Людмила Симонёнок Дзявятая рыба

Людміла Сіманёнак “Дзявятая рыба”
Бываюць паэткі задуменныя, як рэкі;спакойныя, як сшытак выдатніцы;насмешлівыя, як праменьчык у завіруху;назіральныя, як зоркі на небе; прыгожыя, як кветкі ў садзе;спагадлівыя, як глыток вады ў спёку;шчырыя, як сама жыццё;уважлівыя,як гадзіннік;арыгінальныя, як думкі аб лёсе.
Усе гэтыя рысы ёсць у творчасці беларускай паэткі Людмілы Сіманёнак.
Хіба можа хоць адной жанчыне ва ўсім Сусвеце не спадабацца радкі:

Напішы мне пісьмо на бусловым крыле.
І прасі, каб ад выраю рушыў смялей.
Хай вясну прынясе і крылом трасяне –
Можа слоўца адно даляціць да мяне.

Ліст кляновы ўвосень вазьму на далонь.
Пакручу, пашапчу ды ўкіну ў агонь.
Ды адчуеш: нядоўга чакаць да зімы,
Дзе ў квецені саду сустрэнемся мы.

Паводзіны прыгожыя дастойнай і прыемнай асобы: не патрабуе і не моліць,а цярпяліва чакае.Вось так Людміла вучыць сапраўднаму каханню, бо каханне- цуд: напісаць пісьмо на бусловым крыле і чакаць спаткання ў квецені саду.
Я ўсё думала і гадала: чаму кніга называецца “Дзявятая рыба”?
Дзевяць муз у Грэцыі,дзевяць сфер у Ірландыі.
Дзевяць сімвалізуе добразычлівасць, мудрасць, самаахвярнасць, прыгажосць, радасць,спагадлівасць, мілагучнасць,напеўнасць,афарыстычнасць.
Я чула гаворку: дзевяць рыбак жывуць у акварыуме: 8- яркіх,- напрыклад,- пярліна- як сонейка святло, ламіралогус – жоўты, як лімон;лабея зялёная,як папараць;сіняя амека,блакітная боцыя,неон залаты,чырвоны вуалехвост, чырвона- жоўтая тэтра і …шэрая рыбка аруліус,якая гарманізіруе ўвесь акаляючы асяродак.
Але звернемся да верша”Дзявятая рыба”:

Неабачлівы верад
Падпіхае крануцца хаця б.
Патрапляем у нерат,
Пра казачны марачы скарб.

Пад вадою не плачам,
Гады абдзіраюць луску.
І ратуе ўдача
На апошнім жывым плаўніку.

І праз кожнае гора
Праслізне,разумней удвая.
У падземнае мора
Дзевятая рыба твая.

Тая,што марыць пра казачны скарб,часцей  за іншых патрапляе ў нерат?
Гады абдзіраюць луску, але разумнееш удвая?

Хай тым, хто на дне, пасвятлее ад жару апёкаў маіх…
Многае залежыць ад чалавека. Але не ўсё:

Прасі сабе пакоры і спакою,
Бо мы не больш валодаем зямлёю,
Чым мурашы – тым борам у нізіне,
Што ад іскрынкі дробнае загіне.

Кніжка вельмі прыгожая, а пастараўся яе зрабіць такой мастак Эдуард Галустаў, а прадмову “Рапсодыя лёсу” напісаў паэт- музыка Эдуард Акулін,- яго фамілія таксама мае дачыненне да рыбак.
Акулін піша:”Нельга хадзіць па вадзе, калі ты не Бог.Нельга быць паэтам,калі ты не абагаўляеш Слова”.
Так , у вершах Сіманёнак адчуваюцца і сіла, і дух.Яе паэзія таямнічая: шмат вобразаў, якія прыходзіцца, як рэбус, разгадваць:

Кінуць выклік лагодна- пагоднаму дню
У чаканні нязнанай пацехі,
І спакусную раптам спазнаць глыбіню
І няўменне трымацца паверхні.

Мне вельмі падабаецца, што кніга пачынаецца з прысвячэння малой радзіме – Паставам, касцёлу святога Антонія:
Хай час беражэ,як малітву і казку,
Хрыстос атуляе бязмежнаю ласкай,
І годна стаіць дзеля добрае славы
Твой крыж, што з нябёсаў глядзіць на Паставы.
І больш таго,вершы прысвячаюцца тату і матулі:

На беларускай зямлі
Светлых хвілінаў
Яну з Галінай,
Божа, у дарозе пашлі.

Вершы Людмілы праслаўляюць самага вялікага Творцу – Бога:

Эдэмскі сад напоены трывогай
І веданнем: дзяцінства праміне.
Так дадзена. І не прасіць жа Бога:
Зрабіце выключэнне для мяне.

