Незвычайнае у звычайным на бел
(апавяданне)
Міла ўжо не першы раз, праязджаючы ля гэтай бензазапраўкі « Беларусьнафта», што знаходзіцца ля вёскі Вуглы на выездзе з Мінску на міжнародны гасцінец Масква-Брэст, адчувала нейкае трывожнае пачуццё віны, якое не праходзіла і не давала ёй, як раней, спакойна весці машыну, назіраць за прыгожымі беларускімі пейзажамі, слухаць ціхую музыку, якая часта дапамагала складаць радкі і нават цэлыя вершы.
Гэтае пачуццё з’явілася з той самай пары, калі аднойчы, яна, заправіўшы, як заўсёды, бензабак сваёй залацістай Мазды, і, ад’ехаўшы ад запраўкі, глянула на слупкі, якія паказвалі колькасць бензіну ў баку і ёй падалося, што ёй пералілі паліва. Гэта значыць, што яна заплаціла менш, а налілі больш, чым трэба было, амаль на палову. Першы раз суцешыла сябе думкай: «А можа падалося? Можа ўсядзецца?»
Калі распавядала пра гэты выпадак сябрам, тыя толькі адмахнуліся, маўляў, кінь дурное, не думай!
- Яны, гэтыя супрацоўнікі заправак, яшчэ не столькі сабе ў кішэню накруцяць…
- Можа і так…Але што ж гэта за трывожны непакой? Сумленне? Ці нейкія знакі зверху? Можна, канешне, тлумачыць па-рознаму.
Нельга сказаць, што Міла была поўнасцю матэрыялісткай ці ідэялісткай. Хутчэй, нешта сярэдняе. У дзяцінстве, праўда, з яе жыццём здарыўся цуд, бо яна выжыла. Цудам выжыла, бо іншыя ад такой хваробы, як рак крыві, не выжываюць. А яна, не проста выжыла, а нават і не ўспамінала, што гэта хвароба была ў маленькай дзяўчынкі, якая мела ўсяго некалькі гадкоў жыцця і яшчэ нічога кепскага не паспела зрабіць гэтаму свету. Можа б і зусім ніколі не ўспомніла б, каб не аповед маці, і, як доказ - паперка з накіраваннем райбальніцы ў навукова-даследчы інстытут з такім страшэнным дыягназам і вуснай агаворкай, што больш месяца дзяўчынка не пражыве і везці на лячэнне яе трэба ці самалётам, ці ў таксі на руках, каб не трэсла. Дзяўчынка ўжо не хадзіла, не хацела есці, кармілі сілком, а нейкія незнаёмыя лейкацыты множыліся і множыліся, з’ядаючы эрытрацыты (так на простай мове тлумачылі матулі дактары). Інстытут быў апошняй надзеяй для яе бацькоў і для яе жыцця. Але маці нікуды Мілу не павезла. Бабуля Марыля не дазволіла.
- Не пушчу! - Запрычытала. Ніхто яшчэ адтуль не вяртаўся! Такое малое дзіця, ды рэзаць, каб даследаваць? Ты спыталася, адкуль гэта хвароба прыстала да дзяўчынкі? Здаровая ж была з нараджэння! - Бурчэла з дакорам на маці бабулька.
- Канешне спыталася, - засмучона, са слязьмі на вачах, апраўдвалася маці. Можа быць ад вялікага стрэсу, - казалі. У дзяцей яшчэ бывае ад сполаху.
- Ну вось, цяпер зразумела, Ігнатавы сабакі вінаваты. Трэба несці дзіця да Грэцкавай Ганны, пярэпалахі выліваць. - Зрабіла вывад Марыля.
Сабакі сапраўды былі. Гэта бабуля помніць, як дзяўчынка крычала немым голасам, калі яе акружылі з дзесятак вялізных, з яе ростам, брахуноў, а дакдадней, паляўнічых сабак, калі яна бегла за вёску на поле, дзе бабуля Марыля палола буракі. Цяпер і Міла ведала, чаго хацелі сабакі - акраец хлеба з маслам, які яна трымала ў руках, прабягаючы праз выган, дзе жыў мясцовы паляўнічы Ігнат. Сабак тады ад яе адагналі дарослыя вяскоўцы. Бабуля нават сварылася з Ігнатам, але тое, што здарылася, ужо назад не адкруціш. Мілу вылячыла старая Ганна. Цэлую нядзелю бацькі насілі дзяўчынку да яе, дзе старая вылівала над яе галавой расплаўлены воск і нешта шаптала. З воску выліваліся галовы розных сабак, якія імгненна застывалі і яна іх паказвала маці, хоць старой Ганне пра іх ролю ў хваробе ніхто не распавядаў.
