Cон

(Апавяданне на бел. яз.)
    Аліна прачнулася ад непрыемнага трывожнага крыку: “Не вер ёй! Не вер, ёй!” Крычала бабуля, якая даўно памерла. А крычала яна ў Алініным сне.
- Каму не верыць? І ў чым не верыць? – Аліна не паспела спытацца,бо прачнулася.
- Як добра, што гэта толькі сон! –
Падумала пра сябе дзяўчына і, павярнуўшыся на правы бок, заплюшчыла вочы. Ёй хацелася ўспомніць увесь сон, які толькі што бачыла. Але на жаль нічога не ўспаміналася, акрамя гэтага знаёмага ёй голасу, голасу бабулі, які часта, калі яна была яшчэ маленькай, гучаў у працяжных песнях, якія спявала бабуля за вышыванкай, і казках, якія яна ж распавядала для Алінкі пад вечар, калі была падоена карова і пароблены штодзённыя справы. Малой Алінцы вельмі падабаліся гэтыя казкі, якіх яе бабулечка Марыля ведала вельмі многа. І, наогул, пра бабулю ў яе засталіся толькі прыемныя ўспаміны. Ад яе заўжды веяла нейкай унутранай цеплынёй, як ад птушачкі, пад крылом якой можна было сагрэцца.  Да бабулі заўжды хацелася прытуліцца, асабліва тады, калі на Алінку злавалася маці, ці сварылася на яе за кепскія паводзіны ці адзнакі.
У такія моманты Алінка бегла да бабулі і моўчкі сядася на лаўку каля яе хаты. Бабуля, заўважыўшы унучку, пакідала свае справы і таксала моўчкі сядала побач з дзяўчынкай. Нічога не пыталася, а прытуліўшы да сябе яе  галоўку, прыгаворвала:
- Не сумуй, мая кветачка! Усё будзе добра. Жыццё яно рознае. Але мудрае і такое цікавае! І ўсё, што нам дае лёс, нам патрэбна, хоць мы гэтага яшчэ і не ведаем.
- Пра што не ведаем? І хто накі, гэты лёс? – Дзяўчынцы было не зусім зразумела, але яна моўчкі слухала, як зачараваная, гэты прыемны ціхі голас, ад якога на душы было так спакойна.
Нават, калі бабулі не стала, Алінка не верыла, што яна памерла. Можа таму, што яна не бачыла яе ў труне? Так здарылася, што Алінкі не было на пахаванні. Яна была пераканана, што яе бабуля жыве  дзесьці там, на небе, дзе, кажуць, жыве той самы магутны Бог і куды звычайныя людзі пры жыцці не могуць трапіць. І не проста жыве, а назірае і ахоўвае яе ад гора і бед. І калі існуюць на свеце Анёлы, то яе бабулечка і ёсць той самы Анёл-ахоўнік, якога прыставіў да яе Бог.
Яна мела рацыю так думаць. Бо ўжо не раз бачыла сны, дзе бабуля яе выратоўвала. Аднойчы, калі Алінка моцна хварэла ангінай і амаль задыхалася ў сне, дзяўчынцы прысніўся сон, як быццам яе, Алінку, ноччу хтосьці зачыніў у старой бабулінай хаце і забіў дзверы дошкамі. У хаце не было чым дыхаць і Алінка кашляла. А, калі ўжо пачала задыхацца, праз шчыліну паміж дошак убачыла на надворку бабулю, якая хутка падбегла да дзвярэй і стала адрываць дошку за дошкай.  Алінка тады таксама прачнулася, не дагледзеўшы сон. Лоб быў мокры, сэрцайка трэслася, як у зайца пасля бегу, але дыхаць стала намнога лягчэй. Пасля той ночы дзяўчынка пайшла на папраўку, а хутка і зусім выздаравела. Але сон гэты помніла, нават не раз распавядала пра яго маці.
І вось сягодня зноў бабуля ад кагосьці яе перасцярагала.
- Але ад каго? - Аліна доўга варочалася з боку на бок, і ніяк не магла заснуць. У пакоі спакойна спалі две яе сяброўкі па вучобе Арына і Вера, з якімі яна рыхтавалася стаць настаўніцай. Яны разам здымалі кватэру і жылі ў адным пакоі з Алінай.
Калі Аліна паступіла ў педвучылішча, ёй прапанавалі месца ў студэнтскім інтэрнаце. Але, калі яны з мамай паехалі яго глядзець, то маці наадрэз адказалася пакідаць там дачку. Прычын было некалькі: па-першае, сам інтэрнат знаходзіўся ў старым цагляным памяшканні яшчэ даваеннай забудовы амаль на самой ускраіне горада, вельмі далёка, на погляд мамы, ад педвучылішча, а па-другое, і самае галоўнае, што пакоі, дзе сялілі студэнтак былі вялізныя, няўтульныя, у якіх стаялі радамі ложкі, дзе спалі і жылі па пятнаццаць-шаснаццаць чалавек дзяўчат.
