Разваги над трохкнижжам Людмилы Воранавай Дзецям Р

“НІБЫ Ў КАЗАЧНАЙ КРАСЕ…”
Развагі над трохкніжжам Людмілы Воранавай “Дзецям Радзімы”

У апошнія гады актыўнае развіццё набыла беларуская дзіцячая літаратура. На сённяшні дзень гэта, хіба што, самы прадуктыўны сектар айчыннага прыгожага пісьменства, які пастаянна радуе чытача новымі цікавымі адкрыццямі і ў цэлым дынамічным стваральна-выніковым поступам. Штогод выходзяць дзясяткі кніг для дзяцей і юнацтва на беларускай і рускай мовах, і яны, што істотна важна, не залежваюцца на паліцах кнігарань. А намінацыя “Лепшы твор для дзяцей і юнацтва” – традыцыйна адна з  самых прадстаўнічых сярод прэтэндэнтаў на прысуджэнне Нацыянальнай літаратурнай прэміі. У 2024 г. на яе прэтэндавала 9 аўтараў, у гэтым годзе прэтэндуе 8, у тым ліку такія знаныя дзіцячыя пісьменнікі, як М. Чарняўскі з кнігай “Акадэмія”… на колах” і А. Зэкаў з кнігай “Дзе схавалася лета?”. 
Несумненна, плённае развіццё сучаснай беларускай дзіцячай літаратуры найперш абумоўлена багатымі нацыянальнымі традыцыямі і напрацоўкамі ў гэтай дзялянцы прыгожага пісьменства, а таксама клопатнай увагай да яе развіцця дзяржаўных органаў і грамадскіх структур і арганізацый. Мы памятаем, не так даўно ў газеце «Літаратура і мастацтва» была наладжана дыскусія па праблемах развіцця дзіцячай літаратуры, а ў газеце «Звязда» адбыўся круглы стол на гэтую тэму. З вялікім сацыякультурным узрушэннем у канцы снежня 2022 г. прайшоў пашыраны пленум Саюза пісьменнікаў Беларусі, прысвечаны актуальным праблемам сучаснай дзіцячай літаратуры. У ім прынялі ўдзел пісьменнікі, кнігавыдаўцы, настаўнікі, бібліятэкары, а таксама прадстаўнікі органаў дзяржаўнага кіравання. Падчас пленума былі абмеркаваны напрамкі і характар развіцця беларускай дзіцячай літаратуры на сучасным этапе, а таксама тыя надзённыя пытанні, якія паўстаюць у гэтай сферы перад аўтарамі, кнігавыдаўцамі і чытачамі. Вынікі працы пленума, як вядома, набылі шырокі грамадска-культурны рэзананс, атрымалі водгукі ў творчых калектывах і СМІ.
Да самых апошніх дзён свайго жыцця і плённай творчай дзейнасці мастацкія творы для дзяцей і юнацтва пісалі В. Вітка, С. Шушкевіч, А. Дзеружынскі, Э. Агняцвет, І. Муравейка, А. Якімовіч, А. Васілевіч, А. Вольскі, А. Кобец-Філімонава, М. Маляўка, Н. Галіноўская і іншыя беларускія аўтары, якіх мы звыкла называем дзіцячымі пісьменнікамі, бо гэта быў іх асноўны творчы занятак. Сёння іх традыцыі ў нашай літаратуры паспяхова працягваюць У. Ліпскі, М. Чарняўскі, К. Камейша, У. Ягоўдзік, М. Пазнякоў, У. Мазго, З. Дудзюк, Т. Дашкевіч, С. Кавалёў, удала спалучаючы дзіцячую творчасць з мастацкім дыскурсам для дарослага чытача. Уласна кажучы, кнігі для дзяцей у нас мае ці не кожны другі літаратар, іх пішуць не толькі паэты, празаікі і драматургі, але і літаратурныя крытыкі і літаратуразнаўцы, чаго, здаецца, раней не было. З тых, што жывуць і працуюць, гэта В. Зуёнак, К. Цвірка, У. Карызна, В. Жуковіч, Г. Пашкоў, Г. Дашкевіч, Р. Баравікова, Г. Каржанеўская, А. Бадак, В. Шніп, Л. Рублеўская, В. Максімовіч, Л. Дранько-Майсюк і многія іншыя.
Актыўна, зацікаўлена, дзейсна падтрымліваюць пошукі нашага сучаснага прыгожага пісьменства для дзяцей рэспубліканскія літаратурна-мастацкія выданні, перыядычна адгукаючыся станоўчымі рэцэнзіямі на найбольш значныя кніжныя навінкі. Да прыкладу, газета “Літаратура і мастацтва” толькі ў першай палове бягучага года змясціла на сваіх старонках каля 30 водгукаў-рэцэнзій на новыя дзіцячыя кнігі. Зімой выйшлі матэрыялы І. Буторынай пра зборнік апавяданняў Т. Бунта “Далонькі з пушынкамі” (31 студзеня), М. Берлежа пра кнігу апавяданняў і казак А. Садоўскай “Волшебное превращение» (14 лютага), І. Прымак пра кнігу А. Карлюкевіча “Сачыненне на галоўную тэму” (21 лютага), А. Марціновіча пра кнігу В. Кастручына “Дом на