***

    ВОСЕНЬ
Крочыць цiха восень.
Белыя аблокi.
Гойдае вятрыска
У вадзе асокi.
Павуцiнне лашчыць
I плыве бясконца,
Нiбы хусткай мацi
Маша у ваконца.
Абмiнае травы
Досвiтак расою,
Крые туманамі,
Дожджыкам-слязою.
I смуткуе поле,
I лясок на ўзгорку,
І нябачна ў небе
Цёмнай ночкай зорку.
I апошняй кропляй
Журавы у вырай...
Цi слязамi мокну,
Цi спагадай шчырай

    Зіма
Зiма скавала рэчак бег,
Змяніла выгляд наваколля.
Ляжыць на дрэвах белы снег,
Схіліў да долу нізка голле.
Бяжыць сцяжынкi ланцужок,
Бяжыць, пятляе дзiўным следам,
I хаткай казачнай стажок
Ад халадоў накрыты пледам.
I наваколля хараство
Зноў вабiць сэрца цiшынёю.
Дзяцiнства быццам не прайшло,
А дзесьцi тут, i зноў з табою!

ТУЛIЦЦА СЭРЦА...
Тулiцца сэрца да родных вытокаў,
Хоча быць разам i ўвесну, i ўзімку.
Дзе б нi хадзiў, як нi лётаў высока, –
Тут мне гавораць бацькоўскае сынку!
Тут, дзе дняпроўскiя бачу разлiвы,
Дзе хлапчукамi на конях скакалi,
Роднае мовы гучаць пералiвы
Ды ахiнаюць нябачныя хвалi.
Здарыцца, доўга бываю ў дарозе,
Збочу, каб дух нейкi час перавесцi,
I распачну – у паэзiі, прозе
Вестачку краю далёкаму несцi.
Тулiцца сэрца – бо родная мацi
Колісьцi клiкала тут на вячэру.
Тут пазнаваў я i гора, i шчасце,
І здабываў і Радзіму, і Веру!

СМУТАК
Родныя мясцiны бэзавага краю,
Лiпы паабапал велiчных садоў.
Тут хаджу з дзяцiнства, знiчкай дагараю
I святлом нязгасным палымнею зноў.
Вычарпае памяць, ды амаль да донца,
Рэчаiснасць тую бессанню начэй.
Будзяць успаміны, стукаюць ў ваконца
I глядзяць з усмешкай маччыных вачэй.
Колькi год мiнула, колькi зiм i вёсен!
Зарастаюць месцы зруйнаваных хат...
Памiж тых алешын i узнёслых сосен
Кожнаму спатканню я заўсёды рад.
Родныя мясцiны, вёсачкi, пагоркi,
Балацянкi, плёсы, рэчкi i лугi –
Успамiнам любым, успамiнам горкiм
Ты жывеш у сэрцы, край мой дарагi!

УСПАМIНЫ
Тут кожны крок абудзіць успаміны,   
Замшэлы камень – сведка тых часоў,  
Ды ў гушчары квітнеючай каліны   
Сустрэне май зноў спевам салаўёў.  

І год не шмат – ды толькі дзе былое,  
Дзе тых сяліб шчаслівыя званы,  
Дзе спадчына... – парослая травою,   
Ды зруйнаваных селішч каміны.   

Бягу туды – спатканне немагчыма,   
А кветак водар цешыць зноў і зноў.  
І дзесьці тут адчуеш, што Радзіма – 
У клекатанні велічных буслоў.  

І робіць памяць шмат разоў адвеку  
Свой таямнічы ачышчальны шлях.   
І будучыня ёсць у чалавека,  
Калі з мінулым крочыш  у  руках!  

Паэту
Няўтульна нам было ад слёз сваіх
І нематы, дзе трэба былі словы.
Мы пазіралі, быццам на чужых,
На тых, хто шлях закончыў свой жыццёвы...

Калі ж астыў падзей тых з часам жар,
Мы ўсе адчулі: як нам прыкра стала.
У гурце тым надзей яго і мар,
Ягоных вершаў так нам не хапала.

Зрабіўшы колісь той апошні крок,
Абставінам ды лёсу не пакорны,
Пакінуў ён нам спадчынай радок,
Што чалавечай велічнасцю ўзорны.

ЗЯМНОЕ ПРЫЦЯГНЕННЕ
Хто будзе жыць пасля, – ці зразумее,
Чаму той час так сэрцу дарагі?
І зімы тыя ў вёсцы, і завеі,
І сенажаці першыя стагі…

Дзяцінства з яго мілай калыханкай,
Дзе ў "госці к казцы" беглі ў край сяла,*
І дзень вясновы – з першаю маланкай, –
Усё, што тут Радзіма нам дала!

Калі я еду ў Буда-Кашалёва,
У горад той, што Рымам стаў для нас, 
Зноў успамінаю матчыны размовы
Пра родны кут, пра вёску і калгас.

Мы ў гэтых вёсках зноў сустрэч чакаем,
У гэтым Рыме, дзе будуем дом.
Да родных месц душою прырастаем
Свядомасцю сваёй і пачуццём!
 *У край сяла, бо тэлевізар быў толькі
  ў адной хаце на краю сяла

МАЦI-МАТУЛЯ
Маці-матуля, сонейка ўтульна
Постаць маю ахінае цяплом.
Зорачкі ззяюць, мне дасылаюць
Словы і думкі твае перад сном.

Родная мова, кожнае слова,
Нібы нябачны выток таямніц,
Зычыла шчасця, каб не прапасці
Ў гуле жыццёвых наўкол навальніц.

Вось і жыву я, гонар шаную,
Ды берагу дарагі запавет.
А як прысяду – зноў засумую,
Твой да грудзей прытуліўшы партрэт.

Хоць і даўно я ўжо пасталела,
Але ўсё тое ж малое дзіця,
Бо без матулі ўраз зразумела: 
Божа, як мала гадзін у жыцця!

