Мяккi кастрычнiк. Вецер пауднёвы...

***
                                         Жывапісцу-рэалісту
                                         Ігару Антонавічу Бархаткову

Мяккі кастрычнік. Вецер паўднёвы.
Цёмна-зялёны ў градзе сельдэрэй.
Жоўтыя белых бярозак галовы.
Рэдкія крокі знаёмых людзей.

Толькі чарэшні ўжо скінулі лодкі
Вохрана-ржавых падоўжных лістоў.
Мяккі кастрычнік. І дзень мой кароткі.
Верш з папярэчных сустрэчных мне слоў.

Вецер паўднёвы. Мяккі кастрычнік.
Горкай каліны пад вокнамі куст
Хату маю сцеражэ, пагранічнік.
Чырвань яго мне заўсёды пад густ.

Мяккі кастрычнік. Вецер паўднёвы.
Можна капусту яшчэ й не зразаць.
Ціха складаю ля лазні я дровы,
Некалі пафасных слоў мне шукаць.

24. 10. 2025 г.


Рецензии