- Як тут вучыцца? – Спытала сама ў сябе Алініна маці і моўчкі павяла Аліну да дзвярэй.
- Трэба шукаць кватэру! – Вырашыла яна, нават не выслухаўшы, што думае Аліна на гэты конт.
У прыёмнай дырэктара педвучылішча сакратарка падказала адрас жанчыны, якая жыве адна ў вялізным доме і ўжо некалькі гадоў запар бярэ на кватэру дзяўчат-студэнтак, і, менавіта, з педвучылішча.
Дом гэтай жанчыны знаходзіўся на вуліцы Суворава. Гэта было значна бліжэй да цэнтра і за 15-20 хвілін можна было нават пешшу дайсці да педвучылішча, якое знаходзілася на вуліцы Савецкай.
Калі Аліна з маці зазванілі ў веснічкі дома нумар 23 на вуліцы Суворава, то іх там сустрэла прыветлівая гаспадыня, пані Надзея, і з усмешкай, як добрым знаёмым, распавяла, што з задавальненнем возьме ў кватаранткі Аліну, бо, якраз тыя дзяўчаты, якія жылі раней, ужо атрымалі дыпломы і з’ехалі, таму пакой не заняты і чакае новых кватарантак. Сапраўды, пакой, які паказала гаспадыня, пані Надзея, як яна сама сябе называла,  быў не вялікі і не малы, але чысты і вельмі ўтульны. Па баках, каля кожнай сцяны па адной стаялі тры жалезныя, акуратна засцеленыя ложкі, ля акна - шафа, а пасярэдзіне знаходзіўся вялікі дубовы стол, на якім зіхацела белізной льняная настольніца з карункамі па краях. Фіранкі на вокнах былі, як у мамы, а вокны выходзілі якраз на палісаднік, дзе цвілі гладыёлусы. Атмасфера была хатняй. Ды і Алініна маці хутка знайшла агульныя  тэмы для размовы з гападыняй і была вельмі задаволеная, што не пакінула дачку ў інтэрнаце, а пашанцавала знайсці такі жыллёвы варыянт.
Трохі пазней, каб кошт за памяшканне быў меншы, гападыня, пані Надзея, прапанавала Аліне падабраць сябровак па пакоі на два іншыя ложкі на свой густ. На тым і пагадзіліся.
Хутка выдаўся і выпадак - две яе аднагрупніцы таксама шукалі кватэру. Аліна з задавальненнем прапанавала ім, пакой, дзе жыла сама. Дзяўчаты былі з яе групы, але, як і яна, вясковыя, таму яны хутка знайшлі паразуменне і сталі сяброўкамі. Вечарамі разам гатавалі сабе ежу, рыхтаваліся да заняткаў, дапамагалі адна адной парадамі, разам хадзілі на танцы ў мясцовы гарадскі дом культуры і на шматлікія мерапрыемствы, якія праводзіліся ў педвучылішчы. А ў канцы тыдня, на выхадныя, часцей раз’язджаліся па сваіх вёсках, каб наведаць бацькоў. Бывала, што і запрашалі адна адну пагасцяваць у іх родных вёсках разам, вадзілі адна адну ў свае  вясковыя клубы на танцы, знаёмілі з сябрамі.  Бацькі дзяўчат супраць не былі, а наадварот, з задавальненнем сустракалі і частавалі молодзь. Такім чынам, як кажуць, дзяўчаты жылі адной дружнай сям’ёй.
    Заснула Аліна ў тую ноч не хутка. Доўга ўспамінала сваю родную вёсачку, бацькоў, сяброў, а больш за ўсіх – бабулю і ўсё думала, што тая хацела ёй сказаць, аб чым папярэдзіць?
Але прайшоў час і Аліна ўжо і не ўспамінала той бабулін сон. Было не да сноў.  Дні вучобы не крочылі, а беглі, пераскокваючы ў гады.  Зранку да вечара дзяўчаты,  як заведзеныя “грызлі” граніт навукі. Але ніякія навукі не маглі перашкодзіць ім быць маладымі. Ды пара юнацтва і маладосці  даецца толькі адзін раз у жыцці.  Таму у кожнай з іх было сваё патаемнае, тое, што носіш у сэрцы і не ўсім раскажаш. І гэта нішто іншае, як каханне. Што гэта такое, маладыя дзяўчаты можа яшчэ і не ведалі, але хвалі ўлюбёнасці кожная з іх на сабе ўжо паспытала.