60 ГОД
Я не ада боюсь, где мне вечно гореть,
И не вас, полосатые черти. –
Я оставить боюсь на земле лишь тире
Между датой рожденья и смерти!..
Е. Григоренко «Строю дом»
Зноў юбілей, і зноўку нечакана.
Гады апалі лісцем – жоўты дол.
Збіраю іх, журбой апанаваны,
Кладу, як колісь маці, у прыпол.
Былі гады дзяцінства, і, дарэчы,
Я памятаю ўсе з дзіцячых мар.
І як пры лямпе газавай, на печы,
Упершыню чытаў сястры буквар.
Пра ўсё казаць, тож колькі часу трэба.
Прайшло жыццё – не, мабыць, не зусім.
Яшчэ блакітам прывячае неба
І промнем лашчыць сонейка сваім.
Даруй, жыццё, калі быў не рахманы,
Калі на дробязь твой патраціў час.
Даруй, кажу ужо ушанаваны,
Кажу як ёсць, без крыўды і прыкрас.
Няўмольны час аднойчы абарвецца,
Гукне раз-пораз птушкай у бары.
А сёння – асалода поўніць сэрца,
Бо разам зноў са мной мае сябры.
Яны жадаюць шчасця – долю зычаць,
І калі што – гатовы падтрымаць.
Таму кажу: хай людзі час не лічаць,
А тых сяброў, што хочаш абдымаць!

Я СЭРЦАМ ПРЫРАСТАЮ ДА ЦЯБЕ…
В.М. Шымуку
Чытаю вершы Шымука,
Лічы, нататкі бацькі сыну.
Нясе мяне яго рака,
Хвалюе ўзнёсласць успамінаў.
Той хваляй нёманскай вады
Мяне ён вершам нібы лашчыць,
І дорыць мне цераз гады
Той запавет жыццёвы матчын.
Я п'ю ваду з яго крыніц,
З яго рачулак сілу маю
І, распластаўшы цела ніц,
Той край з ім разам абдымаю.
У полі тым, у той раллі,
Дзе ён знайшоў сваё натхненне,
Любоў адчуў я да зямлі –
З яго «высокім» пакаленнем.
Ёсць аб чым марыць, прыклад браць,
Яны, вайны мінулай дзеці,
Раслі, каб плечы распрамляць
Ў краіне, лепшай на планеце.
Да той дзяўчыны, што з Лявады,
У вершах кажа, як пяе
Свае цудоўныя рулады.
Таму ўва сне – і жыта зноў,
І за сялом сінеча лёну.
Ён ў родных вобразах знайшоў
Жыццё сваё і радасць плёну...
Над вёскай вечар кінуў змрок,
Але чагось недаставала,
Нібы пытаў мяне: «Сынок,
Што з краем любым сёння стала?!»

РЭХА МIНУЛАЙ ВЯСНЫ
Вясна яшчэ не будзіць салаўямі,
Бо да яе такі не блізкі шлях.
А ўсё, што адбылося паміж намі,
Прыходзіць зрэдку да мяне у снах.
Там зноў квітнее ліпа каля плота,
Змяніўшы бэза водар у садку.
Там кос тваіх даспелых пазалота
Зноў поўніць скарбам велічным руку.
Маё «жыццё» з тваім перагукнецца,
Бо на дваіх і радасць, і бяда.
Таму й хвалююць успаміны сэрца,
А вусны шэпчуць: «Як жа мне шкада!»

ВАСIЛЮ ТКАЧОВУ
Да Васіля спяшаўся сёння ў госці,
А цэлы тыдзень жыў, бадай, адным:
Як на паверх падняць старыя косці
І да сям'і вярнуцца ўсё ж жывым.
Бібліятэка – дом выпрабаванняў:
Паверх уніз і тры пад самы дах.
Паўзеш уверх, прасякнуты жаданнем
Там зноў адчуць паэзіі размах.
Вось і Васіль – «Жыццёвінкі» трымае.
Ён сёння будзе іх прэзентаваць.
Раскажа нешта – нешта прачытае,
Цяплом душы нас будзе саграваць!
Ну што й казаць – Васіль таленавіты!
Бо талент свой гадамі нажываў.
Ён знаў усіх з савецкай той эліты,
З кім сала еў, з кім чарку выпіваў.
«І вынік ёсць! – ён кажа з асалодай. –
Вунь кніжак колькі – можна не лічыць!»
Таму й прыйшлі, каб з гэтае нагоды
Табе, Васіль, падзяку аб’явіць!

ЯДНАННЕ ДУМАК
Сустрэч чаканне сэрца поўніць зноў,
Збярэ праз месяц нас бібліятэка,
Дзе ветлівыя позіркі сяброў,
Дзе чысціня у думках чалавека.
Збярэ жанчын – у кожнай розны лёс,
Ды як адна, густоўна ўсе адзеты.
Нібы галлё яны з сівых бяроз,
Што зелянее на пачатку лета.
Гляджу на іх – чужое мне жыццё,
І думкі – нібы ў полі разнатраў'е.
І што дае мне гэта набыццё,
Якое вершам я пяю і слаўлю?!
Мы з тых часоў – мы ўсе з эпохі той,
Што адышла, як лісце абляцела.
Дзе колісь звалі нас адной сям'ёй,
Дзе Ільічова лампачка гарэла...
Вось і прышлі сюды мы нездарма,
У гэты храм, што быў заўсёды з намі.
Дый месц бліжэй, бадай, ужо няма,
Што для душы мы выбіраем самі.
Чытаем вершы – шмат іх ёсць у нас,
Натхнёна песні дзён былых спяваем.
Тут, сярод кніг, спыніўся нібы час.
Ці, можа, думкі мы свае яднаем?..

