Жыццёвы колас
Спярша зялёны, зухаваты.
Вакол рамонкі, васількі,
Нібыта хлопцы ды дзяўчаты.
Вось набрыняе ад расы,
П’ючы зямелькі прагна сокі.
Сябры з ім побач – каласы
Стаяць, што частакол высокі.
Ды пажаўцее пакрысе
Пад сонцам, дожджыкам паліты
І натапырыць вусы ўсе,
Бы мажны дзядзька дамавіты.
А вецер восеньскі затым
Злупцуе, быццам паганяты.
Нажытым скарбам залатым
На дол пасыплюцца зярняты…
Калі ж вясной растане снег,
Адродзіць жыта год ад году –
Так чалавек прадоўжыць век,
Паводле аднаўлення роду.
Свидетельство о публикации №125093004033