Парфумавы шлеф

ПАРФУМАВЫ ШЛЕФ
леанід ПРАНЧАК

Не спаткаліся мы, не сустрэліся.
Ацішэў спадзяванняў віхор.
У расінках на ранішнім верасе
Згаслі іскры засмужаных зор.

Не сумеў да цябе я дагрукацца.
Тлумны лёс: балаган і кірмаш...
Мне б спыніцца, падумаць, прыслухацца.
І было б усё, можа, інакш.

Не цвялю сябе думамі грэшнымі.
Мо было б, а, магчыма, і не.
Адплаціў за пяшчоту я вершамі,
А самоту ўтапіў у віне.

Так выходзіць, што мы паквіталіся.
Не па мне залачоны твой крыж...
Не сустрэліся, не развіталіся,
Засталіся з табой мы паміж

Гарадоў, акіянаў і вуліцаў,
Шчырых слоў і бяскрылых надзей,
Дзе праз сон галава мая туліцца
Да тваіх палахлівых грудзей,

Дзе малюе ўяўленне яскравае
Дзіўны вобраз прыдуманых мрой,
Дзе паветра такое гаркавае,
Як парфумавы шлейф за табой.

03.06.2022


Рецензии