Беларусь
леанід ПРАНЧАК
Год за годам жыццё
Знікла ў сінюю золь незваротна.
Адшумеў карагод
Летніх дзён і зімовых начэй.
Мне з табой, Беларусь,
Не было аніколі самотна.
Мне з табой кожны дзень
Цешыў радасцю зрэнкі вачэй.
Родных вокнаў святло,
Шчырых слоў трапяткая замова,
Спелы восенькі сад
І сланечнік на ўскрайку грады
Сагравалі мой свет
Кожны раз зноў і зноў, як нанова.
Я хацеў, колькі жыў,
Быць з табою паўсюль і заўжды.
Маладосць і вясна прамільгнулі,
Як хмары над лесам.
Рэхам стаў у бары
Растрывожаных кнігавак хор.
Сэрца зраніла мне
Беларуская сумная песня
Невымоўнай тугой,
Дзе, як знічкі, жальба і дакор.
Золкі ранак расой
Абагрэў неабутыя ногі.
Вецер дзічкі страсаў
На іржышча суседзкай мяжы…
Беларусь, Беларусь,
Ты маіх спадзяванняў трывогі,
Ты пяшчота і сум
Закаханай і грэшнай душы.
Адлятаюць буслы,
Чэзне дзень у знямелым сутонні.
Застаюся адзін
Я паміж апусцелых палёў.
І цярушыцца дождж
На мае збранзавелыя скроні.
Вось і ўсё...
Беларусь!
Ты апошняя ў сэрцы любоў!
11.11.2024
11.11.2025
Свидетельство о публикации №125111103584