ТУГА

ТУГА ПА БЕЛАРУСІ
леанід ПРАНЧАК

Балада

Турботны лёс і час.
Расстанне – вырак долі.
Успомняцца не раз
Буслы на жніўным полі.

На выгане раўчук,
Што выплаканы хмарай,
Дзе я, малы хлапчук,
Пра вандраванні марыў.

Быў выган, як Сусвет,
Падперазаны сцежкай.
Нязведаны сакрэт
Пад кожнаю купешкай.

Там каня просіць піць.
А, можа, адпрасіла.
І вецер там шуміць
Цяпер з інакшай сілай.

Той шум у сон плыве.
У сне ж усё магчыма,
Там без мяне жыве
Забытая радзіма.

У квецені вясны,
Нязменная у часе,
Адкуль мой шлях зямны
У белы свет пачаўся.

***
Хаваю, нібы скарб
Драбніцы уяўлення,
Прыгадваць зрэдку каб,
Як смагі наталенне:

Парог у хаце, дзе
Не раз я нос расквасіў.
Сланечнік на градзе,
Бурак у церпкім квасе.

Антонавак святло,
Калі лісцё апала.
Гусінае крыло,
Што файна падмятала

Чарон, дзе пірагі
Пякліся адмыслова.
І цэркаў, дзе Багі
Маё пачулі слова,

Калі маліўся я
На ранку у нядзелю
За маму, за каня,
За яблыню каштэлю.

***

Люблю свой скарб нясці.
Ніколькі ён не цяжкі.
У думках па жыцці
Глытком салодкай бражкі,

Што кубкам зачарпнуў,
Калі ніхто не бачыў,
І ўпотайкі глынуў
І аж… Варшаву ўбачыў.

Так захмялеў. Бо мне
Было гадоў дванаццаць.
Узгадваю, бы ў сне
Маленства і юнацтва.

Бо што тады ўсмактаў
Я з малаком патрохі,
Той век і час мне стаў
Імгненнямі эпохі.

***
Успомню ці прысню
Альбо праеду міма.
Забытую радню,
Што дзесьці, як радзіма,

Згубілася…
І знік
Крыві адвечны покліч,
Як з Кавалёў цягнік,
Што з Пранчакамі побач.

Забыў, нібы прапіў.
Але, дальбог, не страціў
Той край, што змалку быў
Мне родным, нібы маці.

Туды я не прыйду
І не вярнуся болей.
Забуду, як бяду.
Пазбудуся, як болю,

Каб неяк далей жыць.
Зацяты і цвярозы.
Каб час ад часу сніць
Мне Ваневы бярозы

І зруйнаваны пляц,
І на сумежку верас…
Бо засціць вочы плач
Па тым, чаго не вернеш.

Расстання даўкі смак.
Пайду, не азірнуся.
Нішто не светла, як
Туга па Беларусі!

31.08.2023
23.10.2025


Рецензии