воде” (21 лютага), Е. Дроніна пра кнігу К. Жука “Шпак купіў магнітафон” (28 лютага). У нумары “ЛіМа” за 14 сакавіка надрукавана адначасова ажно 4 водгукі-рэцэнзіі: Д. Архіпковай на кнігу А. Басікірскай “Быль пра школьніка Сёму”, А. Гусарэвіча на кнігу Ж. Міус “Майка”, яго ж на кнігу Х. Гурыновіча “Птушыная азбука”, М. Берлежа пра кнігу З. Багамолавай “У свеце загадак”. У нумары “ЛіМа” за 11 красавіка надрукавана адначасова 2 водгукі-рэцэнзіі: Т. Цвірко на кнігу В. Драбышэўскай “Любіна сукенка” і Л. Сэрвач на кнігу Н. Андрасюк “Незвычайныя прыгоды Гавара і Кундоса. Блакітны крышталь”.
У нумары “ЛіМа” за 25 красавіка таксама надрукавана адначасова 2 водгукі-рэцэнзіі: К. Лешніца пра зборнік Я. Купалы “Вясна” і А. Драпко пра кнігу М. Пазнякова “Мая цудоўная Радзіма”. У нумары “ЛіМа” за 23 мая таксама надрукавана адначасова 2 водгукі-рэцэнзіі: А. Марціновіча пра кнігу Г. Аўласенкі “Як Вадзянік з людзей жартаваць пачынаў” і В. Баюканскага пра кнігу Т. Кавальчук “Добрае сэрца”. У нумары “ЛіМа” за 13 чэрвеня таксама надрукавана адначасова 2 водгукі-рэцэнзіі: А. Марціновіча пра “Чытанку-маляванку” В. Віткі і Л. Крупяньковай пра кнігу А. Зэкава “Двор пад буслінымі крыламі”. У нумары “ЛіМа” за 20 чэрвеня змешчаны матэрыялы: А. Марціновіча пра творчасць Н. Галіноўскай, А. Марціновіча пра дзіцячую творчасць М. Чарняўскага, М. Слівы пра твор Н. Шастаковай “Сакрэтная экспедыцыя Вані Ванечкіна”.
У рэчышчы гэтага агульнага ўздыму сучаснай беларускай дзіцячай літаратуры – і арыгінальны мастацкі праект вядомай пісьменніцы, барда, педагога Людмілы Воранавай “Дзецям Радзімы” – адрасаванае персанальна дзецям дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту цікавае, своеадметнае трохкніжжа, ажыццёўленае ў 2025 г. выдавецтвам “Ковчег”. Яго склалі зборнік вершаў “Пад дахам казачнай зімы”, кніжка загадак “Вершаваныя загадкі для дзяцей: Сафіі, Наткі…” і зборнік вершаў “Надыходзіць час вясновы! Намалюй яго нанова!”.
На сучасным этапе духоўна-сацыяльнага развіцця асаблівую актуальнасць набываюць ідэі грамадзянска-патрыятычнага выхавання дзяцей і юнацтва, а ў іх рэчышчы творы прыродазнаўчага праблемна-тэматычнага зместу. У нядаўняй калектыўнай гутарцы “Прырода як святло выхавання ў дзіцячай літаратуры”, арганізаванай штотыднёвікам “Літаратура і мастацтва”, А. Бадак слушна разважаў: “З асновамі прыродазнаўства вучні знаёмяцца ўжо ў пачатковай школе і менавіта праз творы дзіцячай літаратуры. Гэта вельмі важна і правільна: далучаць маленькіх вучняў да багатага, незвычайнага, загадкавага свету прыроды праз мастацкае слова. Таму што менавіта яно вельмі дапамагае і палюбіць прыроду, і пазнаваць яе, і берагчы. У сувязі з гэтым і сама прыродазнаўчая тэма павінна быць адной з самых галоўных у дзіцячай літаратуры, павінна быць у цэнтры ўвагі і пісьменнікаў, і крытыкаў. Яна павінна быць разнастайнай і ахопліваць самыя розныя аспекты прыродазнаўства”. Цікавыя думкі з той жа гутаркі належаць і У. Ягоўдзіку. “Прырода і дзяцінства, – падкрэсліваў ён, – два крылы чалавечай душы, якую на жыццёвай дарозе чакаюць шматлікія выпрабаванні, а родная зямля і матчына мова яе акрыляюць, нібы спадарожны вецер”.
Глыбока, вобразна, афарыстычна, мудра.
Гэтыя і многія іншыя думкі і разважанні з адзначанай калектыўнай гутаркі хораша пацвярджаюць кнігі мастацкага праекта Л. Воранавай “Дзецям Радзімы”. Як можна меркаваць, паэтка паставіла перад сабой высокую задачу з дапамогай прыродаапісальных твораў сеяць у душах дзяцей зёрны грамадзянскай і духоўна-патрыятычнай самасвядомасці, ідэі гуманізму, праўды і справядлівасці, абуджаць пачуцці чалавечай годнасці і высакароднасці, вучыць іх бачыць, разумець і любіць прыгожае, далікатнае, пяшчотнае – эстэтычнаму ўспрыняццю з’яў і працэсаў рэчаіснасці. У своеасаблівым уступе “Юным чытачам” яна адзначае:

