць, нібы змачыць два пальцы.
Рыфмуюць словы і дзяды, і мальцы,
І кожны мысліць, быццам ён Паэт,
Пакліканы, каб несці адкрыццё
Спрадвечных ісцін і нязводных думаў.
Вы што, сур’езна?
Я і не падумаў,
Раскідваючы словы, як шмаццё.
Якое пакліканне?
Што за флуд!
Звычайны сверб начнога графаманства.
Паэзія – для выбраных!
Для панства!
Не для смяротных і тым больш не тут.
Рыфмуй, калі
Рабіць няма чаго!
Зацяты вораг жалю і насмешак,
Вазьму за шкірку свой нягеглы вершык
І кіну ў палыхаючы агонь.
Аднойчы ўжо
Я так спаліў у ім
Сваю неўтаймаваную гардыню.
Душа пераўтварылася ў пустыню,
Дзе пыл і соль,
Спустошанасць і дым.
Я не паэт.
Да д’ябла этыкет.
Мяшу жыцця забросненую багну.
Шапчу замову
І адчаем смагну:
Я не паэт!
Я болей не паэт!
Паэт -- адзін!
І ўсім вядома хто.
Ён напісаў усе на свеце вершы.
Я толькі перапісваю іх, грэшны,
Хоць сам таго не ведаю:
Нашто?
Ну, вось і ўсё.
Прыгожы, як Нясвіж,
Мой светлы сум, што стаў наканаваннем.
Паэзія была маім каханнем.
Цяпер яна –
За Пранчакамі* крыж.
22.02.2024
*ПРАНЧАКІ -- вёска ў Ляхавіцкім раёне
Свидетельство о публикации №126022202518