Са свайго нататнiку
Дзесьці месяц жне калоссе,
Не шкадуючы зусім.
Як калісьці… Пачалося.
Дзьме раз'юшаны хамсін.
Не ў Ізраіле. Паблізу.
Пераблытаўшы рамсы.
Здзек усмешкі Моны Лізы.
Бляск бязлітасны касы.
Прагнуць помсты, хто ў аблозе.
Воўк скугоча ў гушчары.
Хтосьці ў прыцемках галосіць:
– Стрэльбы, хлопчыкі, бяры!
2.07.2025
2. «Дзень Незалежнасьці»
Незалежнасьць… Каго?! Ад чаго!?
Ад Улады, ці пэўнай істоты?
Воўк галосе, шчабеча шчыгол.
Без усякай аглядкі на ноты.
Чалавеку ж патрэбен Указ.
Ягамосьця, што зверху, пазыка.
Зь ёй гарэза пазьбегне параз,
Бо ніхто не саб'е з панталыку.
3.07.2025
3. «Заўтра дача…»
Заўтра дача нас чакае.
Шпарка Ліпень пакаціў.
Час гуляе чарапамі.
Знаўцы ладзяць наратыў.
Што адбудзецца?! Крый Божа
Бойка з плынямі крыві.
Нехта ўрэшце дапаможа.
Міру з’явіцца прывід.
Ненадоўга, як звычайна.
Ледзь – абраным на жыццё.
Ды даруйце, выбачайце! –
Бо не хопіць колькі дзён.
А пакуль што – проста Ліпень.
Проста дачы хараство.
Час зьбягае без уліку
І хаваецца за створ.
3.07.2025
Свидетельство о публикации №125082202260