Туманная пустка

Выла бура, гуло наваколле,
Ад усходу да захаду хмары віселі.
Гар, бы тлела ў паветры вуголле...
Павуцінне са спрытам штодзень рвалі мыслі.

Пасля буры прысела зацішша...
Бы гучанне валынкі – туманныя пусткі
Плечы давяць, здаецца ўсё нішчаць...
Адбіраюць надзеі жалобныя гукі.

Толькі час не згубіўся – наперад
Крочыць мудра, садзяцца паціху туманы.
Далягляд замігаў, кліча бераг
Паўнаводнай ракі, што залечыць мне раны.

Прарастаюць рамонкі, валошкі...
Непрыкметна дажджамі вятры з чарназёма
Зацярушваюць пустку патрошку,
Чабару пах радзіўся ў паветры знаёмы.


Рецензии