Чужаземка

18+
ЧУЖАЗЕМКА
леанід ПРАНЧАК

Чорна-белая паэма

Ад Аўтара

Усе супадзенні выпадковыя.
Словы, якія камусьці пададуцца незразумелымі:
Суахілі (Kiswahili)  – адна з найбольш значных моў Афрыканскага кантыненту. 
Манарда – садовы бергамот.
Дадома (суахілі і англ. Dodoma) – горад, сталіца Танзаніі.
Банту – карэннае насельніцтва большасці краін Цэнтральнай, Усходняй і Паўднёвай Афрыкі.

1.
Паставаю і выглядам паненка.
Ты дзіва з дзіваў: афрыканскі цуд.
Хоць пра цябе гавораць чужаземка,
Пры ўсім пры тым, народжана ты – тут.

Прыгожая – да сэрца замірання,
Танюткіх дрэдаў смолкі-валасы.
Ты чорная, як ноч перад світаннем.
Цудоўная, нібы крышталь расы.

Страйней ты, чым у Налібоках сосны.
Пяшчотней ты, чым ляхавіцкі лён.
Табою трызніць – смутак невыносны.
Кахаць цябе – мой нерэальны сон.

Твая краса падобна брыліянту.
Чароўная Манарда-бергамот.
Матуля беларуска, бацька – банту.
А ты дзіця любові і прыгод.

2.

Я пакахаў цябе за суахілі,
Хоць я па-суахілі ні бум-бум.
Сугучча далікатнасці і сілы,
Таемнасць слоў,
Нібыта мора шум.

Мелодыка нязвыклага гучання,
Такі няўлоўны вуху мілы гук.
Вачэй вірлівых хмурнае світанне,
Пакора вуснаў і нервовасць рук.

О, суахілі!
Шэпат, як замова.
Спякота неба,
Водгулле грамоў...
Чужая і няведамая мова –
Мая неверагодная любоў!

Маўленне словаў музыкай чаруе,
Журбу маю спустошвае пад нуль.
Бы вуснамі, яна мяне цалуе
Пранонсам нечуваным мной дасюль.

3.

Гартанных гукаў рытміка жывая.
Пустыні суш,
Перэпалах вады...
Твой кожны гук трапеча і спявае
На ўсе яму вядомыя лады.

О, суахілі, ты мне мова раю!
Тваю танальнасць і адметны зык
Хачу спасцігнуць, ды не спасцігаю.
Хачу сказаць ды ўпарціцца язык.

Любая мова пульс жывога сэрца.
Табе твая, а мне, даў Бог, мая.
Як нам з табой цяпер паразумецца.
Шукаю выйсце, апантаны, я.

Па ўласнай волі патанаю ў прорве
Пяшчотных гукаў, дзе нязнаны сэнс,
У кожнай фразе, кожным новым слове,
Якія мне цямней за цёмны лес.

4.

Па вуснах і вачах я разумею
Усё, што ты гаворыш.
Да драбніц.
Бянтэжуся знячэўку і нямею,
Ад зведаных уночы таямніц.

Ты – мова жарсці і судакранання
Дрыготкіх веек, сцішаных на міг...
Бракуе слоў.
Ды родніць нас маўчанне
Гучнейшае за самы моцны крык!

На млечным шляху  – зоркі-аксаміткі.
Я п’ю нагбом чужынскіх словаў мёд.
Падкоркай адчуваю ўвачавідкі,
Як плавіцца вачэй сцюдзёных лёд.

Спакуса цела, мрояў асалода.
Ад дотыку да пальцаў токам б’е.
Нібы дарунак, дзіўная нагода
Спазнаць інакшы свет цераз цябе.

5.

Тутэйшая, а ўсё-ткі чужаземка.
Жаданых вуснаў горкі шакалад.
У сэрцы ты маім, нібыта стрэмка,
Зялёных зрэнкаў казачны смарагд.

Як кава з каньяком, – тваё дыханне.
Балючым словам слых мой не парань.
Ціхмяная ты ўдзень, а вось пад ранне
Ты – дзікая бярэзінская лань.

Мяне твая хвалюе нетутэйшасць,
Слановай косці зграбны бранзалет.
Наіўны нораў ласкай сэрца цешыць
І ўшчэнт руйнуе мой прывычны свет.

Па лініі зямлі і небакраю
Плыве туман дрыготкі, нібы цюль.
Трапеча сэрца: я цябе кахаю,
Ды як сказаць не ведаю пакуль.

6.

Цябе я спазнаю праз суахілі,
Твая гаворка мне цяпер мая!
У зычных гуках тонкі пах ванілі.
Дадома, як дадому, чую я.

Калі б ты знала, як жа гэта файна.
Жыццё падчас забаўней, чым кіно.
На суахілі пішацца звычайна,
Як чуецца.
Тут правіла адно

У нашых мовах сцішаных і розных.
Па-беларуску гэтак з даўніх пор.
Твой голас для мяне гучыць, як родны.
Я чую ў ім спагаду і дакор.

Дадому – я.
Ты ж марыш пра Дадома,
Што быў дасюль хіба што мройным сном.
Ты не была ніколі там, ты – дома.
У Менску быў дасюль твой родны дом.

7.

Абставіны – гаркота развітання.
Калі здалося ўсё ішло на лад,
Цябе Дадома кліча на спатканне.
Мяне дадому кліча белы сад.

Чаго прыціхла,
Склаўшы рукі-крыллі?
Разбаў усмешкай лёсу горкі міт
На недасяжнай звязкам суахілі,
На мове, што чарней за антрацыт.

Яна мая любімая ад сёння
Пасля вось гэтай, верш якой пішу.
Тваіх вачэй дрымотнае прадонне
На жаль, я вершам не разварушу.

З табою быць мне аніколі болей.
Між намі прымхаў цені, як мяжа.
Баліць расстане невыносным болем,
Бо ты была мне – родная душа.

8.

Манардаў водар – церпкі і жаданы,
Цытрынаў ноты ў выпітым віне.
Смяешся ты, а я расчараваны,
Што ты з’язджаеш сёння ад мяне.

Цалую рук напружаныя вены.
Кранаю сцятых вуснаў немату.
Ніжэе неба люстрам іпакрэны,
І шорсткі вецер чэзне на ляту.

Зямля з-пад ног ад нечаканай страты...
Зіма ў душы, на сэрцы ледастаў.
Прабач, калі я ў нечым вінаваты,
Даруй, калі надзей не апраўдаў.

З адценнем мяты словы суахілі.
Запомню я адчайны голас твой,
Як песні банту на старым вініле,
Што мы калісьці слухалі з табой.

9.

Святло і цень,
Гарачнасць і паныласць.
Схіляю долу сумнае чало.
Прашу цябе, змяні свой гнеў на міласць,
Мне так з табою хораша было.

Цябе не прыручыць і не ўлагодзіць.
Нянаскі нораў, полымя вачэй.
Ды за агонь, калі пра тое ходзіць,
Ты ў сто разоў, напэўна, гарачэй.

Запомняць вусны, не забудуць пальцы
Хвіліны, што не зналі мітульгі.
Астыне жарсць, як кава ў філіжанцы.
Пярсцёнак блісне золатам тугі.

Сумую без цябе па суахілі.
Пахучы мускус чую праз паркаль...
Гарчыць вастрэй, чым едкі перац чылі,
Той чорна-белы развітальны жаль.

04-06.09.2025
в.Пранчакі


Рецензии