Мы жывём у Беларусі!
Побач з намі сябрукі –
Мішы, Пеці і Марусі –
Землякі і сваякі…
Ёсць прыгожая ў нас мова –
Беларуская, свая.
Беражы абавязкова!
З ёй – народ мы і сям’я.
(“Юным чытачам”)

Л. Воранава глыбока выявіла майстэрства ў стварэнні лірычных пейзажных вершаў – вершаў-замалёвак, вершаў-эцюдаў, вершаў-відарысаў – светлых, цёплых, жыццясцвярджальных, у якіх паэтычны свет роднай прыроды і свет дзіцяці знаходзяцца ў роднаснай блізкасці. Прычым, гэта характэрна нават творам “халоднага” тэматычнага зместу:

Зноў за вокнамі лятае
Птушка белая – зіма.
Вулкі снегам замятае,
Дахі беліць на дамах.
………………………….
Ноччу воўкам заскавыча,
Нават можа заспяваць,
Калыханкай лес калыша,
Калі час надыдзе спаць.
…………………………………
І захопіць дух прасторы
Бель, якой канца няма,
Бо плыве па белым моры
Птушка белая – зіма.
(“Птушка белая – зіма”)
           Паэтка валодае ўмельствам напоўніць тэкст насычанай, густой эмацыянальнай танальнасцю, якая ўтвараецца перапляценнем характэрнага інфармацыйна-сказавага сцвярджэння, аголенай публіцыстычнасці, нярэдка элементаў прамоўніцкага пафасу і лірычнай, інтымнай, задушэўнай інтанацыі, цеплыні і непасрэднасці:

У позірку вясны
Няма ніводнай хмары.
Пупышкі – цвет сасны,
Як струны на гітары,
На ветрыку звіняць:
Спяваюць ці гамоняць?
Ляціць іх звон праз гаць,
Праз пералескі, гоні…
Пачуўшы, з-за мяжы,
Ім сонейка смяецца,
Рытмуюць капяжы
Званоў сасновых скерца,
І вочы бліскацяць
Нябеснай прыгажосці.
Выходзьце сустракаць!
Вясна імчыць у госці!
(“Званоў сасновых скерца”)

Аўтар умее, здаецца, праз звычайны, будзённы вобразны малюнак перадаць унутраны душэўна-псіхалагічны стан дзіцяці, выявіць адценні яго настрояў і перажыванняў, раскрыць спецыфіку дзіцячага светаўспрымання і мыслення:

Які прыгожы дзень!
Лагодзіць сонца ранак,
Цягнік здалёк гудзе,
Гатуецца сняданак.

