Дыктатарам на усё жыццё...
Дыктатарам на ўсё жыццё
Абраны быў калісьці Цэзар,
Хоць на паўгода, як знаццё,
Павінен быў, але прырэзаў
Спачатку больш, як дзевяць год,
А на другі раз – пажыццёва.
Цярпеў яго – яго народ,
Лацінская цярпела мова…
Прысніўся жонцы неяк сон,
Каб у Сенат не сунуў носа.
Што жонка? Ўзяў ён парасон,
Бо й дожджык не супыніць боса.
Сандаліі свае абуў.
Не пойдзе ж у Сенат, мо, босы?
Сабачку носцыкам ён пнуў
І з хаты – вон. А жонка ў слёзы!
І што? Зарэзалі яго...
Але ж затое – на пасадзе.
Навошта ж ён пайшоў? Чаго?
Каб быць усё жыццё пры ўладзе!
І нават пазашлюбны сын
Кінжал уткнуў у цела бацькі...
Як хто, а я дык веру ў сны,
Бо сны прарочыя – не цацкі!
Так, перайшоўшы Рубікон,
Няма ўжо ў Галію вяртання...
Дык вешчы ж сон не праваронь,
Калі прысніцца ён пад ранне.
Вось мне прыснілася: грыбоў
Няма зусім у нашым лесе.
Дык напішу лепш пра любоў
Я вершык нейкай паэтэсе...
06. 10. 2025 г.
Свидетельство о публикации №125100602653