Пазаву i, можа, адзавецца...

***
Пазаву і, можа, адзавецца
І пагрэцца ў хату забяжыць
Беларусь, што мамаю здаецца
І з якою мне да скону жыць.

Жыць у сэрцы з роднай Беларуссю,
З лістападам шэрых яе дзён
І спяваць глухому захалусцю,
Адбіваць зямны яму паклон.

Палымнеюць тут каліны гронкі,
Нібы мама ў гарусцы стаіць...
Смак каліны выдаецца горкім,
Як магілкі мамінай граніт.

Забяжыць у хату, каб пагрэцца,
Каб са мной яшчэ пагаварыць...
Ці я мрою, ці то мне здаецца,
Што матуля пад акном стаіць?..

21. 11. 2025 г.

Гаруска – хустка, зробленая з гарусу, кручанай мяккай каляровай шарсцяной пражы. – Заўвага аўтара.


Рецензии