Са свайго нататнiку. Яшчэ чэрвеньскае

1. «Усё той жа Дракар»

Прывідным подыхам вайны і нам віхры пашкамутала.
Я – пра Айчынную кажу, а не ганебны рускі гвалт.
Калісьці Герцэна званы калолі ў вышчэры Вандала.
І крыважэрнага Ханжу яшчэ не плюшчыў дзёрзкі балт.
Шкада. Загінуўшых шкада. Натоўп бязглуздых патрыётаў
Ізноў капрыз Правадыра прымае за нябёсны дар.
Ідэй мільгае чахарда. Пляскоча шэраг дзіўных плётак.
За карак Чорная Дзюра на бойню цягне той Дракар.

29.05.2025
PS:
Не казаць, што наўмысна, але перадражніў сваё былое

На плошчу апускаецца рука.
Выхоплiвае раптам небараку
З натоўпу. Цягне «грэку» на Дракар.
I адпускае, быццам бы знарок(ам).

За нейкi час i дурань верне зрок.
Асаннай над расхiстанай зязюлей
Узьведзен крыж, цi ўзводзiцца курок.
I коцiцца вар’яцкае вясел(ь)ле.

I што народ?! – блазнэрыцца ён змоўч.
З вачыма, прагнымi да цудаў i вiдовiшч.
Нiкому зь iх не адрадзiцца зноў,
Бо не шкада iм Юдавай юдолi.
(Вiдовiшча i цуд, 31.08.2021)

2. «Рада Знаўцы»

Бульбу трэба есьці лыжкай.
Раз – у тыдзень. Нават – менш.
З дыхавіцай і адрыжкай
Праз дыету стане лепш.
Постаць, вабная фігура
Хутка вернуцца да вас.
І ніякія віхуры
Не азмрочаць скуры бляск.
Ёсьць таму зайздросны прыклад.
Годны распаўсюду мем.
Славай роўны я Перыклу,
Бо картоплю сціпла ем.

15.06.2025

3. «Аднаму кінааматару»

Усё жыццё – адзін падман.
І гвалт.
У Росі – на падсосе.
Ці на падсмоктванні якім?!
Ён сам – як Цмок.
Але ж – варожы. Свайму народу.
Чалавеку.
Вярзе брыдоту.
Плявузгае
Бязглузьдзіцу – амаль заўжды…

Яго – да д'ябла дабрыня.
Да скамароха – бацькавітасьць.
З якога кораня!?
Маньяк...
Да ўлады прагны, менавіта.

16.06.2025

4. «Штодзённыя дробязі. На брацкіх мовах»

Сямнаццатага. Травень. Амаль звычайны дзень.
Не свята. Не кірмаш. Пахмурнае надвор'е.
Пакуль што – без занадта гарэзьлівых падзей.
Без мэсэджаў якіх да Urbi ці да Orbi.
Хай нехта нарадзіўся, а хтосьці і памёр.
І нават лік па іх – на тысячы-мільёны.
Звычайны. Безаблічны… Калі б я быў грымёр,
Крыху б падфарбаваў відос, або малюнак.
А ўчора ззяла сонца. І здарыўся пажар.
Завулкам, за вуглом. Відовішча, як быццам.
По правді, я такого, звичайно, не бажав.
И жду, когда дадут Горячую –
подмыться.

17.06.2025
PS:
Ой! Наблытаў (наплутав)... Оговорился. Вже червень (ці – Чэрвень)

5. «Трыццатае. Чэрвень. 2025»

Сёння чэрвень нарэшце сканае.
Напалову скароціцца год.
Як у вас з адчуваннем, панове?!
Да надвор'я, да пэўных няўзгод.
Чвэрць стагодзя амаль за плячыма.
Зноўку, быццам, шалее Сусьвет.
Што далей?! Хірасіма, магчыма!?
Калі-юга? – Па шчырасьці Вед.
Хай адбудзецца – бо заслужылі.
Абыякавасьць – горш за чуму.
Пры любым непарушным рэжыме.
Не пытайся пра гэта –
Чаму!?

30.06.2025


Рецензии