Рэпетыцыя

"Яна ў сорак (з хвосцікам) выглядала можа на трыццаць, ён – наадварот.
Але гэта яны заўважылі потым. А тады…

Тады было сонца, мора, пляж – доўгачаканы водпуск. І падчас яго так дарэчы маленькі курортны раман…

Адно – з памерамі яны “прамахнуліся”: думалі – раз’едуцца па сваіх гарадах, і ўсё скончыцца. А выйшла інакш: ледзь не кожны вечар тэлефанавалі адзін аднаму. А ён дык яшчэ і за моду ўзяў на выхадныя, на святы прыязджаць альбо яе да сябе выцягваць. І ў адпачынак разам (чаму ж не – калі абое людзі вольныя: у разводзе). Атрымліваецца, у іх – як бы шлюб, хоць гасцявы.

Праўда ён мог стаць сапраўдным. Ён прапаноўваў. Гэта яна адмаўлялася. Баялася, хавалася то за дзяцей, яшчэ неўладкаваных, то за матулю, як быццам старую і хворую… Галоўнай жа прычынай быў злашчасны ўзрост: яму на адзінаццаць гадоў меней. Значыць, не сёння-заўтра ў яго магла з’явіцца іншая, куды маладзейшая.
А ён, падобна, і не збіраўся яе кідаць!

Не так даўно, прынамсі, у чарговы раз зрабіў прапанову, больш за тое – прымусіў не проста падумаць, а паспрабаваць пераехаць і пажыць з ім. Яна згадзілася на “рэпетыцыю”.

Праз тры тыдні вярнулася дамоў. Болей, - прызналася, - проста  не змагла.
Не змагла шмат чаго. Ну па-першае (хоць салому ем ды фасону не губляю), хадзіць на высокіх абцасах і без акуляраў; мераць ціск крадком, піць таблеткі гэтак жа, прачынацца на шмат раней, каб не ўбачыў без прычоскі ды макіяжу, лажыцца – пазней, каб ён добра заснуў (яна ў апошнія гады – дзеці казалі – стала пахрапваць), спаць у непрывычнай піжаме…

- А дома – ну як ажыла! – расказвала са смехам. – Прыехала, у ванну залезла, выкупалася, потым ручнік на галаву, халат на плечы – і на канапу… Ну які ўжо замуж? Дзе мне будзе лепей?

…Бацькі, значыць, праўду казалі: “Еш з голаду, любі  змоладу”.  Ды не ўсім так шчасціць.."


Валянціна Доўнар


Рецензии