БЕЗ ЦЯБЕ, МАЯ МАМА...
леанід ПРАНЧАК
Жоўты крыж пад чаромхай счарнеў,
І вянкі на магіле завялі.
Не пачуць мне Ваш голас і спеў,
Вы сваё на зямлі адспявалі.
Горкі прысмак пякельнай жальбы.
У жалобе цяжэюць павекі.
Колькі песень сышло у нябыт,
Колькі казак забыта навекі!
Не пасеяна збожжа,
Не дагледжана хата
Без цябе, мая мама,
Без цябе, любы тата.
Дзень асенні самотны.
Буднем даўняе свята
Без цябе, мая мама.
Без цябе, любы тата.
Доўгі шлях і пакутніцкі лёс.
Час, на жаль, не прыносіць палёгкі.
Адыходзяць дзяды і з нябёс
Асыпаюцца сумныя зоркі.
Хто далей па жыцці панясе
Песень матчыных голас світальны?
Буслам згорбіўся боль на страсе
І стаіць, нібы знак запытальны.
Не пасеяна збожжа,
Не дагледжана хата
Без цябе, мая мама,
Без цябе, любы тата.
Дзень асенні самотны.
Буднем даўняе свята
Без цябе, мая мама.
Без цябе, любы тата.
02.11.2024
02.11.2025
Свидетельство о публикации №125110208060