    Так называемых кавалераў у Аліны было хоць адбаўляй. З танцаў праводзілі адны, у весцы чакалі іншыя, пісьмы пісалі трэція. Але для Аліны гэта былі не каханыя, а хутчэй за ўсё – сябры. З дзяцінства Аліна сябравала больш з хлопцамі, чым з дзяўчатамі. Чамусьці з імі было прасцей. Яны не зайздросцілі, ні з кім не параўноўвалі, а галоўнае не слухалі і не распускалі плёткі, як часта гэта робяць дзяўчаты. Аліна на дух не пераносіла пляткарак. Маці Аліны працавала загадчыцай бібліятэкі, таму да яе наведваліся розныя людзі: адны - за парадай, хтось - за дапамогай, а іншыя, проста - пагаварыць. Хоць  маці і не любіла пляткарак, не разносіла іх плёткі па сяле, ды часта паўтарала, што кепскі не той, хто казаў, а той, хто пераказвае і разносіць плёткі далей, але чамусьці кожную жанчыну цярпліва выслухоўвала, разважала, раіла, а калі прыходзілі да яе ў хату, то нават і частавала, пірагамі ці малаком. Алінку заўсёды з’дзіўляла гэтая незвычайная рыса, што была ў яе маці – цярплівасць і уменне зразумець кожнага чалавека. Калі аднойчы дзяўчынка спытала маці, чаму тая не пражане пляткарку Антолю, якая ходзіць ад хаты да хаты і адным нагаворвае на іншых, каб людзі сварыліся, то маці спакойна адказала:
- Бач, якая справа, дачушка, мы ўсе са сваімі недахопамі. Што зробіш, калі яна такая? Няшчасная, адзінокая, старая жанчына. Яе ўжо Бог пакараў, што яна адна засталася. Нават пахаваць не будзе каму, таму і помнік сама сабе заказала ды на могілках паставіла. Ды і куды яе выжанеш? Свая яна, вясковая.
     Аліна пра гэты помнік чула. Вяскоўцы смяяліся, а дзеці бегалі на могілкі глядзець, бо ў тыя часы ніхто сам сабе помнікі раней смерці не ставіў.  Антолю не любілі, але і не выганялі. Яна была накшталт вясковага радыё. Збірала па вёсцы навіны і разносіла па лаўках, дзе сядзелі жанчыны. Затое там заўжды знаходзіліся тэмы для размоў.
    Аліна слухала маці, але сама старалася не мець ніякіх спраў з такімі асобамі. Ды і ў тым гуртку, дзе яна жыла, было больш хлопцаў яе ўзросту, чым дзяўчат. З імі яна ахвотна гуляла летам у выбівала, паддаўкі, а зімой - у вайнушку, у снежкі, бегала на лыжах у лес і лятала з прампліна. Ды і характар у яе – не зусім дзявочы – не любіла яна тых, хто многа гаворыць, а мала робіць. Хутчэй, наадварот. Немнагаслоўныя, працавітыя людзі, якім быў яе бацька, заўжды выклікалі ў яе сэрцы павагу і аўтарытэт. Менавіта, на іх ёй хацелася быць падобнай. І кніжкі чытала пра такіх:  пра Міхася Громава, Валерыя Чкалава, Андрэя Юмашава, Байдукова, Белякова, “Начных ведзьмаў”- адважных лётчыц Вялікай Айчыннай вайны і інш.. Усіх не пералічыш. Ды і не трэба.
      Але, калі скажу, што Аліну зусім ніхто з хлопцаў не хваляваў, то, напэўна, змахлюю. Быў  адзін такі, лістоў, якога яна чакала больш за ўсё на свеце. З Віталікам яны былі равеснікі і пазнаёміліся ў райцэнтры, летам, калі пасля заканчэння сёмага класа праходзілі разам планавую падрыхтоўку ў школе піянерскага актыву раёна. Аліна была тады старшынёй савета дружыны сваёй вясковай васьмігодкі. Раён на працягу года сістэматычна праводзіў такія розныя мерапрыемствы для раённага актыву  ў доме піянераў. А ўлетку, там жа размяшчаўся лагер вучобы і адпачынку для таго ж піянерскага актыву. Піянерскія важакі там жылі, вучыліся і адпачывалі. Там Аліна і пазнаёмілася з Віталікам. Дзяўчыне вельмі падабаўся гэты сур’ёзны, немнагаслоўны і нават трохі пануры чарнявы хлапец, які так добра гуляў у валейбол. Аліна любіла гэтую гульню, пасля якой яны проста размаўлялі на розныя тэмы. Размаўляць з ім – было адно задавальненне. Ён быў вельмі начытаны і можа таму Аліне казаўся старэйшым за свой узрост і разумнейшым за іншых.  У іх з Алінай было штосьці агульнае, што прыцягвала адно да аднаго. Але ніхто тады пра гэта не думаў. Можа б усё і скончылася б толькі гэтымі размовамі, каб не планы лёсу, як кажуць.  