Балада пра сына

БАЛАДА ПРА СЫНА
леанід ПРАНЧАК

У наш завейны кут
Спазняецца вясна.
Каханая мая,
Ты ўсё, што сэрцу трэба.
Навокал тлум i шум.
Гармiдар i мана.
А па-над хатай снег
I хмары засцяць неба.

Тэлефануе сын,
Цікавіцца, як мы?
Ну, што яму сказаць:
Зусім пра нас забыўся.
Нам сумна без яго
Адным сярод зімы,
А ён, відаць па ўсім,
Зусім ад рук адбіўся.

Сынок мой, сыночак, сынок,
Ты парастак міласці божай.
Гукаю цябе я здалёк
Дадому з імжы бездарожнай.
Сынок мой, сыночак, сынок,
Са светам маё спалучэнне.
Ты голас мой, слых мой і зрок,
Другое маё нараджэнне.

Жыццё сурова рве
Любві маёй ніты.
Расходзяцца шляхі,
Як хмурыя аблокі.
І той, хто быў дасюль
Вялікі і святы,
Цяпер зусім чужы,
Халодны і далёкі.

Змiруся i скажу:
Такая вось юдоль.
Спустошана душа
Ад высілкаў і чараў.
Каханая, прашу,
Вазьмі мой вечны боль,
А я вазьму твой сум –
Астаткі нашых мараў.

Сынок мой, сыночак, сынок,
Ты парастак міласці божай.
Гукаю цябе я здалёк
Дадому з імжы бездарожнай.
Сынок мой, сыночак, сынок,
Са светам маё спалучэнне.
Ты голас мой, слых мой і зрок,
Другое маё нараджэнне.

17.10.2023
17.10.2025


Рецензии