ЖАРТОЎНАЕ
«Не там баліць, – казала сёння жонка,
На кашаль мой знаходзячы адказ. –
Ірвецца, любы, там, дзе вельмі тонка,
А ты, калі памераць, – ў самы раз.
Каб хто паклікаў – бег бы на сустрэчу,
Твар пагаліўшы – быў бы як жаніх!
З бібліятэкі хтось званіў, дарэчы,
Я разумею, пойдзеш зноў да іх?»
Ну, што тут скажаш? – Не, не знойдзеш слова.
Спрачацца з жонкай – марна траціць час.
А можа, кашаль мой і ёсць прадмова,
Каб вершы недзе зноў чытаць для вас?
«Пайду, – кажу. – Патрэбен, калі клічуць».
І жонка усміхнецца ўслед: "Чакай!..
Хай там табе жанчыны што і зычаць,
Ты толькі нас, паэт, не забывай!"

КАХАНАЙ
Зоркі табе у далоні
Класці я мушу ўначы.
Што пасівелыя скроні –
Так, ад сябе не ўцячы!
Час замаруджана крочыць,
Каб дакахаць я паспеў,
Гледзячы ў цёмныя вочы,
Чуючы любы напеў.
Дзякуй табе, маё шчасце!
Словы падзякі штодзень.
Буду ў далонь тваю класці
Сэрца пяшчотны прамень!

УСПАМIНЫ АБ М.А. БУТКЕВIЧУ
І кожны слёз саромеўся сваіх
І слоў апошніх, што былі так трэба.
Мы нібы адвярнуліся ад іх,
Ўтаропіўшыся позіркамі ў неба.
Калі ж падзей тых згас апошні жар,
Мы ўсе адчулі: прыкра неяк стала.
У гурце тым жыцця, падзей і мар
Ўжо вершаў нам яго недаставала.
Зрабіўшы колісь той апошні крок,
Застаўся ён для часу непакорны,
Калючы, непрыглажаны радок –
Той, чалавечай, мужнасцю узорны!

ДЗЕНЬ СВЯТОГА ВАЛЯНЦIНА
Зноў кажуць нам: не наша сёння свята,
Аргументуюць, калі ёсць прычына.
А я сваёй каханай буду рады
Аб пачуцці казаць, бо я – мужчына!
І ў гэты дзень, і ў той, што будзе заўтра, –
Кажу штодня адны і тыя словы:
"Калі мы разам, я шчаслівы – праўда,
А без цябе – нібы без роднай мовы!"

АБ ВЕРШАХ А. КАЦЮРГIНОЙ
1
Вершы твае трапяткія
Усе аб каханні, аб лёсе.
Словы у іх – як жывыя,
Зведаць і мне давялося.
А глыбіня ў іх такая –
Ажно па скуры мурашкі!
Хтосьці кагосьці кахае,
Ў небе шчаслівыя пташкі...
2
Дагарэць у тваіх руках
Тым апошнім, кахання, жарам!
І ляцець на птушыных крылах,
Потым к белым анёлам-хмарам!
І няхай той апошні грэх
Не адчыніць мне дзверцы рая!
Буду падаць, як белы снег,
Бо нішто мяне ўжо не ўтрымае!

СА СВЯТАМ 8 САКАВIКА!
Паважаныя паненкі!
Віншуем вас з вясновым Святам –
Жаночым днём! Ад нас, мужчын,
Жадаем розуму багата
І хараства яшчэ прытым!
Здароўя зычым не губляці,
Жыцця – бясконцы ланцужок.
Ды хай заўсёды будзе Маці
Напрыканцы усіх дарог!
Каб дзеткі вашы не хварэлі,
І грошы ў хаце каб былі,
Здаровы дух – ў здаровым целе,
Ды мірны ранак на зямлі!
Кахання вам пад гэтым небам!
Жытлу гасціннасці заўжды!
Каб быў ручнік заўсёды з хлебам,
А Вы - не зведалі бяды!

НА ВЕРШ СТАСI КАЦЮРГIНОЙ «ТЫ»
Ці вобраз твой, ці голас, што кранае
І напаўняе сэрца да краёў,
У раз які сюды мяне вяртае,
Каб слухаць тваю споведзь зноў і зноў!
Што я адчуў? У першы раз, дарэчы,
Пачуўшы голас твой, нібы напеў:
Я шмат губляў да гэтае сустрэчы,
І шмат знайшоў, калі цябе сустрэў.

ПЕСНI ВЁСКI МАЁЙ
Песні вёскі маёй – песні шчырага сэрца,
Дзе кукуюць зязюлі у цёмным бары,
Дзе з каханымі нам давялося сустрэцца,
Дый згубіцца на ўзлеску да самай зары.
Рушнікі-вышыванкі у песнях тых словы,
І мінулага нашага там верасы.
Ў іх вытокі маёй беларускае мовы,
Выцінанкі яе непаўторнай красы!
Край, пазнаўшы і радасць, і лютае гора,
Край мой любы і сэрцу такі дарагі.
Хай няма ў нас, як недзе, блакітнага мора,
Але ёсць незлічоныя рэк берагі.
Лён цвіце васільком, спее коласам поле, –
Вось дзе праўда мая, вось дзе мілы напеў!
Ціха шэпча вярба, долу звесіўшы голле,
І мы слухаем зноў роднай вёсачкі спеў!
***
НЕ ПЫТАЕЦЦА СЭРЦА
Не пытаецца сэрца, чаму я сумую,      
На пажоўклых лістах затрымаўшы пагляд.
Не пытаецца болей. З мінулага чую:    
Нехта кліча мяне з таго часу назад.

Шмат гадоў праляцела, лічыць не бяруся –
Слепаватыя вочы і космы як бель.         
Але думкамі ў роднаю хату звярнуся,   
Дзе матуля прадзе вечарамі кудзель.      

Дзе ў запечку малыя ляжаць парасяты,    
Ад марозу прытулак знайшоўшы не раз.    
А праз тыдзень цялятка, рахмана, цыбата,
Забаўляе, гарэза, і маці, і нас.         

Я на печцы ляжу і чытаю, чытаю.         
А ля печы хтось хрукае, або мычыць.   
Нібы ў казку далёкую зноў патрапляю,    
Дзе пры газавай лампе так хораша жыць.   

Не пытаецца сэрца, чаму вечарамі    
Задуменна гляджу я на восеньскі сад.
Затрапеча яно - не суцішыць рукамі,    
Бо няма ўжо той сцежкі і тых родных хат.   

