Адкуль пайшли беларусы легенда

Адкуль пайшлі беларусы

(Напісана па матывах бел фальклору)

Даўным даўно з пачаткам свету
Зямлю ніхто не бачыў гэту.
Яна яшчэ не існавала,
Бо плошчу скрозь вада займала.

Была вада са смеццем, брудам...
Як акіян, стаяла ўсюды,
Не мела плыні, не цякла –
Вадзіца ж мёртваю была.

Тырчэў з вады вялізны камень,
Як гмах, з замшэлымі бакамі.
Ён з ледніковае пары
Ляжаў накшталт Маўчун-гары.

Дажджы ішлі і навальніцы,
Лятаў Пярун на кабыліцы,
А з ім сынок яго, падлетак,
Страляць вучыўся ў камень гэты.

Замест стралы маланкай цэліў.
І ў камень трапіў той замшэлы.
І ад агню ягоных стрэлаў
Ажыў той камень анямелы.

Заварушыўся і прачнуўся,
Ты так, што свет ускалануўся:
Вада ў тым месцы закіпела 
І грэбнем-хваляй  узляцела.

Ва ўсе бакі ляцелі пырскі,
А з імі тры дзівосных іскры.
Спытаеш ты:
– Чаму дзівосных?
– Таму, што колер мелі розны.

 Адна чырвоны колер мела,
Другая жоўтым зіхацела,
А з трэцяй ліўся колер белы –
Нібы яе стварылі з мелу.

Як толькі ўпалі іскры ў воду,
Тут пачалася перарода.
Вада паволі адступала.
Замест яе зямля ўзнікала.

З травой, лясамі і барамі.
Жылі ў іх птушкі са звярамі.
У рэках рыба завялася
І чалавек адкульсці ўзяўся.

На землях гэтых пасяліўся,
Жыў, гападарыў, весяліўся...
Сям’ю вялікую завёў,
Шмат меў і дочак, і сыноў...

А з цягам часу іх сям’я
Яшчэ пабольшала ўдвая,
А можа нават і ўтрая -–
Ніхто не ведае. І я.

А чалавека звалі Баем.
А можа не? Ніхто не знае.
Калі ж памерці час прыйшоў,
Паклікаў Бай сваіх сыноў.

І паміж імі падзяліў
Зямлю, дзе жыў і так любіў!
Пра аднаго cынка забыўся,
Таго, што з дому адлучыўся.

На паляванні быў, казалі,
Бы Белаполем яго звалі.
Яму ж Бай вырашыў аддаць
Сабак, каб з імі паляваць.

Сабак тых звалі – Стаўры, Гаўры,
Ды не пра іх сыночак марыў,
А мець кавалачак зямлі
Хацеў, дзе родзічы жылі.

Ды што яму з тых двух сабак?
– Спускай ты гэтых небарак! –
Браточкі раілі, –  на волю!
Няхай набегаюцца ў полі!

Адказ братам быў Белаполя:
– Няма ў мяне зямлі і поля.
Я зараз бедны  сірата.
А ні двара, а ні крата.

Шкада братам малойца стала,
Сумленне можа ў іх зайграла?
Пасля кароценькай размовы
Прыйшлі да брата з прапановай:

– Сабак спусці, ты, з ланцугоў!
Няхай пагрэюць сваю кроў!
Адзін няхай бяжыць направа,
Другі – у левы бок рухава.

І колькі кожны абяжыць
Зямель,  на тых і будзеш жыць.
На гэта дзень даем, не болей!
Такая мабыць твая доля.

Згадзіўся брат, а што рабіць?
Рашыў дзвюх птушачак злавіць.
Бо быў ён кемлівы юнак,
Злавіць рашыў не проста так,

А нешта вартае задумаў,
Ці можа, проста так, ад суму?
Ніхто той праўды знаць не мог,
Ці сам, ці хтосьці дапамог?

Сілкі раставіў ён за гаем.
Там многа птушачак лятае.
Адну злавіў наш хлопча хутка
З ружова- шэра-белай грудкай.

Яе радзімай поўдзень быў.
Другую з захаду злавіў.
Пусціў адну ў паўднёвы край,
Гукнуў:
– Гэй, Стаўры, даганяй!

 На захад выпусціў другую
І крыкнуў:
– Гаўры!  Ахвярую! –
 І загадаў:
– Лаві! Браток!
Патрэбен нам тут свой куток!

Як толькі птушачкі ўзняліся,
Сабакі следам падаліся...
Зямля курылася ад пылу,
Стаў шэрым свет вакол, нямілым.

А калі сціхла ўсё, сцішэла,
Рака Дзвіна рыб’ём кішэла...
Дняпро на поўдні песла воды,
Як частка матухны-прыроды.

Сабак тых больш ніхто не бачыў,
Напэўна, згінулі, няйначай.
Казалі, рэкі зтуль цяклі,
Куды сабакі два ўцяклі.

А Белаполь застаўся жыць –
Там дзе Дняпро, Дзвіна бяжыць.
З яго пайшлі і беларусы:
З блакіту вочы, косы русы...

Былі гасцям, суседзям рады,
Мелі традыцыі і святы...
Жанок, нявест сваіх кахалі,
Бацькоў да смерці даглядалі.

Што елі? Хлеб, цыбулю, сала...
Але пра гэта звестак мала.
Былі руплівымі да працы,
Ды не любілі пахваляцца.

Аралі, сеялі і жалі,
Пшаніцу, жыта... Лён трапалі.
І кужалёвае адзенне
Было ў іх светлым з нараджэння.

Не раз варожыя плямёны
Тапталі іх лугі, загоны –
Палілі, білі, рабавалі...
Але захопнікаў зганялі.

Пра тое будзе іншы сказ,
Ды не цяпер, а ў іншы раз.
А што, чытач, табе вядома
З гісторыі зямлі ці дома?


Рецензии