Святлеюць на узгорку асiны на золку...
Святлеюць на ўзгорку асіны на золку,
Нібыта душа пасля ночы бяссоннай.
Ў імкненні да славы – ніякага толку.
Імкніся ў глыбіні душы ты бяздоннай.
І шэрань святлее на даху на золку,
Нібыта бяссонныя думкі начныя.
Так ноч праяўляе сваю фотаплёнку,
Знікаюць так чорныя думкі пустыя.
Жаўцее на вішні ашэрхлае лісце.
Бялеюць ствалы акварэльных бярозак.
Знаходзіць душа у паэзіі выйсце,
Знаходзяць і вершы ў душы адгалосак.
Ў імкненні да славы – ніякага толку.
Ў імкненні да сэрцаў шукаюць прызнанне.
Святлеюць нябёсы над лесам на ўзгорку,
І золак душы пераходзіць у ранне.
20. 10. 2025 г.
Свидетельство о публикации №125102001682