ЗIМА

Зіма сцэнар жыцьця малюе.
Яна вядзе мяне праз сьнег
Па шляху тым, дзе воўк палюе,
Ідзе за вершам сьлед у сьлед.

Хто воўк, і дзе яго здабыча?
Мажліва я, а, можа -- ты?
Зіма мяне да лесу кліча,
Яна зьнішчае ўсе масты.

Яе дарога -- невядомасьць.
Там на ваўкоў вісяць сцяжкі.
Не мае воўк у лесе дому --
Ягоны шлях праз лес -- цяжкі.

Да дрэваў думкаю хінуся --
Мой дом стаў пасткай для мяне.
Зіма. Зіма на Беларусі...
Яна мой лёс не абміне.


Рецензии