Жнивень

Жнівень заўсёды быў нейкі своеасаблівы…

 Сёння ён пахне марамі, якія не спраўдзіліся. А тады, больш за тры дзесяцігоддзі таму, адчувалася, як у паветры блукае водар белага наліву і зялёных лапухоў тытуню, змешанага з пахам скошанай травы…

Ад цемных бярвенняў сцяны хлява да жоўтых рэек вагонкі на  хаце пругка нацягнуты некалькі радкоў вяроўкі. Бабуля тут сушыць бялізну. Летам гэтыя радкі запаўняюцца амаль поўнасцю. З адчыненых вокнаў даносіцца звонкі смех унукаў і абрыўкі перадачы ”Іграй гармонь”…
А з веранды ідзе духмяны пах піражкоў с чарніцамі. Хутка ўпрыгожыць стол капа найсмачнейшых караблікаў з мудрагелістай касой наверсе. Так выпякала толькі яна, наша бабуля.

На лаўцы, ля кустоў чырвоных парэчак , сядзіць дзядзька . У руках гармонік. Жылістыя пальцы заліхвацкі перабіраюць клавішы… НадзIмаюцца мяха, і ўвысь, да галінак разгалістай бярозы, нясуцца меладычныя гукі…
 
Дзед акуратна замотвае ногі парцянкамі, нацягвае кірзавыя боты і спяшаецца з дому. Спачатку нешта корпаецца ў сваёй прыбудоўцы, перабіраючы нейкія жалязячкі, старанліва пакладзеныя ў металічныя банкі ад селядца. А праз хвіліну паветра рассячэ звонкі гук бруска аб ляза касы…

 Раніцай шкляную сцяну тумана патрывожаць дзве постаці- тата і дзядуля. Па-гаспадарскі, закінуўшы косы на плячо, яны рушаць ў бок дзялянкі на Ярашова. У торбе бутэлька свежага малака , сала і акрайчык хлеба…

Сабака хаваецца ад жары ў буду.
Заўтра гэты кудлаты памочнік пайдзе дапамагаць пасці кароў.
Побач важна ходзіць певень. Без яго спеваў не абыходзіцца ні адзін ранак. Трашчаць ад спеласці слівы венгеркі. Падаюць у траву, спачатку парушыўшы цішыню сваім “хрусь” аб крышку рукамыйніка, які старанліва прымацаваны да ствала той самай слівы.

Жнівеньскае сонца яшчэ спіць, злёгку пацягваючы промні… Ты верыш , што ўсё яшчэ наперадзе: надзеі, мары і вера…што ўсё будзе добра… Побач з табой такія родныя і блізкія людзі. Што яшчэ трэба?!
Толькі ўдыхаць на поўныя грудзі водар жнівеньскіх дзён, якія потым на доўгі час застануцца ва ўспамінах…;

Жнівень заўсёды быў нейкі своеасаблівы…


Рецензии
Такія добрыя,пяшчотныя ўспаміны, што за сэрца кранаюць!
Дзякуй,Сняжана!
З павагай і ўдзячнасцю

Екатерина Дикалова   10.11.2025 17:56     Заявить о нарушении