У канцы лагернай змены ён цягнуў яе вялізны чамадан пешшу на аўтастанцыю. Віталікава вёска была у другім канцы раёна, далёка ад вёскі Аліны. Таму на развітанне дамовіліся пісаць лісты адзін аднаму. З тых пор пачаліся бясконцыя лісты. Мабільных тэлефонаў тады яшчэ не было, ды і стацыянарныя былі не ўсюды, а толькі на почце, у школе,  у праўленні калгаса і ў бібліятэцы. Таму пісьмы былі асноўным сродкам зносін. Перапісваліся некалькі гадоў. І самы не заўважылі, як з нядаўніх падлеткаў ператварыліся ў прыгожых юнака і дзяўчыну. Віталік ужо тады пісаў вершы, песні, іграў у школьным вакальна-інструментальным ансамблі і марыў стаць матэматыкам. Аліна спрабавала пісаць вершы, а часцей, пісала занатоўкі ў газеты “ Зорку” і “Піянерскую праўду”. Пазней нават стала яе пазаштатным юным карэспандэнтам, аб чым сведчыла пасведчанне, якое ёй прыслалі з рэдакцыі “ Піянерскай праўды” з самой Масквы, чым яна вельмі ганарылася, бо такога дакумента  больш ні ў кога у іх школе не было. Начытаўшыся кніжак пра Марыну Раскову і Валянціну Грызадубаву, яна марыла стаць лётчыцай. Таму, напэўна,  і першы яе верш быў пра лётчыкаў.  Пра гэта ўсё Аліна з Віталікам і пісалі адзін аднаму. Лісты былі вельмі цікавыя. У іх былі і  паўсядзённае жыццё кожнага,  і мары, і думкі, і разважанні, і, канешне, яго вершы, якія дзяўчына старанна перапісвала ў канец альбома для фотаздымкаў. Такога сябра ў Аліны яшчэ ніколі не было. Усе яе равеснікі ў параўнанні з ім казаліся ёй нейкімі легкадумнымі і звычайнымі, а Віталік быў, нібыта, з другой планеты, такі, як і яна.
    Але жыццё не стаіць на месцы. Час ішоў.  І жыццё іх мянялася. Пасля заканчэння васьмігодкі маці Аліны не стала і слухаць пра яе мары стаць лётчыцай:
- Бач, што прыдумала? Бацька! Ці ты чуў? Дачка ў лётчыцы хоча падацца. Якая лётчыца? Гэта мужчынская прафесія, а не жаночая! Там трэба жалезнае здароўе. Ды  і не бяруць туды зараз дзяўчат, гэта ж не вайна! Пра мірную прафесію трэба думаць!  У настаўніцы пойдзеш! У Ваўкавыску жыве мая школьная сяброўка Валянціна, працуе дырэктарам вакзала, недалёка ад яе ёсць педвучылішча. Туды будзеш паступать! Недалёка, аўтобус з вёскі ходзіць, ды і звярнуцца будзе да каго, калі што. – Вынесла свой канчатковы вердыкт маці.
 Аліна хацела было запратэставаць, але тая не дала вымавіць ёй нават слова і з цвёрдасцю ў голасе дадала:
- Ты ў нас не адна. Нам з бацькам вас траіх трэба на ногі паставіць, а ў мяне хворае сэрца. Хто ведае, колькі пражыву? Скончыш педвучылішча, пяройдзеш на свой хлеб, тады куды хочаш, туды і паступай, хоць у касманаўты!
Аліне не хацелася крыўдзіць маці, самага ёй роднага і дарагога на свеце чалавека, таму прыйшлося яе параду паслухаць, бо і праўда, у маці, пасля нараджэння малодшага браціка, дактары выявілі парок сэрца. І бацьку ў апошні час даволі часта прыходзілася выклікаць для яе хуткую дапамогу.
   У той год, пасля заканчэння васьмігодкі, Аліна паспяхова вытрымала ўступныя экзамены ў педвучылішча і  была залічана студэнткай Ваўкавыскага педвучылішча, каб пазней стаць настаўніцай пачатковых класаў. Віталік скончыў дзесяцігодку і паступіў у абласны інстытут на матэматыка. Але лісты не скончыліся. Яны прадаўжалі адзін аднаму пісаць. Што будзе далей, ніхто з іх не ведаў, ды і, напэўна, не задумваўся аб гэтым. Жыццё ішло сваёй чаргой. А лёс быў у кожнага свой і меў на кожнага з іх свае віды.
   Аднойчы, у адным з лістоў, Віталік звярнуўся да Аліны з просьбай, каб тая больш падрабязна расказала пра педвучылішча яго малодшай сястры Лёлі, якая завітае на днях у Ваўкавыск, бо плануе паступаць на настаўніцу. Так Аліна пазнаёмілася з сястрой Віталіка, вельмі прыемнай мілавіднай дзяўчынай, якая не лезла ў вочы, а ўважліва слухала кожнае Алініна слова. Лёля паступіла вучыцца, калі Аліна была на апошнім курсе.
