Глушчане на балоце

Па добрай, ці не вельмі, мо, ахвоце
Ля возера, што клічуць Баравым,
Мясцовы люд - глушчане на балоце
У верасні шукаюць журавін.
З усіх, што побач найбліжэйшых вёсак,
Ну і, вядома ж, з Глуску, тут народ
Сярод імхоў і вострае асокі
Бясстрашна шпацыруе кожны год.
Ні доўгі шлях, ні дожджык, ні спякота
Не вернуць гэтым людзям супакой:
Вядзерца, торба, гумавыя боты
Ды крышку ежы ў торбачцы з сабой.
Тут ягады з чырвонымі бакамі
На купінах, чакаючы, ляжаць
Згінайся толькі, іх збірай рукамі
Не думай толькі пра дрыгву, пра гаць.
Гукай знаёмых, не губляй старэйшых,
Працуй паціху, пальцы беражы.
Калі каго сустрэнеш з маладзейшых
Паданне пра балота раскажы.
+++
Раней зусім тут не было балота
Вялізны бор над возерам самім,
А побач вёска. Ціха, без турботы
Амаль што, людзі ў ёй жылі тады.
Удзень, лічы, няспынна працавалі:
На пана шмат і свой надзел зямлі
Сялянскім потам шчодра палівалі
На лёс не крыўдавалі, а калі
Стаміцца сонца неба крокам мераць,
Ружовы небасхіл кране вады,
Хадзіла моладзь к возеру на бераг.
Шырокае яно было тады.
Гутарылі паціху, жартавалі,
Гучалі песні прыцемкамі зноў
Ну і, вядома ж, і ў той час кахалі,
Шукалі і знаходзілі любоў.
+++
Быў сярод іх прывабны хлопец Янка,
Асілак, велькі. Сілы ў ім - праз край.
На працу лёгка падымаўся з ранку.
Усё мог сам рабіць, бо не гультай,
Любая дзеўка з прыазёрнай вёскі
Хацела б хлопца мужам сабе мець.
На валасы  - што жоўтае калоссе -
Вянок з рамонкаў сплецены адзець.
Але ж і  Янка меў сваё сумленне
І не спяшаўся весці да бацькоў
Любую, каб прасіць з ёй блаславення,
Відаць чакаў сапраўдную любоў.
+++
Ды вось аднойчы там, на ўскрайку вёскі,
Ён сутыкнуўся з дзеўчынай адной,
Глядзецца доўга ім не давялося,
Але ж кудысьці дзеўся супакой.
Пазней убачыў раніцой на ўзлессі,
Суніц прыйшла з дзяўчатамі збіраць ,
Здалёк гукнулі хтосці ёй: "Алеся!
Ідзі бліжэй, распачынай спяваць!"
І, сапраўды, Алеся заспявала,
Над возерам разліўся спеў яе,
А сэрца Янкі раптам застагнала,
Застаўся голас дзіўны ў галаве.
Адкуль яна з'явілася - не ведаў,
Прыехала ці проста падрасла.
Асілак мог адно - маліцца небу,
Каб жонкай быць згадзілася яна.
+++
Ці доўга, ці не вельмі хлопец з дзеўкай
Паглядвалі адзін на аднаго -
Паданне не данесла гэта. Пэўна
Хацела шчасце іх знайсці само.
Бо вочы засвяціліся ў абодвух,
Няма нікога ў вёсцы прыгажэй.
Аб іх каханні дрэвы ў лесе стогнуць,
А салаўі пяюць яшчэ грамчэй.
"Ужо, відаць, дамовіліся!",- людзі
Шапталіся, іх бачыўшы здалёк .
"Вядома, і вяселле велькім будзе,
Як толькі пану аддадуць аброк".
Усі чакалі восені, дажынак
Матулі не давалі спаць вачам,
Дзіця жаніць (ці замуж выдаць) - учынак,
А хто ж дапамагаць будзе бацькам?
Было яшчэ адно ў старых сумненне -
Яно, як падарожніку туман -
Вяселле не гуляць без дазвалення.