Мурчыць, нібыта кот,
Рахманы цёплы чайнік,
І ружавее ўсход
Вясновы!.. Незвычайны!..
(“Прыгожы дзень”)
       На ўзор шматліх фальклорных твораў Л. Воранава многія свае вершы будуе з выкарыстаннем песенных, а таксама казкавых кампанентаў. Ну, вось зіма, мяцеліца-завіруха, “Гурбы снегу намяло, / Спіць пад коўдраю сяло… Спяць палеткі, лес і гай, / Спачывае родны край. / Нібы ў казачнай красе / Кожны кусцік, дрэвы ўсе”. Не спіць толькі “рупны дзед Мароз”, які запрог коней, “Загрузіў на воз куфэрак / Дыяментаў і цукерак”. Ён хоча

Упрыгожыць свет навокал,
Размалюе шыбы вокан.

І пакрые скроні срэбрам
Пакрысе таполям, вербам.
Як павесіць завушніцы,
Зазіхцяць, бы ў маладзіцы!

На бярозавыя станы
Зладзіў з снегу сарафаны.
Прывязаў карункі знізу,
Як фіранкі да карнізу.

Будзе вецер прылятаць
На арэлях іх гайдаць.

“Буду радаваць народ / Зімняй казкай кожны год”, – сцвярджае дзед Мароз у вершы “Гурбы снегу намяло”.
Нашы даследчыкі даўно даказалі, што казка – як унікальны, гэтак і тыповы жанр беларускай вуснай народнай творчасці, паэтыка якога арганічна адпавядае светаўспрыманню нашага юнага чытача, характару яго ўяўлення і фантазіі, спецыфіцы псіхалогіі, асабліва ва ўзросце, які патрабуе гульні фантазіі, вызначэнню і акрэсленню маральна-этычных крытэрыяў, выразнага размежавання дабра і ліха. Нездарма спецыялісты вылучаюць у жыцці дзіцяці “ўзрост казкі” (дашкольны і малодшы школьны ўзрост), калі яна з’яўляецца пераважнай літаратурай, якая яму падуладная і даступная, якая яго цікавіць і яму зразумелая, калі вера ў цудадзейныя сілы своеасабліва кампенсуе недахоп сваіх уласных сіл. Менавіта з казак дзеці атрымліваюць першыя ўяўленні аб народных звычаях і абрадах, устойлівых традыцыях і ў цэлым духоўных і матэрыяльных каштоўнасцях жыцця грамадства. З дапамогай казкі яны вучацца мысліць, шукаць і знаходзіць выйсце з цяжкога становішча, пераадольваць складанасці, перашкоды, шматлікія прасторавыя і часавыя межы, спалучаць неспалучальнае, малое і вялікае, матэрыяльнае і духоўнае, канкрэтнае і абстрактнае.
Аўтар нашых кніг уносіць у будзённыя справы дзяцей шматлікія гульнёва-забаўляльныя элементы, імкнецца развіваць актыўную, дзейсную, няўрымслівую дзіцячую натуру, звернутую да пошуку адказаў на шматлікія пытанні.

Ля яе зімой штогод
Водзяць дзеці карагод.
Цацкі вешаюць, шары,
Дождж бліскучы з мішуры.
Пад яе кладуць цукеркі
Для Дзяніса, Соні, Веркі…
Хто з вас, дзеткі, здагадаўся,
Пра каго наш верш складаўся?