Праз нядзелю Міла пайшла, як кажуць, на папраўку, нават есці сама папрасіла. Праз некаторы час хваробы, як і не было. І самае неверагоднае, што ні адзін аналіз крыві пазней нават не напомніў аб тым, што яна была, гэта страшная хвароба. Пасля такіх выпадкаў людзі пачынаюць верыць ці ў Бога і дзякаваць яму, ці ў нейкую іншую звышнатуральную сілу. Пра Бога Міла тады і не думала, малая зусім была. Ды і што такое звышнатуральная сіла, таксама не ведала. А дзякаваць? Дзякавала, але старой бабулі Ганне. Навек запомніла старэнькую хатку з пачарнелага ад часу бярвення, на якую з вялікай падзякай заглядалася заўсёды, калі праходзіла ці праязджала па вуліцы. І вельмі плакала, калі маці аднойчы па тэлефоне, сказала, што баба Ганна памерла.
Хаткі той даўно няма, на яе месцы збудавалі цагляны мур, але чамусьці ён стаіць пусты і там да гэтага часу ніхто не жыве. Можа таму, каб людзі помнілі апошнюю жыхарку гэтага куточка, бабулю Ганну, якая спасала многіх людзей?
Міла верыла ў адно, што нейкая нябачная чалавеку сіла над намі ёсць, хтосьці больш разумны, чым людзі, больш магутны і абавязкова справядлівы. Не дарма кажуць, што зверху відней. І гэтае трывожнае адчуванне ў яе таксама невыпадкова. Таму яна вырашыла заехаць на запраўку і даплаціць за тое, што дасталося ёй не па праву. Успомніла словы маці, якая ўсё жыццё паўтарала: «Не бяры чужога! Не радуйся знойдзенаму, бо хтосьці, мабыць, па ім плача.» Міла ўявіла тую дзяўчыну, што стаяла на касе, адпускаючы ёй паліва, і думала: «А калі яна пераліла мне не адной, што яна атрымае ў зарплату, калі з яе вылічаць?» - З гэтай думкай Міла пад’ехала да бензакалонкі.
Той самай дзяўчыны на касе не было, працавала другая.
- Відаць, не яе змена, - падумала Міла і папрасіла даліць патрэбную колькасць бензіна ў бак Мазды. А калі атрымала квіток, то працягнула яшчэ грошы і папрасіла перадаць той дзяўчыне, якая працавала на гэтай касе ў той дзень, калі ёй, Міле, пералілі, як ёй падалося, бензін. Дзяўчына прыемна ўсміхнулася і паабяцала перадаць грошы. А Міла села за руль і ад’ехала ў напрамку Брэста. На душы стала так лёгка, нібы камень з яе спаў. На гэтай прыемнай ноце можна было б і скончыць свой аповед. Але, паважаны чытач, да галоўнага я яшчэ не дайшла, таму, калі ласка, набярыся цярпення і дачытай да канца.
Ці многа, ці мала прайшло часу, ужо і не ўспомню цяпер. Але праз некаторы час Міла зноў заехала на бензакалонку ля вёскі Вуглы.
Чаго толькі не бывае ў дарозе, асабліва ўлетку, калі паездкі за горад здараюцца часцей звычайнага. І зноў - гасцінец Е30, інакш кажучы, міжнародная траса Брэст-Масква. Міла вярталася з лецішча дамоў у Мінск. У кашальку з грошай было толькі 15 рублёў. Вырашыла заехаць па дарозе на ўжо правераную на якасць паліва і абслугоўванне бензакалонку і даліць на астатак грошай 92-га ў бензабак. Пад’ехала да калонкі, уставіла пісталет у бензабак і зафіксавала язычок для магчымасці заправіцца хутчэй. Бо, калі гэты язычок не зафіксаваць, то бензін не будзе ліцца, пакуль сама Міла не будзе на яго ціснуць. А так, вернешся да машыны, а тая ўжо і заправілася. Вельмі зручна і час скарачае. Затым жанчына накіравалася да касы, каб паведаміць касіру на колькі грошай заліць бензіну і назваць нумар калонкі, дзе чакала запраўкі яе Мазда. Але, калі падыйшла ў касе яе чарга і яна назвала нумар калонкі, дзяўчына касір адказала, што машына ўжо запраўляецца.
- Як гэта? – Здзіўлена перапытала Міла. Вы, мабыць, штосьці не зразумелі! Залацістая Мазда ля калонкі №2? - З нейкім непаразуменнем удакладніла жанчына.
-Так і ёсць! - Паўтарыла дзяўчына. Гэты аўтамабіль ужо запраўлены. І тут Міла пачала злавацца:
- Як ён можа быць запраўлены, калі я толькі што да вас падыйшла і яшчэ не паспела нічога паведаміць: ні пра колькасць паліва, ні пра нумар яго? Тады дзяўчына-касір пачала крычаць на ўвесь пакой:
- Хто запраўляе другую калонку? (Дарэчы, на запраўках Беларусьнафты звычайна не адна каса, а некалькі). І тут бялявы мужчына з суседняй касы адказаў, што гэта ён толькі што заправіў машыну на калонцы №2 па карце.
- Дык Вы не сваю машыну заправілі! – Залямантавала дзяўчына-касір. - Вы заправілі Мазду гэтай дзяўчыны. (Як прыемна, калі называюць дзяўчынай, калі табе ўжо за 55) Міла непрыкметна ў душы ўсміхнулася сама сабе і тут жа, трошкі разгублена запытала, звярнуўшыся да дзяўчыны:
- І што цяпер рабіць?