  Аліна з Віталікам бачыліся рэдка, бо жылі і вучыліся ў розных гарадах, але прадаўжалі пераспісвацца, а калі і сустракаліся, то часцей, нечакана. Так здарылася і той восенню. Сястра Віталіка Лёля запрасіла Аліну на свой дзень нараджэння і, калі тая прыйшла да Лёлі на кватэру з падарункам і букетам кветак, то ў дзвярах яе сустрэў Віталік. Гэта было так нечакана для Аліны, але вельмі прыемна. Віталік з успешкай і з нейкай асаблівай цеплынёй прыняў яе плашч і запрасіў да стала:
- Што, не чакала? Я спецыяльна прасіў сястру нічога табе не казаць. Сюрпрыз!
- Шчыра кажучы, не! – З загадкавым  выглядам  і трошкі какетліва адказала дзяўчына. Яна яшчэ не ведала, што ў другім пакоі за сталом сядзелі бацькі Віталіка і цётка. І калі Аліна з Віталікам падыйшлі да дзвярэй пакоя, дзе быў накрыты святочны стол, Віталік, прапусціўшы дзяўчыну першай, прыабняў яе за тонкі стан і выглядаючы з-за яе пляча з выклікам прамовіў:
- Пазнаёмцеся, мая палавінка! Аліна ад нечанасці амаль не страціла прытомнасць. Яны ніколі і нікому не дэманстравалі свае адносіны адзін да аднаго. Нават баяліся паміж сабой гаварыць аб гэтым. Гэта цяпер моладзь больш развязная ў гэтых справах, а тады, у 80 -ыя гады мінулага стагоддзя, маладыя людзі былі больш сціплыя і сарамлівыя. Не прынята было выстаўляць напаказ патаемнае свайго сэрца і душы. Але дзяўчына ўзяла сябе ў рукі і нібыта чакаючы рэакцыі радні цішэй звычайнага, прамовіла:
- Аліна! Вучуся ў адным педвучылішчы з Лёляй, толькі ўжо на апошнім курсе.
Заўважыўшы разгубленасць Аліны,  хутка ўмяшалася сястра Лёля і скарагаворкай вымавіла:
- А гэта мае бацькі Галіна Мікалаеўна і Міхась Пятровіч, а побач цётка Гэля. Прашу любіць і жалаваць. Вечар прайшоў, як ніколі, хутка. Віталік увесь вечар завіхаўся каля Аліны, падліваў напоі, падкладаў розныя прысмакі ў талерку, шуткаваў. Да дому Аліны ішлі пешшу, і ніяк не маглі нагаварыцца. Вечар быў даволі халодны, восеньскі і ветраны, таму, калі яны падыйшлі да дому на вуліцы Суворава, Аліна запрасіла Віталіка зайсці на гарбату і пагрэцца.
- Пазнаёмлю цябе са сваімі сяброўкамі.  Віталік згадзіўся. Дзяўчаты былі дома. Дапамаглі Аліне прыгатаваць гарбату. Затым усе разам яе пілі з цукеркамі і размаўлялі на розныя тэмы. Затым Аліна правяла Віталіка да веснічак і яны развіталіся. Хлопец усім вельмі спадабаўся, асабліва пані Надзеі.
Пасля гэтай сустрэчы яшчэ некаторы час Аліна з Віталікам  дасылалі адзін аднаму лісты, але неяк аднойчы Віталік на адзін з Алініных лістоў нічога не адказаў. Аліне можа трэба было высветліць, у чым справа, але юнацкі максімалізм і гонар не дазваляў ёй зрабіць гэтага.
- Напэўна ў яго хтосьці з’явіўся. - Думала пра сябе яна. У душы перажывала і чакала, але выгляду перад дзяўчатамі не падавала. А калі тыя дапытваліся, чаму доўга няма ліста ад Віталіка, з тэатральнай усмешкай адказвала:
- Падумаеш, ну і не трэба. Значыць не мой. Лёсу відней. – А ў самой на душы скраблі кошкі, бо за гэты час яна так звыклася з думкай, што ён ёсць, надзейны і разважлівы, да парад якога яна прыслухоўвалася больш, чым да маці. Няхай не побач, але ж, як інакш? Ім трэба вывучыцца, атрымаць прафессію і толькі тады можна думаць аб чымсці больш сур’ёзным.
Ды і, каб штосьці з ім здарылася, то яго сястра Лёля ёй бы паведаміла. А так у яго, напэўна, усё добра. – Супакойвала сябе разважаннямі дзяўчына.
