Легенда пра возера Бяздоннае
Ёсць многа азёр у краі беларускім.
А я свой аповед пачну аб Бяздонным.
Зусім не шырокім, не вельмі і вузкім,
Ля Слоніма, з рэчкай Іванаўкай родным.
Адкуль гэта возера ўзнікла ў мясцінах,
Дзе нават балот не было, а пагоркі,
І што паслужыла цяжкою правінай
Знікнення той вёсачкі, лёс чый быў горкі.
Казалі, што людзі жылі там спрадвеку,
Няблага жылі, бо заўжды працавалі.
А праца карміла здавён чалавека,
Бо хлеб быў багаццем, што сеялі, жалі…
Іх веска з двух вуліц складалася, быццам.
А вуліцы тыя – дзве стромых скрыжалі
Так моцна паспелі ў сярэдзіне зліцца,
Што ў плане, як быццам, бы крыж утваралі.
Ці знак гэта быў, ці сусвету малюнак?
Ніхто не адкажа, аднойчы на ранку
Жанчына-жабрачка, трымаючы клунак,
Зайшла ў гэту вёску прасіць падаянку.
Хадзіла па хатах, знясілена шляхам,
Прасіла харчы і з дарогі пагрэцца…
Няпрошаны госць не жаданы пад дахам,
Вяскоўцам яна не раздобрыла сэрцы.
Яны не любілі чужых, невядомых.
Скупыя былі, ці мо так сцерагліся?
Ніхто не пусціў бедалагу дадому,
Ніхто за здароўе яе не маліўся.
І толькі ў канцы, ля апошняй хаціны,
Жанчына сустрэла мужчыну з падлеткам,
Які прыюціў, накарміў садавінай,
І хлеба акраец прынёс пад сурвэткай.
Яшчэ пажадаў ёй шчаслівай дарогі
І добрых людзей на шляху сустракаці.
Жанчына ў адказ паглядзела з трывогай
І раіла з вёскі хутчэй уцякаці:
– Ісці трэба ўперад, на поўнач, бо скора
Бяда наляціць, як драпежнік крылаты,
Ды не азірацца, вялікае гора
Чакае вяскоўцаў скупых і багатых.
Жанчыну-жабрачку мужчына паслухаў
І кінуўся ўцекі з сыночкам на пару.
Як толькі забег на пагорак, да вуха
Данесліся крыкі ў прасторах абшару.
Не вытрымаў бацька, назад азіраўся.
За ім і сынок павярнуўся міжволі.
На месцы іх вёскі вады слуп узняўся,
Ды лава вады запалоніла поле.
Навек анямелі той бацька з сыночкам
І сталі на беразе шэрым каменнем.
Ляжаць з той пары камяні днём і ночкай
Да сенняшніх дзён, як два сведкі імгнення.
Нямала часоў перайшло, прамінула,
А возера й зараз зіхціць, як люстэрка.
Вада яго многа людзей праглынула,
Бо кажуць, што дно яго, быццам паперка.
І ёсць і няма… Так назвалі Бяздонным,
Бо толькі да дна хто яго дакранецца,
Знікае яно, а ў тым царстве падводным,
Вялізная рыба з часоў тых вядзецца.
Але пра яе ўжо другое паданне
Я распавяду чуць пазней, іншым разам,
А зараз: «Дабранач! Сябры! Да спаткання!
Да новых легендаў, паданняў і сказаў!»
*
БЯЗДОННАЕ ВОЗЕРА, знаходзіцца ў Слонімскім р-не.(Беларусь) Пл. 0,2 км2. Даўжыня 0,76 км. Найбольшая шырыня 0,53 км. Пл. вадазбору 1,8 км2. У бас. р. Іванаўка (працякае праз возера), за 25 км на 3 ад Слоніма, каля в. Клепачы.
Свидетельство о публикации №126011009313