Замяла зiма дарогi...

***
Замяла зіма дарогі
І прарвала цеплатрасу...
Крытык, нібы чорт двухрогі,
Апрануўся зноў у расу
І пяе пра святатацтва,
Пра маю немілагучнасць,
І пра грэх майго мастацтва,
І пра мовы маёй штучнасць.
А другі пяе пра музу,
Нібы з ёй я размінуўся...
Выбліск сонечны  – медузу –
Бачу ў небе. Ён раздзьмуўся
І гарыць паўночным ззяннем
Ноччу студзеньскай над хатай...
Зноў сваё сустрэну ранне
Пахам мятнае гарбаты
І замеценай дарогай
Буду крочыць зноў – да Бога.

20. 01. 2026 г.


Рецензии