 Аліна неяк запытвалася ў Лёлі, ці паедзе тая дахаты? А калі паедзе, то няхай перадае прывітанне брату. Лёля неяк загадкава ўсміхалася і згаджалася. Яна не ведала, што яны ўжо не перапісваюцца. А можа і ведала, але маўчала.
Час ішоў. Жыццё ж не стаіць на месцы. Апошні год вучобы для студэнтаў заўсёды вельмі адказны, бо трэба было не толькі вучыцца і рыхтавацца да выпускных экзаменаў, якія павінна будзе прымаць дзяржаўная камісія, але і паспяхова прайсці практыку ў адной з гарадскіх школ. На працягу цэлага месяца трэба будзе працаваць сапраўднай настаўніцай, праводзіць усе урокі замест штатнай школьнай настаўніцы, якая будзе прысутнічаць на кожным уроку практыканткі, а потым дэталёва разбіраць кожны момант урока, правяраючы яе на веданне дзіцячай псіхалогіі, методыкі выкладання ўсіх прадметаў, якія выкладаюцца ў пачатковых класах. Карацей кажучы, на прафесіяналізм. А выкладаць прыйдзецца не толькі матэматыку, пісьмо з чытаннем і прыродазнаўства, але і такія прадметы, як маляванне, фізкультуру і спевы, працу. Урок спеваў для дзяўчат быў асабліва адказны, бо на ім трэба будзе настаўніку не толькі умець спяваць і ведаць ноты, але і самой добра валодаць інструментам. Аліна грала на баяне, які выкладаў ёй у педвучылішчы цудоўны настаўнік Барыс Сямёнавіч Яўсейчык. Дарэчы, калісьці пры паступленні ў педвучылішча, менавіта ён прымаў ў яе самы першы ўступны экзамен па музыцы, дзе правяраецца музычны слых. Менавіта ён ёй паставіў самую высокую ў той час адзнаку – пяцёрку, а затым запісаў у спіс сваіх вучаніц. Былі такія, хто гэты экзамен не здаў, таго адразу выкрэслівалі са спісу абітурыентаў. Аліна паспяхова прайшла практыку ў школе нумар два г. Ваўкавыска і атрымала за яе самую высокую адзнаку - выдатна.
  С суседкамі-кватаранткамі Арынай і Верай яны прадаўжалі сябраваць і жыць разам, хоць практыку праходзілі і ў розных школах. За гэты час, жывучы разам на працягу больш, чым трох с паловай гадоў, яны сталі не проста сяброўкамі, а амаль сёстрамі. Так лічыла Аліна. Прыходзячы з вучобы ці прыязджаючы з дому, яны дзяліліся адна з адной самым патаемным, сваімі думкамі, пачуццямі і сумненнямі. Але галоўнай была вучоба. Прыбліжаліся
выпускныя экзамены і трэба было сур’ёзна рыхтавацца.  Ды і камісія па размеркаванню прыедзе з самога Мінску, будуць прадстаўнікі міністэрства адукацыі рэспублікі.
  Таму ў дзяўчат вольнага часу амаль што не было. Рыхтаваліся да выпуску.
На гэтым аповед пра знаёства з Віталікам  можна было б і скончыць, калі б, як кажуць, не прыгоды лёсу. А здарылася вось што.
 Аднойчы, ужо калі прайшло дзяржаўнае размеркаванне і Аліну накіравалі на працу ў сталіцу,  чаму яна была вельмі рада, таму і згадзілася ехаць так далёка, на ўсход. Астатнія дзяўчаты выбралі месцы бліжэй да бацькоў.
- Чым далей, тым лепш. – Думала яна. – Далей ад’едуся – хутчэй забудуся.
Але лёс меў свае планы. Аднойчы на Ваўкавыскім аўтавакзале яна выпадкова амаль сутыкнулася з Віталікам. Ён сядзеў у Ікарусе і глядзеў прама на яе. Аўтобус ішоў з Гародні на Мінск праз Ваўкавыск і Зэльву, а зараз стаяў на часовым прыпынку, чакаў транзітных Ваўкавыскіх пасажыраў.  Аліна, як заўсёды на выхадныя, ехала да бацькоў і квіток ў яе быў да Зэльвы, менавіта на гэты аўтобус.
 Зайшоўшы ў аўтобус, Аліна, не паглядаючы ў бок Віталіка, паказала квіток кіроўцу аўтобуса і стала вачамі шукаць свабоднае месца, дзе зручней прыладкавацца.  Але, як толькі яна сустрэлася паглядам з Віталікам, той, як добрай знаёмай, памахаў ёй:
- Аліна! Ідзі сюды! Тут ёсць месца. Аліна, нягледзячы на дарэмнае чаканне і перажыванні, была вельмі рада яго бачыць. Ды і не цярпелася даведацца, чаму ж ён перастаў ёй пісаць. Павінна ж быць на гэта нейкая прычына.
- Прывітанне! – Усміхнуўшыся, і, як ніў чым ні бывала, павіталася Аліна.