КАЛІ НА СЭРЦЫ НЕПАКОЙ
Я раставіў бы кропкі i коскі,
Каб гаворка гучала пявуча,
I квiтнелi i вёсачкi, й вёскi,
I жыццё ў iх бурлiла кiпуча.
Каб былi, ды не толькi на карце,
Месцы тыя у роднай старонцы,
Ды туды завiтаць было варта,
Каб убачыць святло у ваконцы.
I па вулiцах кожную весну
Бегчы босым iмклiва, без стомы,
Каб i сэрцу ўнутры было цесна
Ад свядомасцi – хлопец вясковы.
Час ад часу збiраюся ў госцi.
Еду з жонкай да бацькi, да мацi.
Тут яны, за сялом на пагосце.
Трэба ж трохi магiлкi прыбрацi.
Бо травой зарастаюць сцяжынкi,
I сады ўсё на дровы пiлуюць.
Па памерлых спраўляем памiнкi,
А жывыя жывых як не чуюць.
Кожны з нас у сваёй шкарлупiне,
Агарожаны думак платамi.
Ды аднойчы сустрэнуцца плыні,
Будзем разам сядзець вечарамi.
Сабярэмся i бацька, i мацi
На лужку, ды паклiчам суседзяў...
Азiрнуся, ды некага звацi,
Разбрылiся, згубiлiся недзе.
Вось i ўспомнiш тады Зеляноўку,
Ды i Бушаўку ля Саланога.
На Лявадах пяць хат, цi надоўга,
Дажываюць гадочкi, нябогі.
Крочу полем, была тут дарога,
Паабапал дамы у радочак.
Мiнавала паўвека – нiкога...
Толькi кветак вясёлы вяночак.

ВЕРШАВАНАЯ СПРАВАЗДАЧА.
(Аб сустрэчы паэтаў-землякоў у Буда-Кашалёве ў 2016 годзе)
Бываў у Будзе шмат разоў,
Але вось так даўно не крочыў.
У яркай квецені дамоў,
У навізне гублялісь вочы.
Нібы якісь сусветны цуд
Адбыўся ў Будзе з той хвілінкі,
Як быў апошні раз я тут...
Усё прасцей – прайшлі Дажынкі.
І вабіў горад, як зірнуць,
Нас чысцінёй шырокіх вуліц.
Сказаць, што дрэнна тут жывуць,
Не скажаш – праўда будзе муліць.
Па запрашэнні лёс прывёў
Мяне сюды неспадзявана.
Сабраць паэтаў-землякоў
Рашылі ўлады нечакана.
Ды год такі быў на двары,
Названы гучна – Год культуры.
Вось і сабраліся сябры,
Не, не сябры, адны «натуры».
Чарняўскі, Зэкаў, іншых шмат,
Калі дакладней – дык шасцёра.
Прыняў гасцінна родны град
І нас, і нашага шафёра.
Тут кожны быў – велічыня,
Чарняўскі, Зэкаў – гэта ж зоркі!
І мы – у спісе тым імя,
У гэтых волатаў падпоркі.
Здзіўляла ўсё: і сам размах,
І адмысловая палаца,
Дзе дзеўчаня, як белы птах,
Нібы анёл, пяе і скача.
Вядучых прыкладнасць манер
І галасы, як роднай маці,
Табе траплялі за каўнер,
Аберуч сэрца каб трымаці!
«Нібыта ў казцы», – я казаў
Сядзеўшай побач ціха жонцы.
Той дух істоту напаўняў
Ды нёс цябе кудысь бясконца.
Сядзелі, ўтоіўшы свой дых,
Пляскалі ў ладкі вельмі шчыра,
Бо голас гучны, малады,
Зачараваў нібы паўміра!..
Чарняўскі важна гаварыў,
Перабіраў лісты рукамі.
Пяшчотай нібы, атуліў
Нас вершаванымі радкамі.
Наступны Зэкаў – ох, васцёр!
Ён месц патапаўскіх музыка.
Той больш спрытнейшы, больш хіцёр,
Плёў вершаванкі, нібы лыка.
І да жанчын, відаць, мастак.
Спяшаўся ў лазню надвячоркам,
Дзе праз адтуліну, ў пятак,
Глядзеў у зал жаночы зорка.
Там за жанчынамі сачыў
Цераз адтуліну у брамцы,
Ды выпадкова прылажыў
Язык гарачы к мёрзлай клямцы.
З тае пары пачаў пісаць
І слаць лісты – нібы прарвала,
Бо лазня тая, як відаць,
Дала яму зусім не мала.
А спеў Атрошанкі, а верш, –
Як гэта шчыра, як прыгожа!
Я ж гэта дзіва бачыў ўперш,
Нібы ў Крамлі сядзеў, у ложы.
Міронаў сціпла, ні аб чым,
Але ж як быццам пра каханне.
А ў галерэі рад карцін
Знайшлі і попыт, і прызнанне.
Былі яшчэ два спевакі,
Іх галасы – ў вушах дагэтуль.
У песнях тых і плынь ракі,
І мірны лёс усёй планеты...
Штось меркаваў карэспандэнт.
Фатограф шчоўкаў акулярам.
Галоўным быў жа аргумент,
Што не прайшла сустрэча дарам.
І фотасесія тады,
Здымалісь, праўда, болей зоркі...
І так хацелася вады,
Бо прысмак быў у роце горкі.
Адмежаваліся ад нас,
І не гукнулі, каб здымацца.
Сцэнар, відаць, быў напаказ,
Таму чаго ж нам абурацца?..
Ну вось і ўсё, мае браты.
Іх павялі да рэстарана,
А мы збянтэжана тады
Адчулі: нам абедаць рана.
Гарбаты б кубачак якраз,
Напрыканцы, на развітанне,
Але было ім не да нас,
Вось так і скончылась спатканне.
Але не прыкра нам зусім,
Бо сапраўды – такое свята!
А што расказваю аб тым –
Дзялюся радасцю заўзята!