Ці дасць яшчэ дазвол жаніцца пан.
+++
Ці дом зрубіць, ці дзеўку ўзяці ў жонкі  -
На ўсё ў той час дазвол павінен быць...
Вось бацька з Янкам к панскаму маёнтку
Прыйшлі аднойчы міласці прасіць.
На панскі двор адразу не пусцілі:
-Чакайце! Ваша справа - не пажар!
Пад плотам не адну травінку збілі
Лапцямі, покуль спаў іх гаспадар.
Апоўдні выйшаў, быццам ў задуменні,
(Якую б з мужыкоў узяць карысць)
Прыгнулі бацька з Янкам тут калені:
-Дазволь, паночак, сына ажаніць!
Але ж для пана, людзі - што забава,
Як для дзіцяці з лялькамі гуляць,
Прамовіў: "Нельга нашакай дзяржаве
Асілка вялізарнага губляць!
Няма чаго яго хаваць у вёсцы,
Каб сілу на сялянскі траціў спрыт,
Праз колькі дзён прыйдуць за ім вайскоўцы -
Няхай ідзе Айчыну бараніць!"
-Памілуй, пане!, - бацькаў голас тросся -
У рэкруты ж на усё жыццё бяруць!
Там ці заб'юць альбо скалечаць хлопца!
Не дай згубіць! Хай лепш працуе тут!
Але старога пан ужо не слухаў.
Памочнікі прагналі мужыкоў.
Пайшлі дамоў, пугач у лесе вухкаў.
Ад думак ледзянела ў сэрцы кроў.
+++
Ну што казаць?  Між Янкам і Алесяй
Размова невясёлая была,
Калі назаўтра ўвечары на ўзлессі
Сустрэліся. У возеры вада
Папоўнілася іхнімі слязамі,
А справе гэтым не дапамагчы.
Закон сячэ, як плёткі з бізунамі,
Бяспраўным ім яго не абысці.
Дамовіліся толькі сустракацца -
Пакульсці Янку ў войска забяруць -
Тут кожны дзень. Цяпер для іх багацце -
Пабачыцца, з надзеяю на цуд.
+++
Але ж, на жаль, іх мары не збыліся,
Маўчалі бор з вадой у позні час,
Калі прамовіў Янка, прытуліўшы
Алесю да сябе ў апошні раз:
-Даруй, Алеся, мне на нашым месцы,
За тое, што я не паспеў зрабіць,
Каб ты была шчаслівей ўсіх на свеце,
І ад бяды не змог абараніць.
Ты толькі не чакай мяне. Не трэба.
Знайдзі другога хлопца. Пакахай.
Няхай цябе заўжды бароніць неба,
Мяне ж хоць час ад часу ўспамінай.
Няхай гучаць твае над лесам песні,
Няхай дрыжыць зямелька пры хацьбе
Як я дрыжаў, цябе чакаўшы. Здейсні
Ты толькі гэту просьбу да цябе...
Каб вечна помніць нашае каханне.
Як кроў, што ў сэрцы клакаціць маім,
Вось гэтыя чырвоныя каралі,
Ты ў падарунак ад мяне прымі.
І ён на шыю любай і каханай
Пад ільнянянога колеру касу
Дрыготкімі і мужнымі рукамі
Адзеў дзівосных пацерак красу.
+++
Быў ранак змрочны ў прыазёрнай вёсцы.
Пасцерлі цёткі вочы ўшчэнт свае.
З бацькоўскай хаты Янка ў вайскоўцы,
Пайшоў, каб не звярнуцца да яе.
Праз бор вялізны, велічны сасновы -
Які даў назву возеру таму,
Пайшоў у бойку, дзе кладуць галовы -
Ахвяраванні богу Пяруну.
І покуль шоў падлескам ці па ўзлессі
Не мог не чуць праз восені імглу,
Як дзіўны голас любае Алесі
Пеў песню развітальную яму.
+++
Хоць верасень зусім, зусім не злосны -
Дзень доўга цягнецца, хапае працы ўсім -
Жыццё раптоўна ў прыазёрнай вёсцы
Зрабілася для ўсіх людзей другім.