- Каля цябе ніхто не сядзіць?
- Не,  цяпер адзін. Пакуль ніхто не заняў. Толькі што выўшаў сусед. Ехаў да Ваўкавыска.
- Дзіўна! А я думала, можа нявесту вязеш дамоў. – Ветліва і хладнакроўна ўсміхнуўшыся, пажартавала Аліна. Але толькі адна яна ведае, што ў гэты момант адбывалася ў яе сэрцы.
- Ты што? Якая нявеста? Толькі ж другі курс. Адна вучоба зараз мая нявеста. – Неяк трохі разгублена адказаў Віталік.
- Гэта ты, кажуць, замуж выходзіш!? – Ці то сцвярджаючы, ці то запытваючыся, прамовіў хлопец.
- Замуж? За каго? І не думала нават. І хто кажа? – Трохі здзіўлена, скарагаворкай, адказала дзяўчына.
- Як хто? Твае сяброўкі.
- Якія сяброўкі? – Не перастаючы здзіўляцца, выпаліла Аліна.
Віталік моўчкі палез у сумку і дастаў адтуль папяровы вандзэлак, які перадаў дзяўчыне.
- Што гэта? – Паглядаючы то на скрутак, то на Віталіка, запытала Аліна.
- Раскруці! Убачыш!  Чамусьці,  менавіта сёння, я вырашыў іх узяць з сабой, як ведаў, што дзесьці цябе сустрэну. Дзіўна! Праўда? Але ж сустрэў?
  Аліна, як гармату, раскручвала паперу. Там аказаліся яе лісты да Віталіка.
- Ты вырашыў прывезці мне маю пісаніну? Дык, калі не патрэбна, трэба было выкінуць ці спаліць і не траціць дарэмна час. Каб я гэта ведала, то можа і я б твае лісты ўзяла з сабой. Але бачыш, я не такая прадбачлівая, як ты. Не ведала і не адчувала, што магу цябе сустрэць.
Не паспела Аліна дагаварыць, як перад яе вачамі прамільгнуў канверт са знаёмым почыркам. Гэты почырк яна пазнала б сярод мільёнаў. Канверт быў падпісаны яе сяброўкай, суседкай па кватэры і аднагрупніцай, Верай.
Аліна моўчкі дастала ліст з канверта і пачала чытаць. Твар яе сумнеў, бровы то збягаліся, то разбягаліся. Сэрца дзяўчыны гатова было выскачыць з грудзей. Але, Аліна, трымала сябе ў руках. Чытала і не магла паверыць, што такое магчыма.
Вера пісала Віталіку пра яе, Аліну. Быццам бы Аліна падманвае  Віталіка. Піша яму адно, а на самай справе ў яе ёсць жаніх, за якога яна пасля педвучылішча збіраецца выйсці замуж. І гэты жаніх -  трэнер па валейболу Валодзя Мядзведзеў. Валодзю яна ведала. Яны пазнаёміліся на імянінах у спартыўнай сям’і Канцавых, старэйшы сын якіх вучыўся ў тым класе, дзе праходзіла практыку Аліна. Бацькам Канцавым іх маладая настаўніца-практыкантка вельмі падабалася, можа таму яны вельмі хацелі,  пазнаёміць яе з іх пляменнікам Валодзем. Валодзя ўвесь вечар то размаўляў з ёй, то запрашаў на танцы. А ў канцы вечарыны гаспадыня Валянціна Канцавая даручыла Валодзі правесці Аліну дадому.  Правёўшы дзяўчыну, Мядзведзеў спрабаваў напрасіцца на наступнае спатканне, але Аліна не згадзілася, спаслаўшыся на занятасць і падрыхтоўку да дзяржаўных экзаменаў. На гэтым іх, так называемыя, адносіны і скончыліся. Пра імяніны ў Канцавых Аліна, канешне, расказала сяброўкам і пра праважатага Валодзю таксама, бо як не раскажаш, дзе так позна была. Ды і пані  Надзея заўжды турбавалася аб іх, дзяўчатах. Таму Аліна яе раней папярэдзіла, куды запрошана на вечар.
   Ліст быў не адзін, а некалькі. Але чытаць іх зараз у Аліны не было ніякага моцу і вытрымкі.
Дачытаўшы да канца гэты Верын ліст, Аліна павярнулася да Віталіка і запытала.
- Магу я гэта ўсё ўзяць з сабой?
- Можаш. – Уздыхнуўшы, адказаў Віталік.
Аліне хацелася спытацца ў хлопца, чаму ён адразу паверыў сяброўцы. Чаму не запытаўся ў яе, Аліны. Але абіда, як змяя, сціскала горла і не давала гаварыць. Боль і злосць спляліся ў клубок і заселі дзесьці пад грудзямі, у сонечным спляценні. Балела так, што аж мутнела ў вачах.