СЦЯЖЫНКА ДА ДОМУ.
Не губляйце сцяжынку дадому,
Што вядзе на бацькоўскі парог.
Не жыве там ніхто, і, вядома ж,
Час дагэтуль старых не збярог.
Свеціць сонейка ў гэтых ваконцах,
Палымнеюць яго прамяні.
Ды звяртаюцца думкі бясконца
Ў месцы тыя, дзе колісь жылі.
Прыязжайце і ўлетку, і ўзімку,
Каб не быць хаце той сіратой.
Там блішчаць і чаромхаў касынкі,
Там гаючы паветра напой.
І салоўка там досвітак будзіць,
Як і колісь будзіў на зары.
Ды такія сардэчныя людзі
Сустракаюць у кожным двары.
Не губляйце сцяжынку да хаты,
Бо яна, спалучаючы лёс,
Прывядзе вас да мамы і таты,
І да тых прыгажуняк – бяроз!

МЕЛОДЫЯ СЭРЦА
Беларуская мова – мелодыя сэрца,      
Бо за сэрца трымае яна ўсё мацней!    
Вось і чэрпаем мы з той крыніцы вядзерцам
Той гаючы напой для сябе і людзей.    

«Мама – первое слово», і першае – маці,
Што ты вымавіў некалі ў роднай сям’і...
Зноў яно жаўруком будзе ў небе спяваці,
Белаватым туманам ляжаць на раллі.    

І прытуліцца дзень надвячоркам ад стомы
Да высокіх ялін, і куды ні зірні –      
Заспяваюць жанкі, і матывам вядомым    
Будуць поўніцца зноў тыя ў памяці дні. 

Мы да роднае мовы звяртаемся рэдка,    
Але час той надыдзе, каб зноў зразумець:
Як ні вабіла б нас прыгажуня-суседка,   
Але жонку сваю побач хочацца мець.      

Чую, чую аднекуль лагодныя словы,      
І падтрымка сяброў зноў за сэрца кране.
Будзе жыць Беларусь, покуль родная мова,
Як матуля, вітае цябе і мяне!

ТРЭБА ЖЫЦЬ
Звіняць званочкі дзень які
У вёсцы тут – каля ракі.
Жанкі спяваюць – славяць лёс,
Сярод жніўя, сярод бяроз.
І нібы маці зараз тут,
Ды родны мой бацькоўскі кут.
Але, з нядаўняе пары, –
Там не чакаюць нас двары.
Няма ўжо вёскі. Час мінуў –
Я сіратой сябе адчуў,
І песня ўзнёсла не гучыць.
Звіняць званочкі – трэба жыць...

СА СВЯТАМ, ХЛЕБАРОБЫ!
Вось і Свята прыйшло ў нашы хаты,
Да цябе, гаспадар на сяле, –
Хлебароб: сейбіт ён і араты, –
Той, чый хлеб кожны дзень на стале.
Гэта ты, калі сонейка ўсходзіць,
Дзесьці ў полі і сееш, і жнеш.
Дзякуй Богу! – зямелька ў нас родзіць,
Бо ты талент ёй свой аддаеш.
Зелянеюць без краю палеткі,
А над імі буслы – добры знак.
Сёння Свята – табе дораць кветкі,
І ад нас шмат сярдэчных падзяк!
Не – нялёгкай была гэта праца:
Рукі з кветкамі зноў ў мазалях,
Але кажаш, што нельга іначай,
Кожны з нас выбірае свой шлях.
Я віншую цябе з гэтым Святам
І шаную нялёгкі твой лёс!
Хай жа шчасцейкам поўняцца хаты,
Што пад шатамі белых бяроз!

ДА 140-ГОДДЗЯ
Я. КУПАЛЫ I Я. КОЛАСА
Паміж пустак, балот беларускай зямлі...
І ў краінах, што нават за морам,
Добра ведаюць: ёсць ў Беларусі сыны,
Што пазналі з ёй шчасце і гора.
Да яе, як да маці, ішлі на паклон,
З ёй у бойцы былі і ў галечы.
З ёю сеялі збожжа і лашчылі лён,
Як з каханай чакалі сустрэчы.
І Купала, і Колас – яе верасы!
Шмат прычын ёсць таму успаміну,
Бо да гэтага часу чуваць галасы,
Што сваю ўслаўляюць Радзіму!
Я з пытаннем да іх: як адолець нам шлях?
За парадай звяртаюся ў творы...
Васількамі блішчаць тыя вочы ў палях,
І усмешкі іх дораць нам зоры!

АБУДЖЭННЕ
Апошні снег – каля хлява і брамкі,
Дзе не бывае сонейка амаль,
Дзе пад страхой знайшлі прытулак санкі,
Бо іх змяніла колаў летніх сталь.
Дзе сушыць ветрык леташняе лісце
І ўжо з цяплом жыццё імкнецца быць.
З-пад снегу крокус зноў шукае выйсце,
Аб халадах спяшаецца забыць.
Але вясна – нібы дзіця ў калысцы,
То усміхнецца, то заплача зноў.
Ды зранку дзьмуць паўночныя вятрыскі –
З сівой зімы сярод яе снягоў.
Цяплом сваім прыткнецца да сумёта,
І раўчукі апоўдні лёд крануць.
І пабягуць, і, будзячы самоту,
Па-веснавому звонка загудуць.
Апошні снег – хвіліны развітання,
Птушыны гоман – іх лагодны спеў.
І у паветры – пачуццё кахання.
То кожны з нас вясну сваю сустрэў!
*******
СА СВЯТАМ 8 САКАВIКА
Вясновы дзень пяшчотай лашчыць травы,
Яскравым сонцам неба зіхаціць.
І сярод лужы, бы хлапец чарнявы,
Як вугаль чорны, зранку грак стаіць.

Птушыны гоман гарадскіх кварталаў
Гучыць сваёй мелодыяй вясны.
І ціхай песняй звон плыве металу –
З царквы,  што  звоніць гучна ў званы.

