Прыгарнуцца...
леанід ПРАНЧАК
Не палюбіш, – не адчуеш
Ласку і цяпло.
Пад вярбой пераначуеш,
Толькі каб было
Да каго плячом прыткнуцца
У начной цішы,
Каб душою прыгарнуцца
Да тваёй душы.
Целы – сховішчы для духу,
Покуль жывы мы.
Не пакрыўджу нават муху,
Праганю думы,
Што вярэдзяць супраць ночы
Трапяткім агнём
Замаркочаныя вочы.
Чорны вакаём
Баламуціць, вабіць, кліча,
Сэрца токам б’е.
Апаляе, быццам знічам,
Лісце на вярбе.
Што за сіла ў вузкіх зрэнках?
Колькі ў іх бяды!
Белізна тваіх каленкаў
Кліча праз гады
У траву, у гай святлісты,
Дзе спадман жыве
Гэткі хмельны ды іскрысты,
Як раса ў траве.
Я прыеду на Каляды.
Толькі б выпаў снег.
Я табе заўсёды рады,
Ты мой горкі грэх.
Як сустрэну, павінюся.
Каб я гэтак жыў!
Век жыву і век журуся,
Што не саграшыў.
– Ну, а ты, скажы, шкадуеш?
– Ведама ж, дзівак!
Як ты горача цалуеш,
Распаляеш як!
Каб хацеў бы, не стрымаўся б.
Галава, як звон...
– Дзе ты доўга так бадзяўся?
Эх, Лявон, Лявон...
Не забылі ногі сцежку,
Што схваваў мурог.
На някошаным сумежку
Дзічка і быльнёг.
26.12.2023
Свидетельство о публикации №125122709010