- А што тут зробіш? Вам нічога больш не застаецца, як толькі аддаць ім грошы.
- А колькі грошай? - Удакладніла Міла, - бо ў мяне толькі 15 беларускіх рублёў.
- Малавата! - Усміхнулася дзяўчына, бо яны залілі Вам паўнюткі бак. Міла зусім разгубілася. Трэба было неяк вырашаць праблему, хоць жанчына была не вінаватая, але трэба было шукаць нейкае выйсце. Людзі, якія ў гэты час прысутнічалі ў памяшканні запраўкі, затаіўшы дыханне, назіралі за здарэннем. Напэўна, чакалі нейкай больш гарачай разборкі. Міла хутка пачала ў галаве перабіраць розныя варыянты вырашэння гэтага пытання. Думкі пераганялі адна другую, але нічога, акрамя наступнай прапановы, не прыдумалася:
- Дык паехалі ў Мінск і я аддам грошы, ці прадыктуйце мне свой нумар тэлефона, а я, як заеду, адразу пералічу колькі трэба на ваш тэлефон. – Сказала Міла, павярнуўшыся тварам да бялявага мужчыны.
- Нічога страшнага не здарылася, заўважыўшы маю разгубленасць, неяк вельмі спакойна усміхнуўшыся, адказаў ён.
- Катайцеся на здароўе! Нічога не трэба аддаваць. А я зараз сваю машыну запраўлю.
Гэты неспадзяваны адказ павінен быў абрадаваць Мілу, але атрымалася неяк наадварот - жанчыне ад гэтых слоў стала яшчэ больш няёмка, як быццам бы яна штосьці чужое прысвоіла. Гутарка зацягвалася, а дзяўчатам-касіркам трэба было працаваць, таму яны пераглядаючыся, раілі:
- Бярыце, калі даюць! Навошта адмаўляцца. Гэта лепшае вырашэнне пытання!
Бялявы мужчына з блакітнымі, як наша Беларусь, вачамі, падыўшоў да Мілы бліжэй, як быццам бы адчуваў той яе ўнутраны душэўны непакой і спакойна дадаў:
- Не хвалюйцеся Вы так. Грошы не мае, фірмы, а яна не збяднее. Міла моўчкі паглядзела на яго і трошкі супакоіўшыся, спытала:
- Хоць скажыце, як Вас завуць, добры чалавек?
- Вілліс. - Адказаў суразмоўца не зводзячы вачэй з Мілы і ўсміхаючыся.
- Дык Вы - не беларус?
- Літовец. Мы тут транзітам. З камандзіроўкі. З калегам. Сядзіць у машыне.
Ну тады, вялікі Вам дзякуй, паважаны Вілліс! Дай Вам Бог здароўя і шчаслівай дарогі!
- І Вам - усяго добрага! – Яшчэ раз усміхнуўся мужчына на падзяку і пажаданне.
Міла ад’язджала ад запраўкі, на якой застаўся стаяць, махаючы ўслед рукою, незнаёмы Вілліс з нейкім незвычайным адчуваннем ўдзячнасці ці то Богу, ці то звычайнаму чалавеку за незвычайную чалавечнасць. Гэта цяжка выразіць словамі. Але цудоўны настрой, калі хочацца абняць увесь свет, дораць, менавіты, такія людзі. Можа яны і ёсць анёлы, ці пасланнікі неба?
Маздачка Мілы ляцела, матор спяваў і Міла ляцела з імі, як на крылах, і думала: «Як цудоўна, што ёсць на свеце такіе вось добрыя людзі, незалежныя ад палітыкі, дзяржаў і межаў. Перабіраючы ў думках тое, што здарылася, лавіла сябе на думцы: «А мог бы і сварыцца, патрабаваць кампенсацыю, як любіць рабіць некаторыя аматары сварак. Але людзі ёсць розныя. І як гэта важна і значна ўмець так разруліць сітацыю, каб усе ўсміхаліся.
А гэты незнаёмы Міле мужчына, з прыгожым імем Вілліс, так узвысіўся сам і ўзвысіў увесь мужчынскі род ў Міліных вачах, што стала зусім не цікава і не важна, хто ў Літве зараз правіцель. Галоўнае, што звычайныя людзі, могуць заўсёды знайсці выйсце з любой, нават самай складанай сітуацыі, калі толькі захочуць гэтага самы.
- Дзякуй табе, Вілліс! За сустрэчу і за веру ў людзей. І хоць Міла і Вілліс раз’ехаліся кожны ў сваім напрамку, але справа сапраўднага мужчыны застанецца ў памяці назаўсёды. А можа гэта і была плата за тыя грошы, што Міла перадала дзяўчыне-касіру? Не дарма кажуць, што самы суровы і шчыры суддзя – гэта тваё сумленне. І калі ты перад ім, як на споведзі, чысты, то і жыць стане лягчэй, і цуду ў тваім жыцці і лёсе абавязкова знойдзецца месца, бо зверху відней...
P. S. У аснову аповеду пакладзены сапраўдныя падзеі з жыцця рэальных людзей.
Свидетельство о публикации №125120307229