О скупой женщине и двух луковицах
Пра скупую бабу і дзве цыбуліны
паводле беларускай народнай легенды
Скупая баба некалі жыла,
Нікому і нічога не давала:
Скарынку шкадавала са стала,
А жабракоў ад хаты адганяла.
Жанчына неяк да яе прышла,
Такі выпадак здарыўся ўлетку,
“Дай што паесці, кленчыць пачала, –
Ад голаду загінем я і дзеткі!
Ты хоць цыбулі нам з гароду дай,
Глядзі, як градкі дружна зелянеюць,
Цябе прашу я, літасцівасць май,
Пасадкі ад малога не збяднеюць!”
Спачатку пачала жабрачку гнаць,
А потым, адарваўшы два пяры,
Ёй кінула, так мусіўшы сказаць:
“ Ідзі хутчэй адсюль, на вось, бяры!”
Жыццё бяжыць, яго не супыніць,
Час надыйшоў, памерла баба тая,
Патрапіла ў пекла, што рабіць, –
Па справам выйшла доля ёй скупая…
У бабы той быў вельмі добры сын:
Людзей заўсёды бедных шкадаваў,
Ён меў для жабрака ці хлеб, ці блін,
Быў ветлівы, ды шчодра падаваў.
Памёр і сын. Патрапіў ён у рай,
Прайшоў увесь, – ды маці не знаходзіць,
Няма яе і там, дзе ў рая край,
Спытаць, прасіць да Бога падыходзіць.
За маці ён у Бога папрасіў,
Паслухаў Бог, ды сыну кажа гэтак:
“За ўсё жыццё, (таму я сведкам быў),
Жабрачцы падала цыбулю летам.
Ды дзве пярынкі толькі падала,
Бяры вось зараз іх, спусці ў пекла,
Каб маці твая выбрацца змагла,
Раз долі незайздроснай не пазбегла!”
Спусціў у пекла гэтых два пяры,
А маці была вельмі-вельмі рада,
Што сын ратуе, цягне дагары,
Хаця ў яго і дзіўныя прылады…
Сын цягне маці, пёры ўсё мацней,
Нібыта вельмі моцныя вяроўкі,
І маці падымаецца хутчэй,
І грэшнікі – за ёй, таксама лоўка,
Чапляюцца і іншыя за ёй,
На пёрах сын наверх іх падымае.
Бог надзяляе сілаю такой,
Якую без Яго ніхто не мае.
А маці закрычала на людзей,
І стала адбівацца і сварыцца:
“Ратуе сын мяне, вам тут сядзець,
Выратаванне ваша не здарыцца!”
А пёры абарваліся тады,
Як стала адбівацца і злавацца…
У пекле засталася назаўжды,
Бо болей не было чым ратавацца.
Калі спагаду маеш да людзей,
То сам яе калісьці атрымаеш!
І Бог згадае пра цябе часцей,
Калі ты сам часцей аб іншых дбаеш.
Свидетельство о публикации №126010107750
Людмила Иконникова 21.01.2026 03:55 Заявить о нарушении
Благодарю Вас за визит и добрый отзыв!
С уважением и теплом,
Галина Синякова 21.01.2026 22:45 Заявить о нарушении