Чароуны Пiнск, дзе Пiна й Прыпяць...
Чароўны Пінск, дзе Піна й Прыпяць
Зліваюцца ў адну ваду,
Дзе белых ліп духмяны кіпень...
Ў цяльняшцы малады іду
І ем марожанае ў вафлях –
Смачнейшага не еў нідзе!
Там цветам ліпавым прапахлі
Ад ліп і цені на вадзе.
Там над касцёлам Ўнебаўзяцця
Марыі – неба, нібы рай!
Там будзе вечна красавацца
Палескі неўміручы край!
Аповесці часоў мінулых
Ужо узгадваюць Пінеск,
А ў яго вулачках прачулых
Хрыстос, здаецца, уваскрэс.
Чароўны Пінск, дзе дух свабоды
Не знік і ў нашыя часы,
Дзе коцяць Піна й Прыпяць воды
Сярод палескае красы.
22. 09. 25 г.
Свидетельство о публикации №125092202875