Цiха падае снег на сады i на хаты...
Ціха падае снег на сады і на хаты,
На яловы мой лес і на купку бяроз,
На пасёлак, на шчырыя сэрцы багаты,
І на поплаў за хатамі ў кусціках лоз.
Я чытаю, пакуль не сцямнела у хаце,
Бо сягоння на дзень адключылі святло.
Ціха падае снег, як нябесныя раці,
І каліну маю пад акном замяло.
Прагулі трактары (рамантуюць там нешта),
Значыць, зноў электрычнасць нам хутка дадуць.
Ціха падае снег... На душы так суцешна,
І здаецца, што вішні зімою цвітуць...
25. 11. 2025 г.
Свидетельство о публикации №125112509020