Падзьмула ветрам восень над страхой...

Падзьмула ветрам... восень над страхой
Наваражыла чараду лістоты
І вільгаць адчуваецца нагой,
Што трапна паглынае лужы ботам.

Асіпла недаспелая вясна,
Гукаўшы лета голас надарвала,
А лета не з'явілась да відна,
Бо поначы надзейна заблукала.

У тых краёх яшчэ жывыя дні
І золь не золь, а проста прахалода;
А ў нас ужо пастылі камяні,
Прамокла ноч і на душы гаркота.

Прамоклы дзень ірвецца у пакой,
Штурмуе вокны вецер ганарлівы,
Не ўпершыню змагаецца са мной
І з рук маіх прабуе вырваць ліру.

Ды марна ўсё, яе я не аддам!
Нягеглая ды вартая чагосьці...
Магчыма колісь разламаю сам,
Ва ўсякім разе, вырашаць не госцю!

Навошта ты спрачаешся са мной?
У спрэчцы голас твой такі зласлівы...
І ветру надакучыў гэты бой,
І ён пачаў зрываць у садзе слівы.

Няўрымсліва, раз'юшана лупіў,
Старую сліву збіў на горкі яблык,
А потым і наогул паваліў
І неўзабаве нечакана змякнуў...

Паціхла ўсё акром залевы злой.
Ні рыпу не чутно, ні галашэння...
Паела золь парэшткі суцяшэння,
Якія йшчэ туліліся за мной...


Рецензии