Узрадуйся. Жыві і мары гушкай,
Бо ля крыніцы, чыстай і жывой,
Злятаюць з неба казачныя птушкі,
І кветкі размаўляюць між сабой.
Піша Сіманёнак і аб нашых паміраючых вёсках, старых хатах з абваленым плотам: ці прыедуць дзеці і пачыняць?Ці хата загіне:

Ды страпянуўся ў хмызе верабей,
Пачуўшы гук на прывіднай дарозе.
Шчарбаты плот чакае на гасцей…
Гаспадара? Даследчыка? Бульдозер?


Мне ўсе вершы паэткі падабаюцца ,але больш за ўсіх – “Сутворчасць”:

Нібы ў чатыры творачы рукі –
Мы з Богам,дабрасліўцы ды зладзеі-
Усё дадаем няроўныя радкі.
Тлусцее кніжка. Вокладка старэе.

Падсумаваўшы высілкі ўсе
Сутворчасці спрадвечна – небяспечнай,
Рыхтуецца выданне пакрысе
Пад крыжам стаць у шыхт бібліятэчны.
Глядзіце: чатыры састаўныя чалавечага лёсу: Бог, сам аўтар, дабрасліўца і зладзей,- усе чацвёра жывуць у душы аднаго  чалавека, усё залежыць ад суадносін: боскага і людскога,добрага і злога!
І вось яно, пажаданне, да кожнага чалавека:

Не цурацца праўды баязліва,
І не хаваць у сэрцы пачуцця,
Любіць сваё і сцішыцца шчасліва,
Прывёўшы казку на парог жыцця!

А вось у вершы”Ёсць душа”вельмі кранаюць радкі:

А бывае, знаходзіш душу, як крыніцу,
Дзе струменьчык святла да паверхні бруіцца,
Што натхнёна напоіць і вусны, і сэрца,
Дасць у спёку астыць, а ў сцюжу сагрэцца.

Дя няшмат будзе чыстых крыніц ля дарогі –
Любяць чэрці ў іх мыць капыты або рогі…
А яшчэ мне падабаецца ў спадарыні Людмілы грацыёзнае пачуццё гумару:

Кентаўр складае трыялет:
Ламае лёд падковаю.
Да выдавецтва – блізкі свет:
Стагоддзяў сем з паловаю.

Сняжынкі струшвае з хваста,
Пяро ў руцэ пасвіствае.
Мароз, бы цэнзар, дачыста
Радкі яго вычытвае.

Альбо:
У акіянскай русалкі як трэба:
Жэмчуг, каралі ды золата з неба,
А ў рачной не хапае пялёсткаў
Шчыльна ўкрыць чалавечыя косткі.

Гонячы зайздрасць да пышнай сяброўкі,
Ціха ўздымае круглявыя броўкі,
Леташніх гуляў хавае правіны
Цягне шкілет у бузу- багавінне.

Стомлена чэша карэньчыкам косы,
Сочыць апошнія промні з нябёсаў:
Цешыцца плоткамі ў сне і сабою:
Хтосьці ж апоўначы йдзе за вадою.
Ну, які ж цудоўны вобраз:
Стомлена чэша карэньчыкам косы,
Сочыць апошнія промні з нябёсаў…

А Цмок душы лірычнай гераіні:

Мой цмок жыве ў глыбокім акіяне,
Куды з вышыняў промень не дастане.
І п’е струмень падводнае ракі,
І песціць неабдымныя бакі,
І жывіцца мільёнам трылабітаў-
Сучаснікаў гісторыі забытай,
Калі я валадарыла зямлёю,
Паловай мора, шчасцем і табой.
Жанчына- каралева, і яна валодае каханым, пакуль яе ён любіць!  І валадарыць яна і зямлёю, і морам, і паловай шчасця.
І гэтая мілая і добрая ўсмешка паэткі Людмілы Сіманёнак:

Я Вас кахала так даўно,
Пяшчотна, верна і натхнёна.
І цікавала ў вакно
За вашай постаццю штодзённа.

Ніяк не вырашу адно:
Кахаць далей, ці,можа, годзе?
Я Вас кахала так даўно,
Не помню, у якім стагоддзі.
Я вельмі ўдзячна спадарыні Людміле за кнігу!
Кніга таленавітай прыгожай віцебскай аўтаркі, яна мне грэе душу і будзіць светлыя пачуцці, кніга душы ўраўнаважанай, глыбокай, філасафічнай,загадкавай,вельмі-вельмі разумнай, добрай, спагадлівай,крыху іранічнай, смелай і эмпатычнай!


Рецензии