Шлях да вострай брамы
леанід ПРАНЧАК
Адвячорак позні
Прахалодай стыне,
Кропляй дажджавою
Прыцемак дрыжыць.
Я стаю на Вежы.
Па-да мною Вільня,
А над Вільняй –
Птушкі, зоры і крыжы.
Прамільгнулі хмары
У прасторы сіняй,
Сціхла ў гушчах бэзу
Песня салаўя…
Прывітанне, Вільня!
Мрой бяссонных Вільня!
Тая, пра якую
Столькі марыў я!
Цені дзён мінулых
Ля муроў чырвоных.
Светла ад спаткання
Пад крылом вясны.
Ажываюць здані,
Постаці, імёны
Чую ў цесных вулках
Продкаў галасы.
Велічны Купала,
Багдановіч юны,
Горды і нязломны
Малады Кастусь,
Караткевіч крочыць
Стомлены і сумны,
Сергіевіч піша
Мрою-Беларусь…
Шлях да Вострай Брамы
Мне пакажуць зоры.
Над пустынным пляцам
Тапаліны пух.
Тут жыве няўлоўна
У журбе і ў горы,
Быццам водар бэзу,
Беларускі Дух!
06.06.2022
03.08.2025
Свидетельство о публикации №125080302925