Чорны бусел
леанід ПРАНЧАК
Рэквіем
Сорак першы год далёкі...
Як свінцовыя аблокі.
У мышыным шынялі
Цыбаты немец.
Незагойны аніколі
Боль вайны і жудасць болю.
Папялішчаў дым гаркавы.
Страх і немач...
Маладзенькага сыночка
(“Ой, чаму ў мяне не дочка?”)
Аддавала маці сына
У салдаты.
Галасіла, гаравала,
Як ад сэрца адрывала...
Зруйнаваў жыццё і мары
Час пракляты.
А за лесам, за ракою
Не жыты, а поле бою,
Свішчуць кулі,
Б’юць гарматы,
Кроў ліецца...
Там вайна жніво ўчыніла,
Поле – брацкая магіла...
Плача маці.
На кавалкі сэрца рвецца.
Каля веснічак стаяла,
Галасіла, прычытала:
Наступіла
Лёсу чорная гадзіна,
Каб не згасла ў небе сонца,
Ты, мой мужны абаронца,
Я цяпер табе
І маці і Радзіма.
Гаварыла-прамаўляла,
Цалавала, абдымала:
Камянелі словы
Жаласцю на вуснах...
– А ўпадзеш на полі бою,
Засланіўшы свет сабою,
Прылятай дамоў вясною
Чорным буслам.
І бярозы і таполі,
Зашумелі буйным голлем,
Неба плакала
З адчаю і самоты.
На вайну,
На бой зацяты
За сваю зямлю і хаты
Ён пайшоў і там застаўся
Назаўсёды.
Сорак першы год далёкі...
Як свінцовыя аблокі.
У мышыным шынялі
Цыбаты немец.
Незагойны аніколі
Боль вайны і жудасць болю.
Папялішчаў дым гаркавы.
Страх і немач...
Адгрымелі навальніцы.
Вызваленне. Перамога.
Ліхалецця час мінуў,
А сэрца ў скрусе.
Кожнай ранняю вясною
З той вайны, бы з полю бою,
Прылятае на Палессе
Чорны Бусел.
Чорны-чорны, як асмалак,
Сэрца вырваны кавалак.
Вечна сумны і гаротны,
Нелюдзімы.
Чорны бусел – на гняздоўі
Ад Бярэсця да Нароўлі
Вечны боль
Маёй няскоранай Радзімы.
10.08.2024
10.08.2025
Свидетельство о публикации №125081003091