Другая кніжка паэткі “Вершаваныя загадкі для дзяцей: Сафіі, Наткі…”– наогул, «не проста кніжка, – як сказана ў анатацыі – а кніжка-гульня. Яе можна проста чытаць з дзеткамі, а можна і выкарыстоўваць як дадатковы матэрыял для праектавання розных інтэрактыўных гульняў. Самую простую падказвае сама кніжка, калі дзеці знаходзяць адказ ці адгадку не словамі, а сярод малюнкаў, адклейваюць яго і прыладкоўваюць побач з загадкай на месцы пытальніка».
А гульня, як вядома, своеасабліва разнявольвае дзяцей, вызваляе іх ад улады рэчаў і працэсаў – залежнасці ад тэлевізараў, камп’ютараў, тэлефонаў, гаджэтаў, сацыяльных сетак і інш., робіць іх натуральнымі ў паводзінах асобамі, незалежнымі, самадастатковымі. Гульня спрыяе развіццю і імкненню да самасцвярджэння дзяцей, да таго, каб рабіць дабро, прыносіць карысць людзям і грамадству, рабіць жыццё больш гарманічным.
Элементы выдумкі, фантазіі, казкі ўтрымліваюць у сабе многія творы Л. Воранавай.
Талент педагагічнага і мастацкага мыслення аўтара абумовіў той факт, што ўсе тры кнігі Л. Воранавай ярка адсвечваюць дабратворнай духоўна-эмацыянальнай энергіяй, іскрацца досціпам, гумарам, смехам, вясёлымі выдумкамі і інш.
Кожны ці амаль кожны верш паэткі вызначаецца сваім адметным эмацыянальна-пачуццёвым зместам і пафасам, рытміка-інтанацыйным гучаннем, якія адпавядаюць праблемна-тэматычнаму характару твора, яго ідэйнай накіраванасці і агульнаму выхаваўчаму дыскурсу. Ім уласціва сэнсавая лагічнасць і празрыстасць, лірычная лёгкасць, натуральнасць гучання, свежасць і дакладнасць рыфмоўкі, разнастайнасць рытмічнага малюнка, аснову якога складаюць трохскладовікі дактыль, амфібрахій і анапест – рухомыя, імклівыя, з інтанацыйным багаццем і разнастайнасцю, яркасцю паэтычных вобразаў. Ну, вось як пранікнёна і захапляльна аўтар гаворыць пра возера Нарач і яго краявіды:
Тут сонца купаецца зрання
І плешчуцца ў хвалях вятры,
А летняй парой на світанні
Натольваюць смагу вяпры.

Цячэ мёдам лекавым водар
Па вуснах чароту і траў,
І спіцца з такой асалодай,
Як быццам ніколі не спаў.
(“Возера Нарач”)

Што істотна важна і паказальна, творы Л. Воранавай характарызуюцца зместава-інфармацыйнай насычанасцю і пазнавальнасцю, сюжэтна-фабульнай займальнасцю. Аўтарка імкнецца ўзбагаціць маленькага чытача новымі цікавымі ведамі, фактамі і дэталямі з прыроднага свету, абмаляваць тую ці іншую з’яву яркімі фарбамі, стварыць яскравую, жывую, паўнакроўную карціну. Напрыклад, у вершы “Агаліліся пагоркі” чытаем:

Агаліліся пагоркі,
Паскідалі снег палі,
На вясновым небе зоркі,
Быццам кветкі, зацвілі.

Вецярок лагодзіць вецце,
Спяць за гаем туманы.
А як сонейка засвеціць –
Звонкі спеў чуваць вясны!

Голас дрэўцаў стаў пявучы.
Там, дзе зранку быў лядок,
Як дзіця, расплюшчыў вочы
Гаманлівы ручаёк.

Мы бачым, пошукі адметных, цікавых і арыгінальных сродкаў мастацкай выразнасці, канкрэтызацыі жыццёвага матэрыялу спалучаюцца ў паэткі з імкненнем да характэрных сацыямаральных абагульненняў, мастацкай тыпізацыі малюнка, якія ад верша да верша развіваюцца, паглыбляюцца, удасканальваюцца, у шэрагу выпадкаў набываючы афарыстычную форму:

А травень-май вітаў усмешкай,
Спяваў салоўкам, грэў цяплом…
Ішла Радзіма-маці сцежкай,
Нас абдымаючы крылом.
(“Травень-май”)