Больш размаўляць Аліне ні з кім не хацелася. Яна моўчкі ўтаропілася
ў акно аўтобуса і пазірала, як мільгаюць перад вачамі прыдарожныя елкі і сосны і думала, думала, думала...
Віталік пра нешта яшчэ гаварыў, але яго словы праляталі міма вушэй дзяўчыны, якая нічога не чула і не разумела. Думкі перабівалі адна адну. А пытанні, як асіны рой, блакавалі яе розум.
- Як? Як можна так махляваць? Ды хто? Найлепшая сяброўка!
І галоўным пытаннем было “чаму”, навошта ёй гэта патрэбна?
Але адказаць на гэтае пытанне магла толькі сама Вера. Таму Аліна моўчкі сунула канверты ў сумку, дастала куплены ў вакзальным кіёску свежы часопіс “ Праблемы міру і сацыялізму” і стала рабіць выгляд, што чытае.
Віталік ужо не бачыўся ёй такім адметным і прывабным. Калі ён верыць у плёткі, то ён такі, як усе.
- Каб мне пра яго так пісалі ці казалі, то я б паслала ўсіх іх, туды дзе ракі зімуюць. – Думала пра сябе Аліна.
- А ён слабак, нават не пацікавіўся, дзе праўда, а дзе хлусня.
Аліна наогул не любіла апраўдвацца, ці даказваць сваю невінаватасць. Гэта, як у юрыспрудэнцыі – кожны чалавек мае права на прызункцыю невінаватасці. А хто лічыць інакш, няхай сам гэта і даказвае.
    У Зэльве Віталік з Алінай развіталіся, як звычайныя знаёмыя, не высвятляючы адносін і нават не абняўшы адзін аднаго.  І развіталіся надоўга. Лёс распарадзіцца так, што яны яшчэ не раз будуць сустракацца ў жыцці, як проста сябры, бо гэта будуць зусім іншыя людзі. Ён, упэўнены, што яна яго прамяняла на іншага, а яна – параненая на ўсё жыццё здрадай сяброўкі і расчараваная ў сваім першым каханні.
  Выхадны дзень прабег хутка. Матуля смачна карміла, пыталася пра вучобу, пра практыку. Аліна штосьці адказвала, але без той радасці і натхнення, якія была раней.
- Ці не захварэла ты, дачушка?  - Дапытвалася маці, як быццам адчувала той боль, які засеў пад сэрцам ў дзяўчыны.
- Не, мамачка, усё добра. – Адказвала Аліна на пытанне маці і зноў заставалася адзін на адзін са сваімі думкамі. І тут яна ўспомніла сон.
- Не вер! Не вер ёй! – Пранесліся ў думках словы бабулі, якія Аліна пачула ў сне.
- Дык вось каго мела на ўвазе бабуля. А кажуць, што Бога і анёлаў няма. Яны ёсць. Дзесьці там, у паралельным міры, які мы бачыць не можам. Цяпер я гэта вельмі добра ведаю. Яны ўсё бачаць і хочуць пяпярэдзіць і абараніць, але мы не заўсёды разумеем іх знакі. – Ціхенька паўтарала сама сабе Аліна.
  У нядзелю Аліна вярталася ў свой любы Ваўкавыск. Калі Вера вернецца з дому, Аліна моўчкі пакладзе перад сяброўкай лісты, напісаныя яе рукой Віталіку. У той час Вера нават  не папросіць у яе прабачэння за хлусню, але шчыра і неяк з выклікам прызнаецца, што ёй было зайздросна, што Аліна мае столькі сяброў і, менавіта, хлопцаў. Вера іх бачыла, калі Аліна запрашала яе да бацькоў у сваю вёску. А ў яе, Веры, іх не было. Не было і такога Віталіка, які ўмеў пісаць такія ўсхваляваныя лісты і, галоўнае, вершы, якія дасылаў не раз Аліне.
   Пройдзе час, дзяўчаты раз’едуцца па сваіх месцах працы. Аліна атрымае размеркаванне ў горад Мінск і будзе вучыць сталічных дзяцей, сустрэне свайго каханага і выйдзе замуж. Віталік таксама ажэніцца і будзе працаваць на Радзіме. Вера папросіць прабачэння ў сяброўкі, але толькі тады, калі жыццё яе не складзецца. Яна выйдзе замуж, але муж яе пакіне і яна адна будзе гадаваць сваіх дзяўчат і так больш ніколі і не выйдзе замуж. Яна нават паспрабуе зноў сябраваць з Алінай, захоча прыязджаць у госці. Але Аліна, хоць і даруе ёй здраду, але так сябраваць, як раней, больш не захоча.
P. S.  Рассказ впервые опубликован в журнале " Полымя" № 10(октябрь) 2025г.


Рецензии