Фальцэт

ФАЛЬЦЭТ
леанід ПРАНЧАК

На рыштаваннях хісткага Сусвету
Шукаю сэнс жыцця не ўпершыню.
І ў тым няма ніякага сакрэту:
Люблю людзей і веру ў дабрыню.

Усё, як след.
Хоць і не ўсё ўдаецца,
Ды не аб тым турбуюся спярша,
Яснеюць вочы і цішэе сэрца,
Калі пяшчотай поўніцца душа.

Душа мой сорам і маё сумленне,
Па сутнасці, яна – усё , што я
Пражыў за век, нібыта за імгненне,
Кароткага зямнога жыція.

Увесь мой свет, усе мае жаданні,
Мелодыі і песні да адной.
Адчайная мальба аб ратаванні,
Начэй і дзён адвечны неспакой.

Душа – дыханне Бога ў тленным целе,
Святло любові, роспачы вуглі.
Забраць хацелі і купіць хацелі
Цябе ў мяне дзялкі і куркулі.

Я не прадаў!
Не за якія грошы.
Я не прадаў,
Хоць быў бы рад рублю.
Душа мая – любоў, а не любошчы.
Я сам жыву датуль, пакуль люблю!

Не раз, не два ў маім жыцці бывала,
Калі зрываўся голас на фальцэт.
Я замаўкаў, а музыка гучала
І нішчыла мае сумненні ўшчэнт.

Бездапаможны прад вар’яцкім светам,
Я нават не здагадваўся аб тым,
Што ў момант той прыглушаным фальцэтам
Душа спявала голасам маім.

27.08.2024
12.09.2025


Рецензии