Вязуць цюльпаны, кветкі з Амазонкі,
З далечыні і архідэі куст.
Вязуць мімозы з цёплай той старонкі,
Каб задаволіць самы строгі густ.

«З жаночым святам!» – кажуць зноў мужчыны
І выбіраюць кветкі па ярчэй.
Якое ж свята ўвесну без жанчыны,
Без іх прыгожых, ласкавых вачэй?!



ЛЯ РОДНЫХ МАГIЛ
Ля родных магіл нібы час супыніўся,
Раптоўна спыніўся і лёсу адлік.
На помніках дата, калі нарадзіўся,
I дата, калі з небасхілу ты знік.
Ляжаць тут бацькі, нібы толькі са шлюбу,
Дый так засталіся пад гэтай сасной.
I маці ўсё кажа: "Найлепшы мой любы",
А бацька ў адказ: "Толькі разам з табой".
А трохі далей – пахавана бабуля,
Спявае прыгожа – кудзельку прадзе.
Ды ў госці да іх прылятае зязюля,
Часцей тут бывае, кажу, як нідзе.
І донька, тут разам, ільне да бабулі,
Даведацца хоча аб тым, што было.
Памерла маленькай… Мы гора адчулі,
Ды ўсе паспыталі, якое яно...
Прыбралі магілкі, паставілі кветкі,
З прыгожым узорам на крыж рушнічок.
Ужо зелянеюць травою палеткі
І бэз распускае блакітны вянок.
Але развітацца прыходзіць патрэба.
Пакрочым, бо ёсць яшчэ клопат зямны.
Глядзяць, не мігаючы, родныя ў неба,
Ды недзе галосяць па ўмерлых званы...

САКАВIК
Пах вясны і вербаў абуджэнне,
Жаўтаватых коцікаў пушок.
Калі ўсе развеяны сумненні,
Калі спіць на печы кажушок.

І бяжыш, амаль што распрануты,
Сонцу падстаўляеш з ганку твар.
А ў сэрцы, цеплынёй кранутым,
Пачуцця займаецца пажар.

Маці ўслед: «Куды цябе панесла?!
Апранайся як мага хутчэй!»
А самой нібыта стала цесна,
Крочыць да адчыненых дзвярэй.

Вось яна, вясна – надзеяй крочыць,
Раўчукамі – па нізах бяжыць!
Поўняцца слязой ад шчасця вочы,
Ад таго, што хораша нам жыць!


РЭЦЭНЗIЯ
Красуе верш цудоўнымі радкамі,
Бо талент ёсць – кажу яшчэ які!
Сваімі ганаруся землякамі –
Яны спяваюць, нібы жаўрукі.

І песні тыя чуем мы спрадвеку,
Дзе родны кут, дзе ліп і бэзу пах,
Дзе ёсць, бадай, у кожным чалавеку
І талент той, і велічны размах.


СВЯТЛО ПАЧУЦЦЯ
Святло яскравае пачуццяў,
З дзяцінства самых дарагіх,
Дзе першы раз сумеў адчуць я,
Як песня маці вабіць слых.
Як бацька мерна крочыць следам,
Ідзе за конікам услед,
Арэ зямельку разам з гнедым,
А я нясу яму абед.
Як кнігі мне дапамагалі
Свет гэты белы пазнаваць.
Бацькі на досвітку ўставалі,
Я ж толькі-толькі клаўся спаць.
Чытаў усё – як апантаны.
Казала маці: "Сын расце.
Збан малака ды хлеб духмяны,
Мо занач з кнігай паясце?"
Чытаў і марыў вельмі многа,
Вучыўся ў школе і далей.
Святло яскравае ад Бога
Я адчуваў сярод людзей.
Казаў сабе – цябе сагрэлі,
Дык не забудзь аддаць даўгі.
Святло душы ў канцы тунэля –
Тым, хто быў сэрцу дарагі!



ЯДНАННЕ ДУМАК
Сустрэч чаканне сэрца поўніць зноў, 
Збярэ праз месяц нас бібліятэка,    
Дзе ветлівыя позіркі сяброў,         
Дзе кнігі вабяць думкі чалавека.
      
Збярэ жанчын – у кожнай розны лёс,   
Ды як адна, густоўна ўсе адзеты.    
Нібы галлё яны з сівых бяроз,       
Што зелянее на пачатку лета.         
      
Гляджу на іх – чужое мне жыццё,      
І думкі – нібы ў полі разнатраў’е.   
І што дае мне гэта набыццё,         
Якое вершам я пяю і слаўлю?!         

Мы з тых часоў – мы ўсе з эпохі той,
Што адышла, як лісце абляцела.      
Дзе колісь звалі нас адной сям’ёй,   
Дзе Ільічова лямпачка гарэла...      

Вось і прышлі сюды мы нездарма,      
У гэты храм, які заўсёды з намі.    
Дый месц бліжэй, бадай, ужо няма,   
Што для душы мы выбіраем самі       
.
Чытаем вершы – шмат іх ёсць у нас,
Натхнёна песні дзён былых спяваем.
Тут, сярод кніг, спыніўся нібы час,
Ці, можа, думкі мы свае яднаем?
  * «Волшебная Муза» – литературный кружок при библиотеке им. И. Мележа г. Гомеля.

Аб гэтым і аб тым
Пішу аб гэтым і аб тым,
што мне бліжэй адно другога.
Паміж бярозак і ялін
жыцця майго лягла дарога.
Зусім маленькі, як шчаня,
што ў бок штурхае носам мамку,
шукаў тут лёс шчаслівы я,
адкрыўшы ў свет аднойчы брамку.
Пайшоў туды, дзе кветак пах,
дзе лес шуміць, дзе рэчка ўецца,
дзе над зямлёй крылаты птах
і плача, быццам, і смяецца.
Прайшоў уздоўж і папярок
мясціны родныя – пабачыў,
як жыта вяжуць у снапок
пад сонцам жнівеньскім гарачым.
І як камбайны па жніву,
бы караблі, плывуць па моры,
а я за імі ўслед бягу –
як песня, іх гучаць маторы.
Мне тых сцяжынак не забыць,
іржышча тое, дол калючы,
бо так хацелася там жыць,
паветра  водар піць гаючы.
Пішу аб гэтым і аб тым,
падзякай поўняцца ўспаміны,
сваіх пачуццяў пілігрым
і каласок сваёй Айчыны.

