***

НА ДУШУ ПАДАЎ ЖНІВЕНЬ

На душу падаў жнівень
Пажаўцелым лістом,
Песціў хлебную ніву
І цяплом, і святлом.

Над іржышчам санлівым
Дымкі светлая плынь.
Суцяшай мяне, жнівень,
Бо п’ю церпкі палын.

У дрымотны твой ранак
Захінуцца, дазволь,
Загаі мае раны,
Смутак горкі спатоль.

Горыч вострая згіне –
Сонцам грэюцца дні.
Каля плота вяргіні
У пунсовым агні.

Зёлак подых духмяны,
Мёду добры запас,
Яблык чысты, крамяны…
Свята светлае – Спас.

На душу ляжа жнівень
Пажаўцелым лістком,
Лёгкім сумам маўкліва
Ахіне ўсё кругом.


Рецензии