Заминки прарастаюць плёнам

Шапчуся з хвалямі рачнымі,
Пра шлях спяваюць, пра былы, нялёгкі.
Чубамі мільгацяць сівымі,
Падзяку шлюць за шыр і за вытокі.

За моц струменя, яго крылы –
Абагаціў ручай вялікай сілай.
Па лузе шоўкаваю плынню
Плыве   цяпер раскошна і імкліва.

Прайшла праз скалы, між каменняў,
Парогі размывала і драбіла.
Моц чэрпала з глыбінь карэнняў,
Перамагла, мацнела з кожнай бітвай.

Цяпер гляджу ў яе люстэрку,
Тану ў празрыстай глыбіні цячэння.
У будучынь з надзеяй веру...
Жыццё бурліць, выводзіць з сутарэння.

Узбагачае свет духоўны,
Мудрэйшаю выходжу з лабірынта.
Мой шлях на рэчышча падобны,
Мацнее з кожным крокам роду нітка.

Кіруюцца адным законам
Жыццёвыя і водныя цячэнні.
Замінкі прарастаюць плёнам,
Спяшаем, мчым, гукаюць перамены.

Выпрабаванні ўспамінаю з верай,
Яны настаўнік, памагаюць стаць нам
Самім сабой, той зоркаю сусвета,
Запаленай рукою Божай тайнай.


Рецензии