У рэкруты пайшоў асілак Янка,
Алесю - кветку вёскі - змяў цяжар
Расстання. Ні вяселляў, ні гулянкі.
Куды жыцця падзеўся палкі жар?!
Прыціхлі, не чутны малыя дзеці,
Дарослых роспачы атруціў дым :
Няма больш справядлівасці на свеце!
Чакалі за адной - яшчэ бяды.
+++
Вось, як звычайна, фарбавала сонца
Ў ружовы колер бор сваёй рукой,
На край сасновы - велічны, бясконцы,
На возера спусціўся супакой.
Прыціхшы ўсё, галіначка не трэсне,
Ні птушак, ні звяроў нідзе няма
З якойсьці з хат гаротная Алеся
Да возера паціхеньку прайшла.
Каб перадаць вадзе цяжкую долю,
Што камнем легла на яе душы,
Трымала пацеркі чырвоныя ў далоні,
Іх вуснамі краналася ў цішы.
Трава - як шчотка - велькая, густая
У тым гадочку шчодра парасла.
Ідзе Алеся і не заўважае -
З караляў нітка перацерлася. 
Як чэрвеньскія смачныя суніцы,
Блішчалі летам ў кропельках вады,
Так пацерка чырвоная іскрыцца
Звалііўшыся ў Алесіны сляды.
+++
Вось і яно - Алесі з Янкам месца -
Тут, як і ўсюды зараз, цішыня.
Калоціцца баліць Алесі сэрца
Ды гэты боль ёй некаму суняць.
Няма каму ў бядзе яе суцешыць
І нават слова доброе сказаць.
Няма тут болей Янкавага смеху
І рук ягоных, каб яе абняць.
Вадзіца толькі плешчацца аб бераг,
Нібыта кліча дзеўчыну к сабе.
Алеся вельмі хоча ёй паверыць,
Адчуць падтрымку ў цяжкай барацьбе.
К вадзе, што з небам колерам чырвоным,
Дзяўчына зноў амаль без сіл ідзе
І рэшткі пацерак як святасць, як ікону
Прыціснула рукамі да грудзей.
І возера яе к сабе пусціла,
Сцюдзёнаю вадой не апякло
І дзесці ў глыбіні свае пуціны
Ёй месца суцяшальнае знайшло.
+++
Той ноччу на мясцовасць навальніца
Прынеслася аднекуль і дажджом
Заліла наваколле. Бліскавіцы
Паўсюдна білі з неба, бухкаў гром.
Вада лілася, бор стагнаў, ламаўся,
Са струмняў быццам вырасла сцяна.
Ці тое Бог на небе раззлаваўся ,
Ці той  прыйшла бяда яшчэ адна.
Бо раніцой, як навальніца сціхла,
З-за небасхілу сонейка ўзышло.
Хтось выпадковы ўбачыў - вёска знікла.
На беразе яе, як не было.
+++
З тае пары гадоў прайшло нямала ,
Паданне - быццам казка, рэшткі сноў.
Лугі, палі - усё балотам стала,
А возера амаль што зарасло.
Тут колькі год бязлюддзе і пустэча,
Хіба што птушка крыкне ля вады,
І толькі ў восень, быццам на сустрэчу,
З усёй акругі йдзе народ сюды.
Вада, дрыгва - не вартыя сумненняў,
Па мху, па купінах асоку разгарнуць
Чырвоных сакавітых ягад жмені
Паўнютачка ў вядзерцы назьбяруць.
Абавязкова ўспомніць раптам хтосці
Пра цуд, што бачаць раз у сто гадоў:
Ля возера ўстае з туману вёска,
З даволі значнай колькасцю двароў.
Тым, хто не верыць у прывід дзён мінулых
Апавядальнік  лёгка дадае,
Што паляўнічыя не раз з балота чулі,
Як  быццам хтось ля возера пяе.
Час за размовай вельмі шпарка крочыць
Ля возера, што Баравым завуць
У верасні глушчане на балоце
З мху журавіны-пацеркі бяруць.


Рецензии