Характэрная сюжэтная дынаміка, напружанасць і драматызм сітуацый, нечаканасць калізій, таямнічасць і загадкавасць падзей падпарадкоўваюцца агульнай мэце – даць праўдзівую, аб’ектыўную карціну жыцця і стану прыроды.
У сваіх творах Л. Воранава сцвярджае ідэал цікаўнай, актыўнай, смелай, кемлівай, высакароднай юнай асобы, якая любіць родны край, цікавіцца яго мінулым, імкнецца ведаць свае карані. Шмат якія вершы і загадкі паэткі звернуты да выяўлення якраз гэтага духоўна-мастацкага трэнда:

Ёсць у кожнага куток,
Той, дзе нарадзіўся:
Хата, вёска, гарадок,
Дзе на свет з’явіўся.
Усё там роднае, сваё,
Лепшае на свеце.
Як мы кут гэты завём?
Падкажыце, дзеці?

Перажытае роднымі і блізкімі дзяцей-беларусаў, нацыянальна-гістарычнае мінулае становяцца прадметам глыбокага асэнсавання пісьменніцы. Л. Воранава звяртаецца ў блізкую і далёкую беларускую даўніну, аддае даніну павагі подзвігу пакалення пераможцаў у Вялікай Айчыннай вайне. Слова пісьменніцы вынашанае, адмабілізаванае, крамяное, дарэшты насычанае эмацыянальна-пачуццёвым зместам. Шчымлівыя, трапяткія перажыванні выклікае, напрыклад, верш “Дзевятага мая”, які ўслаўляе подзвіг герояў, сцвярджае ідэю памяці па загінулых, пераемнасці пакаленняў:

Дзевятага мая!
Дзевятага мая!
Дзяўчынка ў руках
Фота дзеда трымае.
Сціскае і хлопчык
Партрэцік зжаўцелы.
На ім – прыгажуня,
Халат на ёй белы.

Блакітныя вочы
Блішчаць, як надзея.
Паўзла сярод ночы
Бабуля Надзея…
На фронце ў вайну
Санінструктар-дзяўчына
Ад смерці ўратоўвала
Бацьку і сына.

Каб дзень Перамогі
Настаў, нарадзіўся
І ўнук яе, хлопчык,
На свет наш з’явіўся.
Каб гэта дзяўчынка,
Што фота трымае,
Сягоння ў святочным
Стаяла тут маі.
       Кнігі Л. Воранавай падпарадкаваны ідэі духоўнай самастойнасці асобы дзіцяці, яго праву на свабоднае, вольнае развіццё, таму, што дзеці ў складаным працэсе выхавання павінны заставацца самі сабою, жыць сваімі інтарэсамі, клопатамі і радасцямі і, разам з тым, адчуваць сваю спалучанасць са старэйшымі, з калектывам, грамадствам, мноствам, народам, якія шчыра пра іх клапоцяцца, павінны расці і сталець у падпарадкаванасці юрыдычным і маральным нормам і законам грамадства і дзяржавы. Нездарма Я. Брыль некалі пісаў, што “дзяцей трэба любіць дзейсна – палітыкай, эканомікай, уладкаваннем і планаваннем жыцця”. Якраз у гэтым заключаецца сённяшняя дзяржаўная палітыка актыўнай, дзейснай, рэальнай свабоды і гуманізму, якая прадугледжвае не голую пропаведзь нейкіх абстрактных ісцін пра дабро і ліха, праўду і справядлівасць, а канкрэтную дзейнасць па стварэнні спрыяльных умоў для гарманічнага фізічнага і духоўнага развіцця асобы дзіцяці. “Толькі пры такіх узаемаадносінах, калі маленькі чалавек адчувае сябе часцінкай грамадства, а яно, грамадства, у сваю чаргу, прызнае за ім права на самастойнасць і свабоду развіцця, магчыма найбольш поўнае выяўленне асобы”, – пісала даследчыца беларускай дзіцячай літаратуры Э. С. Гурэвіч. І з гэтым цяжка не пагадзіцца.
Што датычыць кніжнага праекта Л. Воранавай, дык яна ў сваіх творах далучае асобу юнага чытача да духоўна-маральных каштоўнасцей яго родных і блізкіх, калектыву, людской грамады, малюе маленькага героя натуральнай часцінкай агульнанароднай супольнасці:

Гучыць “Кацюша” і “Зямлянка”…
Гады крыляюць праз вякі,
І ўспамінае партызанка
Год сорак пяты трапяткі.