 Гармонік.
/па матывах верша К. Сіманава "Слепец" (1943г.)/
У старога гармоніка лад хрыплаваты,
Пераборы яго па вагону плылі.
То сляпы гарманіст, без віны вінаваты,
На гармоніку іграў песні роднай зямлі.

Ён паранены быў недзе пад Маладзечна,
Страціў зрок свой на той, на мінулай вайне.
Са шпіталя пакрочыў па свету сардэчны,
Толькі вочы заплюшчыў сляпыя свае.

Той гармонік Расія яму даравала,
З ім пакінула побач, нібы ў забыцці.
То яна ў далячынь яго благаслаўляла
І шляхі тыя зычыла з верай прайсці.

Крочыў шляхам ён тым, што быў дадзены лёсам,
Спрабаваў і з калецтвам змірыцца хутчэй,
Але беглі нястрымана горкія слёзы
З невідушчых свет белы, закрытых вачэй.

З дапамогай спяшаліся людзі ў дарозе,
Як маглі, ветэрана яны бераглі,
Селянін, калі трэба, падвозіў на возе,
А жанчыны ўздыхалі і  слёзы лілі.

Вёз вагоны цягнік праз Сібір і салдата,
Праваднік дапамог доўгі шлях перажыць.
А калі ён зайграў, было дужа багата
Той на сэрцы тугі – можна розум згубіць!

Праз хвіліну не чутна ў вагоне гаворкі,
Толькі грае гармонік, кранае матыў,
І вагон у журбу пагружаецца цвёрды,
Нібы нехта да сэрца агонь прытуліў.

Узяла іх за рукі нібыта Расія,
Тыя гукі пачуўшы, павяла, а яны –
Папялішчы ўбачылі, як галасілі
Там жанчыны, а недзе гудзелі званы.

Маці плакалі там, дзе былі папялішчы,
Дзе быў попел развеяны  спаленых хат.
Яны дзетак шукалі, а вораг іх знішчыў,
Разам з імі заплакаў калека салдат.

Можа, там яны недзе, дзе лугі і пагоркі,
Дзе ваўчыная зграя аднойчы прайшла.
Можа, там, дзе ў прасторы ўглядаюцца зоркі,
Ці ў раўнінах, што снегам зіма замяла.

І ляжыць там сынок, у грудзях яго рана,
Пад ракітай ляжыць ён забіты штыком.
Не абмыюць яго рукі маці старанна,
Не накрые Радзіма сваім дываном.

Калі помста дзе ёсць – то туды наш напрамак,
Бо забітыя дзеткі жывых нас завуць.
З іх ахвярнай крыві, з не загоеных ранак
Гваздзікі з цягам часу з зямлі прарастуць.

Мы дагэтуль не бачылі жаху такога,
Неба, нібы, счарнела ад болю людзей…
"Пачакай, гарманіст, дзеля Бога якога
Крочыш ты ўслед  за мной, адкажы  мне хутчэй?

Біўся з ворагам я, быў паранены ў бойцы,
Акрыяю вось трохі, пайду ваяваць.
Ты сыграй, гарманіст, аб радзімай старонцы,
Каб лягчэй было гора сваё гараваць..."

Мерна поезд ідзе, вёрсты хутка мінае,
Хрыплаватыя гукі плывуць над зямлёй,
І паранены, слёзы салдат выцірае,
Рэжа хлеб папалам сваёй цвёрдай рукой.


Спатканне
Што ні кажы – гады сваё бяруць.
Вось і цябе сустрэўшы, адзначаю:
Не міма нас яны, на жаль, бягуць,
Таму ёсць месца іншы раз адчаю.

Бо старасць, як казаў Алесь Бадак, –
Ужо не раз латанае адзенне,
Што састарэла на чужых плячах
Хутчэй, чым на сваіх, без выключэння.

Стаім з табой адзін ля аднаго,
Збянтэжаныя крыху, прывыкаем.
Прызнаць прызналі, ды не шмат чаго
Ад нас ранейшых мы ў абліччы маем.

Ужо імпэту як раней няма,
І пасівелі з цягам часу скроні.
Як быццам летам зноў прыйшла зіма,
І халадзеюць ад яе далоні.

Шукае позірк, дзе б прысесці нам,
Бо ногі адпачынку вельмі просяць.
Гудзе званамі на прыгорку храм,
І кнігаўкі над возерам галосяць.

Сядзім, гаворым аб жыцці з табой,
Аб днях мінулых болей успаміны.
І крочыць дзень ужо на супакой,
І да вады схіліліся лазіны.

Праводжу да прыпынку, як калісь,
І ўсхвалявана да цябе тулюся...
Зарніцай дагарае неба высь,
А я, каб добра ўсё было, малюся.

Калі
Калі ўжо песні мы пачуем тыя,
Дзе ёсць душа, дзе ў словах ёсць палёт?
Дзе вобразы мінулага святыя
Сучасным нам духоўны шлюць зварот?

Каб зноў адчуць былое хваляванне
І, не стрымаўшы радасці і слёз,
Спяшацца да каханай на спатканне
Пад шаты белых за сялом бяроз.

Згадаўшы зноў шчаслівыя хвіліны
І спеў жанок у вечаровы час,
І тое, як былі мы ўсе адзіны,
Ды кожны быў шчаслівым сярод нас.


Мо мне здалося
Яшчэ адна мінула восень,
І снежань крочыць па двары.
Але ці так? Мо, мне здалося.
Не чутна крыкаў дзетвары.

Не цягнуць хлопцы санкі з хаты,
Бо недзе снег згубіўся зноў,
І рэчкі плёс зеленаваты
Катком не вабіць хлапчукоў.

