Я прыеду да роднае хатк

Я прыеду да роднае хаткі
Покуль ногі ходзяць па свеце
Тут маленства маё, мае згадкі —
Тая любасць, што поўніць мне сэрца.
Зазірну ў старэнькі наш сад,
Дзе вяроўкай пакручана голле,
Ён сягоння сустрэць мяне рад
Чыстым светам красы ў наваколлі.
Тут люляла юнацтва зара,
І каханнем так пахла чаромха,
А Сусвет мне скідаў спакваля
Палатно, ўсё сатканае з зоркаў.
Тут бацькі пасадзілі агрэст,
Завушніцы збіралі з парэчак,
Млеў на сонцы малінавы лес,
Хлебным духам цягнула ад печы.
Засталіся  ў садзе сляды,
І мае вечаровыя сцежкі,
Смак студзёнай крыштальнай вады,
І лагода бацькоўскай усмешкі.
 Салавейка спяваў у вішнягу
Пра ўспамін, што пакінуў адбітак.
Пра духмяны стажок з мурагу,
І мной першы напісаны сшытак. 
Круціць час нашых дзён карусель,
Хутка вёсны імчаць у прасторы,
Чалавек нібы той муравей,
Усё клапоціцца ў радасці, ў горы.
Я складаю імгненні ў альбом,
У схарон сваёй памяці годна,
У родным куце мы сілу бяром,
Бо было тут усё непаўторна.
© Copyright:  # Ганна Якубоўская


Рецензии