І незабыўны майскі вечар,
І слёзы радасці з вачэй…
Штогод праз час прыносіць вецер
Ёй хваляй хроніку падзей.
………………………………………..
Спявалі разам – сын з дачкою,
Унук з бабуляй і дзяды,
Якіх ля помніка з плітою
Вяртала памяць праз гады.
 
Канкрэтна-гістарычнае, рэальнае, праўдзівае ў кнігах пісьменніцы пераплятаецца з незвычайным, фантастычным, казачным, адметныя, арыгінальныя, наватарскія словавобразы, метафары, эпітэты, параўнанні арганічна спалучаюцца з фальклорнымі, сталымі, здаўна ўласцівымі песеннай народнай традыцыі. Усё гэта садзейнічае стварэнню паўнакроўных, стэрэаскапічных карцін і малюнкаў, якія, безумоўна, прыйдуцца па душы маленькаму чытачу.
Так, праўдзівасць і мастацкасць як вядучыя ідэйна-эстэтычныя катэгорыі функцыянуюць у кнігах Л. Воранавай у цесным паяднанні, арганічным сінкрэтызме і ў той жа час як самадастатковыя якасці – натуральна, мерна, паўнакроўна і без скідкі на ўзроставыя асаблівасці патэнцыйнага чытача. Паэтка імкнецца глыбока асэнсаваць актуальныя праблемы сучаснага жыцця, выявіць духоўна-маральныя каштоўнасці юнага сучасніка, патрыёта Беларусі, і ёй гэта цалкам удаецца. Лепшыя яе вершы, такія, як “Гурбы снегу намяло”, “З неба падае сняжок”, “Ручанькі матулі”, “Возера Нарач” і іншыя, гучаць свежа, зместава важка, эмацыйна насычана, эстэтычна пераканаўча.
Увесь багаты і разнастайны змест выданняў, іх шматлікія матывы і вобразы, карціны і малюнкі лучыць у адзінае цэлае скразная патрыятычная ідэя – ідэя моцнай любові да свайго, спаконвечнага, радзіннага і роднага – Бацькаўшчыны-Беларусі, яе мірнага стваральнага сучаснага, гераічнага гістарычнага мінулага і шчаслівай будучыні.
Варта адзначыць і добрую работу мастака ці мастакоў, якія, дарэчы, у кнігах чамусьці не пазначаны. З’яўляючыся неад’емнай часткай выданняў, шматлікія ілюстрацыйныя малюнкі і эцюды даволі ўдала падкрэсліваюць той ці іншы аспект ідэйна-зместавага характару твора, забяспечваюць дадатковую інфармацыйна-пазнавальную і эмацыянальна-пачуццёвую падсветку яго выхаваўча-педагагічнага складніка, важнасць пэўных рысаў аўтарскага пісьма. Яны не проста ажыўляюць успрыняцце нейкага канкрэтнага тэксту, надаюць яму неабходнае мастацка-эстэтычнае абрамленне, але і ўпрыгожваюць, гарманізуюць кнігі ў цэлым, робяць іх завершанымі ў ідэйна-мастацкіх адносінах.
Безумоўна, трохкніжжа Людмілы Воранавай “Дзецям Радзімы” з’яўляецца важкім укладам у сучасную беларускую дзіцячую літаратуру. Яно вучыць дзяцей думаць, аналізаваць, мысліць, параўноўваць з’явы і прадметы,  вылучаць галоўнае, заўважаць незвычайнае, прыгожае ў будзённым, цаніць яго красу і непаўторнасць. Творы пісьменніцы развіваюць назіральнасць, уважлівасць, аналітычнае мысленне, выхоўваюць беражлівае стаўленне да раслін і жывёл, беларускага прыроднага свету, тых зменаў і пераўтварэнняў, якія ў ім адбываюцца, любоў да Радзімы.

Мікалай Уладзіміравіч Мікуліч,
беларускі літаратуразнаўца і літаратурны крытык, кандыдат філалагічных навук,  загадчык аддзела ўзаемасувязей літаратур Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы НАН Беларусі, сябра саюза пісьменнікаў Беларусі, педагог


Рецензии