Каменне таксама пускае карэнне

Каменне таксама пускае карэнне,
Калі пакрываецца пылам стагоддзяў.
Каменне да часу патрэбнага дрэмле --
Пасля -- прачынаецца ў дужым народзе.

У вытрымцы гэтай жыве наша мова.
Яна размаўляе штоноч з камянямі.
Яны -- яе вера, надзея, ахова,
Якую на дзіды дзяды не менялі.

Сягоння сустрэў я на полі той камень,
што заўтра народ мой да веры пакліча.
З ім разам Айчына прыгожаю стане,
Яна да нябёсаў узнімецца знічам.

Зайграюць на небе Айчыны карэнні,
Якія паволі ў зямлі прарасталі.
Мы ўстанем і слова забытае вернем
І край свой асвецім начнымі кастрамі.


Рецензии