Саграваеш дыханнем...
леанід ПРАНЧАК
Саграваеш дыханнем плячо,
Аплятаеш рукамі, нагамі.
Ты – дзівоснае возера Шо,
Што цалуе мой твар чаратамі.
Да дрыжэння напружваю слых,
Каб пачуць таямнічыя словы.
Позняй чайкі разбуджанай крык,
Неразборлівы енк перуновы.
Мружу вочы,
Гляджу з-пад павек.
Я цябе адчуваю, як спёку.
Ты – найроднейшы мне чалавек,
Што прыемны і сэрцу і воку.
Падсвядома, не помню па чым,
ПазнаЮ, як даўнеўшыя песні,
Казытлівы ядлоўцавы дым,
Чорнай вольхі зрыжэлыя трэскі.
Закалыхвае рытміка слоў.
Ажывае, як цела, як ранне,
Непамерлая ў сцюжах любоў,
Неспазнанае ў спешцы каханне.
Смагай слодычы ты прыплывеш
І спатоліш мой смутак няўцешны,
Быццам першы прыдуманы верш,
Быццам боль, сарамлівы і грэшны.
Пад задумлівых хваляў рэфрэн
Спапяляльнай маланкаю шчасця
Увайду ў цябе, як у Эдэм,
Прыгублю цябе, нібы прычасце.
Жар у сэрцы, па скуры мароз.
Гасне знічкай хмяльная спатоля.
Перавернецца неба і лёс.
Стане доляй бадзяжная воля.
Да цябе прыкіпаю душой.
Сярод тысячаў сініх азёраў,
Ты – маё невядомае Шо,
Дзіва-возера, поўнае зораў.
Не трывожся, не злуй, не шумі,
Супакой дзікі шал вечаровы.
Асцярожна мой сум абнімі,
Каб забыў я пра холад вясновы.
Саграваеш дыханнем плячо,
Аплятаеш рукамі, нагамі.
Ты – дзівоснае возера Шо,
Што цалуе мой твар чаратамі.
21.04.2024
Свидетельство о публикации №126012202450