Ды што казаць – нібы сіроты
І лес, і луг, і далягляд.
Ды дабаўляе дождж слізоты
Ў халодны  снежаньскі нарад.

"Вось і мяркуй", – кажу сабе я, –
"Не тыя зімы, што былі,
Не тыя моцныя завеі,
Што дзень і ноч вакол гулі".

Даўно б збылася тая мара:
На ганак выйсці, крок зрабіць,
У срэбра вытканы абшары,
Доўгачаканы снег ляжыць.

Блішчыць на сонейку, іграе
Той снег дзяцінства – не растаў...
Змяніўся клімат – снег чакаем,
Як ён нас некалі чакаў.

Ды ў навагоднюю гадзіну,
Калі ўжо час ляжаць  сняжку,
Мінулым мрояць успаміны
Ў маім сяле, у тым баку.


Азарычы - лагер смерці
Хто забыў сваіх продкаў – сябе губляе,
хто забыў сваю мову – усё згубіў.
У. Караткевіч "Каласы пад сярпом тваім"

Аб гэтым трэба гаварыць,
Крычаць аб гэтым трэба, людзі,
Бо нельга нам таго забыць,
Ні нам, ні тым, хто потым будзе.

Сорак чацвёрты – вораг знаў,
Гадзіна блізіцца расплаты,
Акопы рыць людзей сагнаў,
На іх наставіў аўтаматы.

І працавалі, хто маглі,
Жылі надзеяй: час надыдзе,
Пагоняць ворага з зямлі,
І пазбаўленне хутка прыйдзе.

А тых, хто слабым вельмі стаў,
Старых людзей, дзяцей і хворых,
Той нелюдзь не пашкадаваў –
За дрот калючы кінуў вораг.

А потым голадам марыў,
Студзіў іх цела халадамі,
Расправу чорную тварыў:
Хацеў, каб людзі мерлі  самі...

Наўкол балота, рэдкі лес,
На ўзвышшах людзі лапнік слалі,
То дождж ішоў, то снег з нябёс,
Агні паліць не дазвалялі.

Ваду балотную пілі,
Смакталі мох – была патрэба,
І выжывалі, як маглі,
З надзеяй гледзячы ў неба.

Быў холад, голад, смерць была,
І дрот калючы замест хаты,
Ім хоць бы трошачкі цяпла,
І ежы б ім – не далі каты.

Трымалі там іх дзень які,
Дзяцей, жанчын, старых і хворых,
І снег, што выпаў уначы,
Закрыў ад тых памерлых зоры.

Яны пад снегам, іх там шмат,
Хто жыць хацеў, але не здолеў,
Каго загнаў туды прыклад,
Каму дасталася няволя.

А хто прачнуўся – знаў свой лёс,
Не сёння, заўтра стане ціха,
Апухнуць з голаду ды  слёз,
Няма ўжо сіл аплакаць ліха…

Там дваццаць тысяч палягло,
За дзесяць дзён – кроў стыне ў жылах.
За што бязлітаснае зло
Агонь жыццёвы пагасіла?!

Сядзеў ля вышкі паліцай
І нешта еў з бляшанай банкі,
Хлапчук вачыма просіць: "Дай!
Дай трошкі ежы дзеля мамкі!"

Яна ляжала, сцяўшы рот,
Ужо амаль што не жывая,
Пхнуў паліцай хлапца ў жывот,
Даеў і лыжку выцірае.

Ён банку кінуў і пайшоў,
Як гаспадар уздоўж надзела.
Хлапчук да банкі падышоў,
Падняў яе, прыціснуў к целу.

І тлушч з той банкі пальцам згроб,
Што там на сценках засталося,
Да вуснаў маці ўсё, што змог,
Прыклаў, каб толькі той жылося.

"Паеж, матулечка, прымі,
Мо палягчэе," – вусны мажа,
Ляжыць матуля ў забыцці,
І твар яе амаль што сажа.

Памерла маці раніцой,
Застаўся хлопец сіратою,
І дзесь грымела за ракой,
І дзесь жыццё ішло з вясною…

І хоць мінула шмат гадоў,
І споўніў лёс благія мары,
Мы помнім нашых землякоў,
Імёны іх усіх і твары,

Каго забілі той зімой,
Хто там застаўся на балотах,
Мы будзем памятаць з табой,
Бо тут зямлі маёй журбота.

Дзе зараз лес стаіць сцяной,
Ды плача недзе перапёлка,
Яны чакаюць нас з табой,
А над Палессем зноў вясёлка.

Нашы Зоркi
Калі б я не жыў дзеля вас
І з вашым імя не будзіўся,
Я марна патраціў бы час
І вельмі ў жыцці памыліўся.

Ды гэта, ужо праз гады,
Кажу так упэўнена, строга.
Тады ж, калі быў малады,
Аб гэтым не думаў нічога.

Сцяжынкі вялі да сустрэч,
А вопыт прыходзіў з гадамі.
Адны адыходзілі прэч,
Другіх мы пакінулі самі.

І вось тая зорка ўзышла,
Нязгасна гарыць над зямлёю!
Праменьчык цяпла і святла,
Што я называю маёю!

Мы сёння віншуем жанчын
І кветкі ім дорым з душою!
А зоркі глядзяць на мужчын
І ззяюць жаночай красою!

Даруйце
Калі пачуццяў не стрымаць,
І часу бег не замарудзіць,
Мне вельмі трэба вас спытаць:
"Мо, што не так рабіў я, людзі?
Каго зняважыў, мо, калі,
Альбо пакрыўдзіў чым між волі?
Даруйце ўсё мне пры жыцці,
Сустрэўшы недзе ў чыстым полі.
Я буду там, паміж хлябоў,
У каласах шукаць натхненне,
Блакітам поўніць васількоў
Мае і гонар, і сумленне.
І там, дзе голлем гай шуміць,
Дзе збажыны нябачна краю,
Я буду доўга, доўга жыць,
Бо шмат чаго сказаць вам маю!"
 











 

 

 
 


Рецензии